У якіх сёлета гарадах адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova? Арганізатары аб’явілі даты і месцы

Сталі вядомыя час і месца правядзення сёлетняй эдыцыі фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova.

Напярэдадні падзеі форум ладзіць галасаванне, у якіх гарадах мусіць адбыцца чарговая эдыцыя фэсту. Гэтым разам перамаглі Вільня, Прага, Познань і Варшава.

Даты вандроўнага фэсту наступныя:

  • Вільня – 10-12 кастрычніка,
  • Прага – 24-26 кастрычніка,
  • Познань – 7-9 лістапада,
  • Варшава – 21-24 лістапада.

Таксама арганізатары не забыліся на анлайн-версію падзеі, якая будзе ладзіцца з кастрычніка па лістапад.

Сёння аб’яўлены і прыём заявак на ўдзел у праграме.

Фестываль звяртае ўвагу, што адкрыты не толькі для літаратараў і выдаўцоў, але таксама для музыкантаў, мастакоў, дызайнераў, тэатральных калектываў, усіх, хто працуе з беларускай культурай — у тэксце, вобразе, гуку, руху, думцы.

Заяўкі прымаюцца да 30 ліпеня.

«Давайце сустракацца і натхняць адно аднаго», – звяртаецца да публікі каманда фэсту.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova – гэта незалежная культурная падзея, што яднае сучасную беларускую думку, слова, вобраз і рух. Фестываль стаў ужо традыцыйным месцам сустрэчы выдаўцоў, аўтараў, перакладчыкаў, мастакоў, дызайнераў, даследчыкаў, музыкаў, тэатральных творцаў і, вядома, чытачоў.

У праграме – прэзентацыі кніг, дыскусіі, літаратурныя чытанні, канцэрты, перформансы, аўтограф-сесіі, майстар-класы і мноства іншых фарматаў, прысвечаных вольнаму мысленню, творчасці і культурнаму выказванню.

Фэст Pradmova ладзіцца ў Беларусі з 2018 года. У выгнанні форум адбудзецца ўжо ў чацвёрты раз.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!