Фота: belta.by
У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі падчас круглага стала «Актуальныя праблемы даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі Крэўскага замка», эксперты прадставілі вынікі апошніх археалагічных работ, а таксама распавялі якім стане Крэўскі замак пасля завяршэння работ.
Нагадаем, што падчас археалагічных даследаванняў Крэўскага замка, унікальнага помніка абарончага дойлідства пачатку XІV стагоддзя (паводле іншых меркаванняў — канца ХІІІ), на працягу некалькіх археалагічных сезонаў, былі зроблены важныя адкрыцці.
Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае ў плане трапецыю з дзвюма вежамі па вуглах, аднак раскопкі паказалі, што структура замка была больш складанай, разнагалінаванай і больш функцыянальна насычанай. У праватнасці, былі знойдзены рэшткі трэцяй вежы, раскапаны контур збудавання з магутнымі падмуркамі і скляпеністымі перакрыццямі. Побач была выяўлена малая ніжняя брама. Часаныя камяні дазволілі дакладна вызначыць яе габарыты, а знойдзеныя па баках збудаванні сведчаць пра сістэму яе абароны.
Першы этап рэстаўрацыі замка, мэтай якога было захаванне аўтэнтычных фрагментаў, якія дайшлі да сучаснасці, завершаны. Па словах начальніка аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяны Ражавай, цяпер перад спецыялістамі стаіць новая амбіцыйная задача: «Мы хочам зрабіць замак не проста каменнымі сценамі, а жывым аб’ектам, дзе турысты змогуць адкрыць для сябе шмат новага. Наша мэта — каб Крэўскі замак працаваў на развіццё гісторыі і патрыятызму. Мы запрашаем экспертаў да сумеснай працы над стварэннем музея, які неўзабаве павінен з’явіцца ў Крэве», — паведаміла прадстаўнік райвыканкама.
Архітэктар праекта Алена Карлёнак расказала, што будаўніча-мантажныя работы плануецца зявяршыць да канца бягучага года. Адразу пасля гэтага паўстане задача музеефікацыі памяшканняў і стварэння пастаяннай музейнай экспазіцыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram