«Гэты раман — нязьменна дасьціпны, вельмі асацыятыўны, з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!» — так пра новую кнігу беларускага-брытанскага аўтара Вала Клемэнта напісаў у сваёй рэцэнзіі Уладзімір Арлоў. Сёння новае выданне Gutenberg Publisher даступнае на сайце беларускага еўрапейскага выдавецтва.
Геня Руд, галоўны герой рамана, нарадзіўся ў Менску і палову жыцця пражыў на Круглай плошчы (цяпер плошча Перамогі). Ад “Дзюшэса” да цукерак “Чырвоны мак” – усе радасці савецкага дзяцінства былі яму даступныя, адрозна ад магчымасці проста адкрыць візу і паехаць у капіталістычны свет. Але вось ён ужо п’е India Pale Ale недзе ў ваколіцах Trafalgar square і прапаноўвае нам усім аптымістычна глядзець у будучыню: аднойчы ён ужо назіраў, як разваліўся сімбіёз выпраўленча-працоўнага лагера з казармай і калгасам, — распавядае выдавецтва пра твор новага літаратара.
Уласна, пра аўтара:
«Вал Клемэнт нарадзіўся пад псэўданімам Васіль Еўдакімаў у 1957 годзе ў Менску ў сям’і выкладчыкаў ВНУ. Пасрэдна вучыўся ў школе, займаўся плаваньнем, а ў вольныя хвіліны пасьвіў аблокі.
Пасьля сканчэньня школы паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, калгаснае права ды іншыя карысныя навукі.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, па разьмеркаваньні трапіў на працу ў органы пракуратуры гораду Менску. Праз пэўны час аўтар з палёгкаю разьвітаўся з пракуратурай, а пракуратура з палёгкаю разьвіталася з аўтарам.
Зь сьвету правапарушальнікаў і праваахоўнікаў Вал Клемэнт вярнуўся ў храм адукацыі і выхаваньня, паступіўшы ў асьпірантуру пры БДУ. Абараніў дысэртацыю на званьне кандыдата юрыдычных навук і ўладкаваўся выкладчыкам на родны юрфак. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну зь вядучых юрыдычных фірмаў Вялікай Брытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасьць набыць досьвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы сьвет. Гэты сьвет ён глядзіць і дагэтуль. Жыве ў Лёндане».
Вядома, штот на працягу нейкага часу Вал Клемэнт як Васіль Еўдакімаў кіраваў працамі Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі, а да мінулага года ўзначальваў Англа-Беларускае Таварыства. Цяпер з’яўляецца намеснікам старшыні гэтай арганізацыі.
«Калі дарослы чалавек, юрыст, эмігруе ў чужую краіну, з цалкам іншай сістэмай права, мовы якой не ведае – у яго ўсё можа скласціся добра. Як у героя кнігі Вала Клемэнта», — анансуюць працу аўтара Gutenberg Publisher.