На першым плане — танк, за ім — помнік генацыду і тупік. Так будзе выглядаць Плошча Паўстання ў Гомелі ўжо ў наступным годзе. Газета Гомельскага аблвыканкама «Гомельская праўда» распавяла, што месца для помніка выбралі гамяльчане на грамадскім абмеркаванні, але яго насамрэч не было.
Цяпер прапагандысты раённых газет пераконваюць жыхароў Гомельшчыны прыняць актыўны ўдзел у суботніку на збор сродкаў для стварэння помніка «генацыду» ў Гомелі. Атрымліваецца так сабе, — піша выданне «Флагшток» і распавядае, якія праблемы ёсць у гэтай ініцыятывы.
Адсутнасць грамадскага абмеркавання
У гамяльчан не было магчымасці паўплываць на архітэктурнае рашэнне помніка. Элементы дэмакратыі былі зведзены да выбару месцазнаходжання помніка і толькі для падпісчыкаў тэлеграм-канала старшыні Гомельскага гарвыканкама. Там было прапанавана выбраць устаноўку помніка па ўжо існуючым эскізе сярод дзвюх лакацый: у скверы каля фабрыкі «8 сакавіка» або на плошчы Паўстання за танкам.
Грамадскае абмеркаванне — гэта афіцыйная працэдура, якая праводзіцца па рэгламенце, устаноўленым заканадаўствам. Але прапагандысты назвалі гэтым тэрмінам звычайнае апытанне ў тэлеграм-канале. На «абмеркаванне» выносіліся толькі два варыянты адказу, без візуалізацыі.
Гістарычныя падтасоўкі
Устаноўка помніка прывязаная да размяшчэння лагера савецкіх ваеннапалонных. Падчас нацысцкай акупацыі з-за жахлівых умоў там загінулі каля 120 тысяч чалавек. Але яны з’яўляліся прадстаўнікамі народаў Савецкага Саюза: беларусаў, украінцаў, казахаў і шматлікіх народаў РСФСР. Іх усіх немагчыма залічыць у ахвяры «генацыду беларускага народа».
Бяздарны праект
Варыянт рэканструкцыі плошчы Паўстання выклікаў шмат пытанняў да праекціроўшчыкаў. Праект таксама не выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Калі ліквідацыю паркоўкі вакол помніка танка адпавядае сусветнай тэндэнцыі да памяншэння прысутнасці аўтамабіляў у горадзе, то планіроўка меркаванага сквера выклікала здзіўленне. Праекціроўшчыкі Гомельграмадзянпраекта стварылі сквер спецыяльна для мемарыяльных мерапрыемстваў. Праз гэты сквер будзе немагчыма прайсці да стадыёна, ён мае адзін адзіны ўваход і па сутнасці з’яўляецца тупіком.
Фінансаванне праекта
Стварэнне праекта сквера было ўключана ў кошт стварэння праекта рэканструкцыі найбліжэйшай цеплатрасы РУП «Гомельэнерга». Такім чынам, гомельскія энергетыкі былі вымушаныя аплаціць няпрофільныя работы па праектаванні новага сквера на плошчы Паўстання. Для гэтага будзе выдаткаваная сума ў памеры 127 695 беларускіх рублёў.
Агульны кошт праекта не называўся. Зыходзячы са штогадовай традыцыі будаўніцтва мемарыяльных комплексаў за сродкі збораў суботнікаў, можна меркаваць, што кошт будаўніцтва комплексу складае каля аднаго мільёна долараў. Паводле інфармацыі ТГ-канала старшыні Гомельскага аблвыканкама, на суботніку ў Гомельскай вобласці сабрана блізу 2,8 мільёна рублёў (875 тысяч даляраў).
Прымусовая праца работнікаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый
Для стварэння помніка на месцы ўтрымання і гібелі савецкіх ваеннапалонных аказалася неабходнай прымусовая праца грамадзян аўтарытарнай Беларусі. Асноўнай мэтай суботніка з’яўляецца адлічэнне сродкаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый на пабудову мемарыяльнага комплексу. Такія зборы — традыцыя, але ад гэтага яны не з’яўляюцца правамернымі. Фармальна суботнік нават сёння з’яўляецца добраахвотным мерапрыемствам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram