Табліца на месцы будучага помніка. Фота: "Штодзень"
У месцы, адкуль пачынаўся Гомель, пачалі ўсталёўваць помнік расійскаму генерал-фельдмаршалу Івану Паскевічу, — заўважыла гомельскае выданне «Штодзень».
Помнік з’явіцца ў парку каля старога моста XIX стагоддзя праз Гамеюк. Менавіта ў раёне ўпадзення гэтай невялікай ракі ў Сож знаходзілася старажытнае паселішча, з якога вырас Гомель. З Гамеюком звязваюць і паходжанне назвы горада.
Частка набярэжнай каля моста ўжо перагароджаная будаўнічай агароджай. На месцы будучага манумента ўсталявалі камень з таблічкай «Тут будзе ўсталяваны помнік генерал-фельдмаршалу Івану Паскевічу». І прыпіска: «Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства». Работы знаходзяцца на пачатковай стадыі.
Ініцыятарам праекта сапраўды выступіла Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства. Гэтая арганізацыя раней «падаравала» Гомелю помнік савецкаму ваеначальніку Канстанціну Ракасоўскаму. Пра намер усталяваць у Гомелі помнік Паскевічу стала вядома ў красавіку. Тады дзеля ўзгаднення макета ў Маскву ездзіў былы кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў.
На конкурс, які праводзіла расійскае таварыства, паступіла 13 праектаў. Выбар упаў на працу аўтарскага калектыву Дзмітрыя Клаўсуца, Васіля Вяршыніна (скульптары) і Дзяніса Бобылева (архітэктар). За аснову праекта ўзятая інтэрпрэтацыя помніка ў гонар намесніка Царства Польскага, фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча, які ў 1870 годзе быў усталяваны ў Варшаве.
«Будучы манумент мае выразную імперскую адсылку. Гомельскі помнік павінен паўтарыць манумент Паскевічу, які некалі стаяў у Варшаве. Іван Паскевіч камандаваў расійскімі войскамі пры падаўленні Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў, пасля чаго атрымаў тытул князя Варшаўскага і стаў царскім намеснікам у Царстве Польскім», — нагадвае «Штодзень».
«У 1830-1831 гадах у Польшчы, якая ўвайшла ў склад Расіі па рашэннях Венскага кангрэса, бушавала руска-польская вайна. На гэты адказны ўчастак зноў быў пасланы Іван Паскевіч. Фельдмаршал бездакорна пісьменна аблажыў Варшаву і ўзяў польскую сталіцу ў дзень 19-й гадавіны Барадзінскай бітвы», — з гонарам пішуць пра гэтую падзею на сайце расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.
На абмеркаванні макета былы кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў выказаў падтрымку гэтай канцэпцыі: «Мы цалкам падтрымліваем задумку аўтарскага калектыва стварыць помнік па матывах знесенага манумента Паскевіча ў Польшчы. Нам трэба аднавіць гістарычную праўду!».
На сайце таварыства пазначана, што арганізацыя «па ўзгадненні з кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь рэалізуе вялікую праграму па захаванні памяці аб агульных старонках гісторыі нашых краін».
Выданне «Штодзень» таксама нагадвае, што вобраз Паскевіча ў гарадской прасторы Гомеля ўжо прысутнічае. У парку знаходзіцца скульптурная кампазіцыя «Прагулка з хартамі», адкрытая ў 2015 годзе. Яна паказвае Фёдара Паскевіча — сына Івана Паскевіча і апошняга прадстаўніка роду, які валодаў гомельскім маёнткам, — падчас шпацыру з ягонымі хартамі Лордам і Марка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram