У Гданьску распачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

Главное
Падчас працы Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. У канферэнц-зале Музея II Сусветнай вайны ў Гданьску. Фота: Reform.by.

У Музеі Другой сусветнай вайны ў Гданьску ўзяў старт Адзінаццаты міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Вядомы форум экспертаў у палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках віталі ў адным з найпрыгажэйшых гарадоў Польшчы: мэр Гданьска Аляксандра Дулькевіч, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, дырэктар Музея Другой сусветнай вайны Гжэгаж Берэндт, дырэктар Нацыянальнага марскога музея доктар Роберт Домжал, кіраўнік Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску Васіль Керскі і іншыя навукоўцы і прадстаўнікі знаных беларускіх, літоўскіх і польскіх інстытуцый.

У Гданьску распачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
На адкрыцці Кангрэсу выступае суарганізатар Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, каардынатар Прэміі Кангрэса за лепшую навуковую публікацыю па сацыяльна-гуманітарных навуках Аляксей Ластоўскі. Фота: Reform.by.

«У жніўні 2020 года беларусы паказалі свету, але перш за ўсё самі сабе, што яны хочуць, каб да іх ставіліся як да паўнавартаснага суб’екту, хочуць мець уласную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву, хочуць быць гаспадарамі ў сваёй краіне, — падкрэсліў у сваёй прамове на адкрыцці адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі. — [Беларусы] паказалі, што дыспатычны стыль кіравання глыбока архаічны, што ў іх ёсць годнасць, і яны хочуць, каб іх голас улічваўся. Але гэты голас быў цалкам праігнараваны. Тым не менш Беларусь пасля тых сфальсіфікаваных выбараў стала іншай. Шматлікая эмігранцкая супольнасць у ладзе мыслення выразна абапіраецца на нацыянальную ідэнтычнасць, гісторыю, адмяжоўваецца ад савецкага этаса, добра разумее свае еўрапейскія карані і ўсё больш гучна заяўляе пра свае еўрапейскія памкненні…».

«Калі мы пачыналі Кангрэс, нашы чаканні былі надзвычай высокімі, — падзяліўся дырэктар Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага ў Коўне Русціс Камунтавічус. — Маёй, напрыклад, марай было актывізаваць беларуска-літоўскія стасункі, змясціць іх у больш шырокі ўсходнееўрапейскі кантэкст. Выканана далёка не ўсё, хоць падлічыць вельмі цяжка. Ва ўсялякім разе тое, што мы маем сёння ў Літве — гэта штогадовая магчымасць літоўскіх вучоных сустрэцца з беларускімі калегамі….».

«Гвалт і вайна маюць свой канец — пра гэта сведчыць наш музей», — падтрымаў прысутную супольнасць дырэктар Музея Другой сусветнай вайны Гжэгаж Берэндт. Ён нагадаў пра сімвалізм горада, у якім сёлета ладзіцца Кангрэс даследчыкаў Беларусі — менавіта ў Гданську пастаў рух «Салідарнасць» і тут сімвалічна прыйшоў канец камунізму.

У Гданьску распачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
Фота: Reform.by.

«Свабода Польшчы немагчыма без свабоды Беларусі», — падсумаваў у сваёй прамове кіраўнік Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску Васіль Керскі.

Зараз у музеі адбываецца прэзентацыя даследавання “Беларуская навука 2023: стан, тэндэнцыі і асноўныя выклікі”. Яго аўтар — дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», суарганізатар Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі Андрэй Казакевіч.

Сёння ўдзельнікаў форуму чакае праца ў адмысловых секцыях і круглы стол «Урокі польскай салідарнасці для беларускай рэвалюцыі 2020 года». Кульмінацыяй заўтрашняй праграмы стане цырымонія ўзнагароджання Прэміі кангрэса.

У Гданьску распачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
Фота: Reform.by.

Адзінаццаты міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Гданьску праходзіць на трох пляцоўках: Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску, Нацыянальны марскі музей.

Форум будзе працаваць да 24 верасня.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (International Congress of Belarusian Studies) — штогадовы акадэмічны і экспертны форум даследчыкаў Беларусі і рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён быў заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці ў 2010 годзе з мэтай інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах, спрыяння больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных і грамадскіх асяродках краін рэгіёна і свету. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі.

У Гданьску распачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску. Фота: Reform.by.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: