У Гданьску пройдзе ІІ Касцюшкаўскі форум — сёлета ён прысвечаны беларускай культуры як сіле дэмакратыі

Ужо на наступным тыдні, 2 чэрвеня, у польскім Гданьску — знакавым горадзе свабоды і салідарнасці — адбудзецца ІІ Касцюшкаўскі форум. Сёлетняя сустрэча, якую ладзяць Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча і Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, цалкам прысвечана беларускай культуры і пройдзе пад лозунгам „Культура як сіла дэмакратыі”.

Арганізатары форуму (пад патранатам супольнага героя палякаў, беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў Тадэвуша Касцюшкі) упэўнены, што менавіта культура сёння здольная стаць платформай для салідарнасці і дапамагчы дэмакратычнай Беларусі застацца паўнавартасным гульцом у агульнаеўрапейскай прасторы.

Падзея пройдзе на базе знакамітага Еўрапейскага цэнтра салідарнасці (ЕЦС). Для тых, хто не зможа прысутнічаць у Гданьску асабіста, будзе даступная анлайн-трансляцыя ранішняга блока — урачыстага адкрыцця і цырымоній узнагароджання (з 9:30 да 10:30).

Узаемныя ўзнагароды: Лех Валенса і Алесь Бяляцкі

Ранішняя частка форуму адзначыцца вельмі важнымі сімвалічнымі цырымоніямі.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі ўручыць культаваму лідару польскай «Салідарнасці» Леху Валенсу Крыж Добрасуседства — узнагароду за асаблівы ўнёсак у наладжванне адносін паміж краінамі і спрыянне дэмакратычным зменам.

А літаральна праз дзесяць хвілін адбудзецца цырымонія ўзнагароджання беларускага праваабаронцы, заснавальніка «Вясны» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Творца будзе ўшанаваны ўзнагародай Салідарнасці і Правоў Чалавека ЕЦС, якая ўручаецца асобам выключна адданым абароне правоў чалавека не толькі ў грамадзянскай сферы, але і ў культуры, навуцы і адукацыі, за здзейсненыя гістарычныя зрухі.

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі таксама заяўлены і як спецыяльны госць уступных дэбатаў («Чаму культура — адказ на палітычны застой?»), якія пачнуцца адразу пасля ўрачыстай часткі.

Галоўныя тэмы дыскусій і круглага стала

Праграма форуму падзяляецца на некалькі вострых і актуальных тэм.

11:30 — «Культура не маўчыць. Поспехі беларускай культуры ў Еўропе». Размова з беларускімі акцёрамі і дзеячамі, якія змаглі паспяхова рэалізаваць свае праекты ў эміграцыі і стаць голасам краіны.

14:00 — Презентацыя маштабных даследаванняў. Аб’яднаны пераходны кабінет і Рада культуры сумесна з Цэнтрам Мерашэўскага і Цэнтрам усходніх даследаванняў прэзентуюць вынікі свежых справаздач аб стане сучаснай беларускай культуры і мовы.

16:00 — «Беларуская культура 404». Дыскусія пра «нябачную краіну» — чаму Беларусь пачынаюць выкрэсліваць з палітычнага парадку дня і гістарыяграфіі некаторых краін і як змагацца з гэтай «памылкай 404».

Завершыць форум а 18.00 гадзіне адзін з найбольш моцных міжнародных праектаў Clap&Slap («Воплеск і поўха») — спектакль з удзелам беларускага перформера Ігара Шугалеева і літоўскай актрысы Агнетэ Лісічкінайтэ, у якім падымаецца пытанне персанальнай і калектыўнай віны беларусаў у кантэксце вайны ва Украіне.

Праз мову цела і танец творцы паспрабуюць знайсці паразуменне там, дзе палітыка і эмоцыі заходзяць у тупік. А 19:00, пасля спектакля, адбудзецца сустрэча з артыстамі танцавальнага перформансу, які трапіў ТОП-20 пастановак найбуйнейшай еўрапейскай танцавальнай сеткі Aerowaves.

Адзначым, што на спектакль Clap&Slap — вольны.

«Мы ладзім Касцюшкаўскі форум, бо пэўныя, што культура – гэта платформа, на якой паўстае салідарнасць паміж народамі і гучыць голас тых, хто змагаецца за свае грамадзянскія правы. Больш за тое, гэта практычны сродак, каб умацаваць давер і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны паміж палітычнымі і сацыяльнымі дзеячамі Беларусі і іх партнёрамі ў Польшчы, Украіне, Літве і іншых еўрапейскіх краінах», — пакрэсліваюць арганізатары падзеі.

Касцюшкаўскі форум прысвечаны дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі і рэгіёне. Летась у мерапрыемстве бралі ўдзел палітыкі, эксперты і актывісты з больш як дзясятка еўрапейскіх краін.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!