У панядзелак, 25 лістапада, у Гданьску адкрываецца выстава ілюстрацый Святланы Дземідовіч «Побач». Аўтарка сёлета атрымала прэмію Анемпадыстава за найлепшую вокладку да кнігі паэзіі Насты Кудасавай «Побач».
Адкрыццё выставы пройдзе ў рамках уручэння прэміі імя Ежы Гедройця.
Усе ілюстрацыі мастачкі да кнігі зроблены ўручную, без ужывання графічных рэдактараў.
Улюбёная тэхніка Святланы Дземідовіч — туш, якой яна валодае віртуозна. Гэта не толькі дакладная вострая лінія, але і пляма, няроўны контур, шэры туман і тонкі пераход ад святла да ценю. Мастачка будуе кампазіцыі, змяшчаючы цэнтр зямнога прыцягнення ў бок метафарычнай глыбіні, выстройваючы ў сваіх творах складаную шматузроўневую прастору.
Кніга «Побач» з’явілася ў выніку супрацы паэткі і мастачкі: кожны разварот праілюстраваны адмысловай графічнай кампазіцыяй. Графічная аповесць, тэма якой — дарога, развіваецца паралельна вершам, узмацняючы іх гучанне.
Да сярэдзіны кнігі, паводле графічнага канцэпту мастачкі, узрастае напружанне гэтага шляху. А роўна ў цэнтры кнігі наступае развязка драматычнага сюжэту: ён, яна, шчасце, любоў. «На жаль, такіх вершаў няшмат, — расказвала мастачка на адной з прэзентацый, — і яны ўсе змясціліся на развароце пасярэдзіне. Далей зноў доўжыцца пошук дарогі, пытанні, часам адказы на іх».
Герой выходзіць з гэтага раю, зноў падарожнічае па старонках і ідзе да канца кніжкі.
Цяпер ілюстрацыі Святланы Дземідовіч, размешчаныя на сценах Еўрапейскага цэнтра салідарнасці, могуць быць ацэнены гледачом па-за межамі вершаванага складніка.
Выстава працуе да 29 лістапада.
Уваход вольны.
Дата: 25 лістапада
Час: 17.00 (час мясцовы)
Месца: Еўрапейскі цэнтр Салідарнасці, Plac Solidarności, 1 (шматфункцыйная зала, першы паверх), Гданьск
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram