3 мая ў Палацы мастацтва пачне працу адзін з самых буйных фестываляў мастацтва ў Беларусі — «Арт-Мінск-2024». Сёлета ў ім прымуць удзел 200 аўтараў. Прыкладна столькі, колькі і ў мінулым годзе, і ў два разы меней, чым ў 2020-м.
Прычына такога памяншэння колькасці ўдзельнікаў у вядомым мерапрыемстве — не толькі жорсткі адбор журы (твораў аўтараў) па мастацкіх якасцях, а ў першую чаргу «чорныя спісы», праз «сіта» якіх апошнія гады праходзяць мастакі. Тое, што колькасць імёнаў у гэтых спісах расце з кожным годам — даўно ўжо не з’яўляецца сакрэтам не толькі для мастацкай супольнасці. Можна сказаць, што галоўная інтрыга ўсіх мастацкіх падзей у Беларусі апошніх гадоў — гэта акурат ці пройдзе той ці іншы мастак праверку адпаведных інстанцый — усе адпаведныя спісы, ці ўсё ж яму забароняць выстаўляцца ў публічнай прасторы.
Таксама варта далучыць да агульнай карціны і ад’езд значнай часткі мастацкай супольнасці за мяжу і чыйсьці персанальны байкот мастацкіх падзей. У выніку — маем, што маем. Палац мастацтва ў сакавіку працягваў збор заявак на ўдзел у паедзі, бо, можам выказаць згадку, што назбіраць прафесійных і пры гэтым «дазволеных» мастакоў на буйны фестываль было няпроста.
Але 200 удзельнікаў «Арт-Мінск-2024» сёння мае.
«На фестывалі будуць прадстаўлены больш 450 твораў мастакоў Беларусі», — дадае таксама інфармацыі інстытуцыя Саюз мастакоў.
Сярод вядомых імёнаў у спісе ўдзельнікаў падзеі можам заўважыць: Зою Літвінаву, Захара Кудзіна, Аляксандра Некрашэвіча, Аляксандра Забаўчыка, Сяргея Ждановіча, Марыну Капілаву, Вадзіма Качана, Анатоля Кузняцова, Леаніда Хобатава, Валянціна Губарава, Валерыя Славука, Андрэя Вараб’ёва, Барыса Сямілетава, Івана Сямілетава ды іншых. У пэўным сэнсе, прысутнасць слынных мастакоў на выставе можна адшукаць.
Арганізатары фестывалю нагадваюць, што больш за 90% твораў, якія экспануюцца ў Палацы мастацтва, будуць таксама даступны на анлайн-платформе Artcenter.by, дзе па QR коду на этыкетцы можна будзе прачытаць інфармацыю аб кожнай рабоце і яе аўтары, а таксама паглядзець на ўвесь каталог, каб выбраць і прагаласаваць за ўпадабаны твор на выставе.
Працягнецца падзея да 9 чэрвеня.
Нагадаем, што ініцыятарам фестываля «Арт-Мінск», які ладзіцца з 2018 года, быў Віктар Бабарыка. «Арт-Мінск» дапаўняў «Восеньскі салон», штогадовы праект, пачаты ў 2015 годзе, дзе прадстаўляецца і прадаецца толькі маладзёжнае мастацтва. Мэтай абодвух праектаў было стымуляванне і развіццё арт-рынку. І абодва праекты прэтэндавалі на мастацкую значнасць. Але калі «Восеньскі салон» пазіцыянаваўся як выстава-продаж, то «Арт-Мінск» — як фестываль мастацтва, ён займаў буйныя пляцоўкі, у асноўным Палац мастацтва і Нацыянальную бібліятэку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: