У дзень 120-годдзя «Нашай Нівы» запускаецца архіў беларускіх незалежных медыя BELIMA

Сёння, 23 лістапада, у дзень 120-годдзя «Нашай Нівы», тэхналагічная платформа Kronika адкрывае сайт праекта BELIMA (Belarusian Independent Media Archive). Ініцыятыва створаная для захавання публікацый беларускіх незалежных выданняў ад 1990-х гадоў да нашых дзён, якія знікаюць праз блакаванні, закрыццё рэдакцый і эміграцыю.

Першымі партнёрамі праекта сталі «Наша Ніва», «Еўрарадыё», Buro Media, KYKY.org і The Village Беларусь — анлайн-архівы двух апошніх выданняў цяпер публічна недаступныя. Сайт belima.media ужо працуе на беларускай, рускай і англійскай мовах, а паўнавартасны запуск базы запланаваны на 2027 год.

Платформу Kronika заснавалі амерыканскі Bard College і праваабарончая арганізацыя PEN America для абароны журналістыкі ад лічбавага забыцця (раней яны запусцілі аналагічны архіў расійскіх незалежных медыя RIMA).

Чаму гэта крытычна важна

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў і JX Fund, з 2020 года ў Беларусі заблакавалі больш за 100 навінавых сайтаў, больш за 60 медыяструктур прызналі «экстрэмісцкімі», а больш за 400 журналістаў вымушана з’ехалі з краіны. Разам з рэдакцыямі знікаюць і іх шматгадовыя архівы — праз блакаванні (як у выпадку з TUT.BY), кібератакі або брак сродкаў на падтрымку хостынгу (так спынілі працу сайты The Village Беларусь і KYKY.org). Папяровыя ж падшыўкі газет 1990-х і 2000-х («Имя», «БДГ», «Белгазета», «Народная воля») засталіся ўнутры краіны, куды даследчыкі ў эміграцыі не маюць доступу.

Бяспека і ўзроўні доступу

Каб не нашкодзіць героям публікацый і аўтарам, каманда BELIMA падзяліла захаванне і публікацыю. У архіве будуць дзейнічаць чатыры ўзроўні доступу:

  • Публічны — адкрытыя для ўсіх алічбаваныя газеты і лічбавыя матэрыялы;
  • Даследчы — доступ пасля верыфікацыі для навукоўцаў і журналістаў;
  • Закрыты — абароненае сховішча без публічнага паказу;
  • Адкрыты ў будучыні — матэрыялы, якія апублікуюць, калі гэта стане бяспечным.

Што кажуць тыя, хто падтрымаў праект

Ініцыятыву публічна падтрымалі Святлана Алексіевіч, Марыя Калеснікава, Ірына Халіп, Мікалай Халезін, Аляксандр Фядута і Таццяна Нядбай.

«Ва ўмовах несвабоды, гвалту, цэнзуры самае страшнае — гэта цішыня, бязмоўе. Беларускія незалежныя медыя і іх гісторыя — гэта і ёсць жывы архіў незалежнай Беларусі. Наша калектыўная памяць і сведчанне. Нельга дазволіць гэтаму знікнуць», — адзначыла лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

«У 90-я, калі табе 16 і ты палюеш за кожным новым нумарам газеты «Имя», гэта яшчэ не так дзіўна. Дзіўна тое, што амаль праз 30 гадоў ты ўсё яшчэ памятаеш гэтыя нумары, калажы на апошняй старонцы, а некаторыя з іх дагэтуль цытуеш. Вось гэта і ёсць журналістыка, якой мне сёння так не хапае», — падзялілася Марыя Калеснікава.

«Ад нас засталіся толькі абрыўкі старых газет. Мы самі згубіліся недзе па-за часам і прасторай — адны ў турмах, другія ў эміграцыі, трэція ў пастаянным страху <…>. Гісторык, які будзе вывучаць незалежную Беларусь, мусіць быць адважным, каб усё гэта прачытаць. Гісторык знойдзецца, галоўнае — каб яму было што вывучаць», — падкрэсліла журналістка Ірына Халіп.

Пра важнасць захавання друкаванага і лічбавага слова выказаліся і іншыя ўдзельнікі ініцыятывы.

Літаратуразнаўца і публіцыст Аляксандр Фядута нагадаў пра трываласць друкаванага факта: «Рукапісы, вядома, гараць — калі яны існуюць у адным экзэмпляры. Але газетны наклад бессмяротны. Ён стварае Гісторыю».

Заснавальнік газеты «Имя» і мастацкі кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін заўважыў: «Калі знікнуць медыя, Беларусь можа знікнуць з міжнароднай свядомасці».

«Захаванне архіваў незалежных медыя — гэта спосаб супрацьстаяць сціранню, вярнуць сабе ўласную гісторыю і зноў знайсці свой голас. Бо гэтая гісторыя належыць не ўладам і нават не рэдакцыям – яна належыць усім нам», — дадае старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Як далучыцца і прэзентацыя 3 снежня

Цяпер каманда BELIMA збірае калекцыі і шукае рэдактараў, журналістаў і чытачоў, у якіх захаваліся папяровыя або лічбавыя архівы выданняў. Перадаць матэрыялы або зрабіць бяспечную рэзервовую копію можна праз форму на сайце belima.media.

3 снежня а 18:00 CET адбудзецца бясплатная анлайн-сустрэча «Напамяць / By Heart», дзе вядомыя беларусы раскажуць пра зніклыя публікацыі і вокладкі, якія паўплывалі на іх жыццё і гісторыю краіны. Рэгістрацыя ўжо адкрытая на сайце праекта.

 

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram