Адмысловы медыясервер з прадукцыяй кінастудыі «Беларусьфільм» стаў даступны пасажырам Беларускай чыгункі. Сумесны праект Міністэрства культуры, аператара беларускай сеткі чыгункі і кампаніі «A1» «рэалізаваны з улікам пажаданняў пасажыраў і скіраваны на папулярызацыю нацыянальнага кінематографа», паведамляе дзяржаўнае аб’яднанне. Праўда, паслуга даступная не для ўсіх маршрутаў — а толькі ў цягніках міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.
Сёння на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі пры адбыцці цягніка № 748 Мінск-Гомель адбылася прэзентацыя праекта.
«Журналістам і пасажырам былі прадэманстраваны магчымасці медыясервера па праглядзе фільмаў у цягніку. Таксама яны сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага паказу, падчас якога акцёры кінастудыі «Беларусьфільм» выканалі музычныя кампазіцыі з любімых гледачамі кінакарцін», — паведамляе прэс-цэнтр БЧ.
На сервере, які па заказе аператара беларускай сеткі чыгункі стварыў «A1», на дадзены момант даступныя для прагляду 22 карціны з фонду «Беларусьфільма». Сярод іх: «Альпійская балада», «Белыя росы», «У жніўні 1944-га», «Дзікае паляванне караля Стаха» ды іншыя стужкі. Абяцаецца, што відэакантэнт будзе перыядычна абнаўляцца.
«Таксама на медыясерверы прадстаўлены мастацкія і дакументальныя фільмы разнастайных жанраў, серыялы і музычныя кліпы, аўдыя і электронныя кнігі», — дадае прэс-служба Беларускай чыгункі.
Для таго, каб паглядзець прапанаваны медыяпрадукт, дадатковага абсталявання на гаджэтах не патрабуецца.
Дзяржаўнае аб’яднанне адзначае, што медыяплатформа запатрабавана ў пасажыраў: за 6 месяцаў 2024 года ёй скарысталіся каля 100 тысяч чалавек.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram