У Брне (Чэхія) у тэатры «Husa na provázku» 19 траўня прэзентуюць тэатральную пастаноўку «Гераіні». Рэжысёр – беларуская дзяячка (а таксама — актрыса і спявачка Chornabrova) Паліна Дабравольская.
«Яна аддае свой голас жанчынам, — паведамляе анатацыя спектакля, — якія пераадольваюць цяжкасці без якой-небудзь перспектывы ўдзячнасці або прызнання: выхаванне дзяцей, клопат аб хатняй гаспадарцы, пацыентах, спробы знайсці працу ў новай краіне, жанчынам, якія ў сваім мысленні і дзеяннях выходзяць за рамкі пэўных жаночых роляў».
«Спектакль унікальны, — распавяла Паліна Дабравольская Reform.by, — таму што ён спецыяльна прыдуманы для дворыка тэатра «Husa na provázku», які знаходзіцца ўнутры тэатра. То-бок каб дайсці да галоўнай сцэны, трэба прайсці праз такі дворык-калодзеж, у якім часамі праводзяць канцэрты і зараз ладзяць спектаклі. Мяне адмыслова запрасілі паставіць спектакль для гэтай прасторы. Не думаю, што магчыма яго паказаць дзесьці ў іншым месцы, бо ён быў створаны адмыслова для гэтага дворыка.
Мы працавалі разам з акторкамі, шукаючы адказы на пытанні, што тычыліся не толькі нашых гераінь, але і ўсіх людзей, чалавецтва ўвогуле».
«Паліна Дабравольская як маладая мастачка, што на працягу апошніх двух гадоў мужна адаптавалася да вопыту жыцця і працы ў выгнанні, выдатна разумее сучасныя формы жаночага гераізму. Мы лічым не толькі значным, але і надзвычай натхняльным прадаставіць творчыя магчымасці для рэжысёра, які не можа тварыць у сваёй краіне», — распавяла драматург чэшскага тэатра Вікторыя Кноткава сваю перадгісторыю супрацоўніцтва з маладой беларускай аўтаркай.
Паліна Дабравольская закончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «акторка» ў 2017 годзе, а пасля вымушанага ад’езду працягнула навучанне рэжысуры ў Варшаве ў Івана Вырыпаева, сусветна вядомага рэжысёра і драматурга тэатра і кіно. Яе першая рэжысёрская праца — п’еса беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка «Пакой памірае» — увайшла ў дзясятку лепшых беларускіх пастановак 2019 года. У 2021 годзе яна выпусціла свой дэбютны альбом «Слова». На фестывалі Theatre World Brno 2022 яна выступіла з музычнай драмай «Сарматыя» — гісторыяй пра імкненне пусціць карані ў чужой краіне, якая спалучае народную музыку і хіп-хоп.
Спектакль ідзе з англійскімі субцітрамі.
Квіткоў на травень ужо няма, але тут можна набыць іх на 8 і 9 чэрвеня.