У Будславе чакаюць валанцёраў на археалагічныя раскопкі старога касцёла

21 ліпеня пачаўся новы этап археалагічных раскопак каля касцёла ў Будславе з удзелам валанцёраў. Ксёндз Дзмітрый Дубовік расказаў пра вынікі першых дзён працы.

На пачатку раскопак знайшлі вугал старога касцёла, дзе магла быць вежа. Планавалі зрабіць шурф даўжынёй 14 метраў, каб прайсці ўздоўж меркаванага галоўнага фасада старога касцёла і адшукаць колішні ўваход у храм.

На другі дзень раскопак блізка да гэтага вугла знайшлі бабінец старога касцёла і раскапалі частку фасада. Сярод знаходак пераважае кафля.

Напярэдадні будслаўскі санктуарый паведамляў, што падчас абследавання сучаснага будынка былі выяўлены не толькі вядомыя канструкцыі кляштара, але і, меркавана, сцены і падмуркі алтарнай часткі касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі 1643 года – першай мураванай святыні, так званага старога касцёла.

Гэтыя працы праходзяць паралельна з рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй існага касцёла, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе. Архітэктурныя і археалагічныя даследаванні праводзяцца з мэтай аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бернардынаў. У будучыні гэта дазволіць стварыць у Будславе агульнабеларускі каталіцкі «духоўны цэнтр».

На раскопках па-ранейшаму чакаюць валанцёраў. З 21 ліпеня на два тыдні патрэбныя мужчыны-валанцёры, пажадана з досведам працы.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!