Лапідарый у Брэсце. Фота: virtualbrest
Побач са стадыёнам «Лакаматыў» у Брэсце адкрылі лапідарый – музей пад адкрытым небам, дзе сабраны фрагменты яўрэйскіх надмагілляў з захаванымі надпісамі, — паведамляе «Віртуальны Брэст».
Брэст быў адным з цэнтраў яўрэйскага жыцця да Другой сусветнай вайны, там пражывала больш за 20 000 яўрэяў.
Яўрэйскія могілкі былі заснаваныя ў 1835 годзе каля вёскі Бярозаўка (цяпер раён стадыёна «Лакаматыў»). За 106 гадоў тут было пахавана больш за 35 тысяч чалавек. Аднак падчас вайны могілкі падвергліся варварскаму апаганьванню: надмагільныя пліты-мацэвы былі вырваныя з зямлі.
Верагодна, таму адкрыццё лапідарыя мясцовая ўлады прымеркавалі да 81-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аднак, як заўважыла «Наша Ніва», знішчэнне могілак працягвалася пасля вайны.
Мацэвы — яўрэйскія магільныя помнікі — выкарыстоўвалі як будаўнічы матэрыял, іх пачалі вывозіць для брукавання лагера нямецкіх ваеннапалонных, уладкаванага на месцы былой калоніі Варбурга. Так частка мацэваў аказалася ў 1-м Мінскім завулку Брэста і суседніх дварах.
А на месцы могілак пабудавалі стадыён «Лакаматыў». Тэрыторыю абнеслі бетоннай агароджай, якая амаль супадала з межамі могілак.
Усе сляды некалі вялікіх могілак былі страчаны да канца 1990-х гадоў, калі часткі бітых камянёў пачалі з‘яўляцца на паверхні падчас будаўнічых работ у горадзе і яго ваколіцах. За апошнія гады сотні рэшткаў надмагілляў былі сабраныя, сфатаграфаваныя, каталагізаваныя і дададзеныя ў падрабязную базу дадзеных.
Цяпер на тэрыторыі лапідарыя паставілі больш за 1200 надмагільных камянёў. Яго сцены сімвалізуюць абдымкі, а назва лапідарыя — «У абдымках памяці».
Старшыня Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Артур Ліўшыц сказаў на адкрыцці, што лапідарый такога маштабу – адзіны ў Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram