У Берліне пачаўся Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova

19-20 кастрычніка Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova праходзіць у Берліне. Ён пачаўся з урачыстага адкрыцця і прэзентацыі выставы пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART Pradmova.

Мерапрыемства праходзіць ў прасторы Hotel Continental — Art Space in Exile.

Вядоўца Павел Баркоўскі расказаў, што фестываль упершыню адкрывае сваю пляцоўку ў Берліне. Да 2020 года імпрэза адбывалася ў Беларусі. У 2022-м фэстываль адрадзіўся за межамі краіны і праходзіў у гарадах з вялікай беларускай дыяспарай у Польшчы, Літве, Грузіі, цяпер і ў Германіі. «Нягледзячы на драматычныя абставіны, беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі стаў больш адкрыты свету, стаў больш вандраваць па розных краінах, і таму голас беларусаў стаў больш гучным таксама і для мясцовых супольнасцей», — сказаў філосаф Павел Баркоўскі.

Берлінская праграма даволі насычаная. Беларускія і замежныя аўтары, філосафы, перакладчыкі і навукоўцы зладзяць дыскусіі і прэзентацыі, прысвечаныя сучасным сацыяльным, культурным і палітычным праблемам.

Сёння пройдуць разнастайныя дыскусіі пра літаратуру з удзелам Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Арлова, прэзентацыі новых выданняў і вечаровая музычная праграма з удзелам паэтаў і музыкаў.

У нядзелю купалаўцы пакажуць тэатральную пастаноўку «Зэкамерон», пройдзе важная дыскусія пра тое, як магчыма праз творчасць перадаваць досвед людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, разнастайныя прэзентацыі, узнагароджанне пераможцы прэміі імя Алеся Адамовіча, канцэрт Лявона Вольскага, вечар падарожжаў ад Змітра Бартосіка і канцэрт спеўнай паэзіі ад Юстыны і Таццяны Карпіловіч.

Больш падрабязна з берлінскай праграмай можна пазнаёміцца на сайце Pradmova.

Анлайн-трансляцыя адбываецца на YouTube.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!