Заўтра, 7 жніўня, у берлінскім Haus der Statistik прэзентуюць кнігу перакладаў Юрыя Іздрыка на беларускую мову – «Human Right». Прэзентацыя адбудзецца пры ўдзеле перакладчыка і ўкладальніка кнігі Алеся Плоткі і выдаўца Дзмітрыя Строцава.
Кніга выйшла ў выдавецтве Hochroth Minsk.
Перакладчыкі – Алесь Плотка і Наталля Русецкая.
Юры Іздрык (нар. 1962) – украінскі пісьменнік, мастак, музыкант, культуролаг. Выбітны прадстаўнік украінскага постмадэрнізму. Лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі (2025). Заснавальнік легендарнага літаратурнага часопіса «Четвер». Аўтар вядомых раманаў «Воццех» (1996) і «АМTM» (2004) і інш., а таксама вершаў, аднолькава папулярных як у анлайн-публікацыях, так і ў кніжных выданнях. Творы перакладаліся на беларускую мову, асобнай кнігай выйшаў паэтычны зборнік «Папяросы» (2020).
«Папярэдняя кніга Іздрыка па-беларуску, «Папяросы», даўно стала рарытэтам, — каментуе перакладчык і ўкладальнік кнігі Алесь Плотка. — Частка была вывезеная і адразу распрадалася, частка была рэпрэсаваная разам з іншымі кнігамі выдавецтва «Галіяфы».
Ідэя новага выдання лунала ў паветры, але Шаўчэнкаўка стала добрай нагодай, каб праект завяршыць. Дзякуючы суперзладжанай працы ўсёй каманды цяпер мы маем не толькі кнігу Іздрыка, якую можна набыць, а не шукаць па сябрах, але і вельмі цікавае выданне, працу двух перакладчыкаў, біпалярную інтэрпрэтацыю аўтара па-беларуску».
Набыць кнігу можна тут
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram