Сімпозіум «Мастацтва супраціву: Беларусь праз пяць гадоў». Фота: t.me/viasna96
Сімпозіум «Мастацтва супраціву: Беларусь праз пяць гадоў» быў арганізаваны выкладчыкам Лёвенскага Універсітэта, піша «Вясна». На ім прысутнічалі беларускія і бельгійскія музыкі, паэты, мастакі, палітолагі, журналісты, навукоўцы, аналітыкі, студэнты і выкладчыкі.
На аднадзённым сімпозіуме даследчыкі, творцы і актывісты абмеркавалі мастацтва супраціву рэпрэсіям і дыктатуры. Прааналізаваўшы пяць гадоў, якія прайшлі з моманту пратэстаў у Беларусі ў 2020 і 2021 гадах, удзельнікі разважалі над тым, якую ролю розныя формы культуры і творчасці – візуальнае мастацтва, тэатр, музыка, перформанс – адыгрываюць у барацьбе за дэмакратычную свабоду ў Беларусі і рэгіёне ў цэлым.
Пасля сімпозіўма адбылася прэзентацыя кнігі «Polsslag» («Пульс») Пітэра Вермеерса, якая раскрывае, як музыка можа стаць сілай супраціву пры аўтарытарным кіраванні. Узяўшы за адпраўную кропку гісторыю гурта беларускіх музыкаў, якія апынуліся за кратамі, кніга прасочвае спосабы, з дапамогай якіх мастакі кідаюць выклік аўтакратыі. Гэтая кніга — аповед пра расчараванні і надзеі, пра страты і стойкасць. Што прымушае людзей рухацца? Адкуль у іх мужнасць працягваць барацьбу супраць прыгнёту? У чым сакрэт музыкі ў барацьбе за свабоду?
«Вясна» адзаначае, што сімпозіум «Мастацтва супраціву: Беларусь праз пяць гадоў» стаўся «акцыяй салідарнасці, увагі і падтрымкі ўсіх беларусаў, якія маюць надзею ажыццявіць зламаныя мары 2020 года».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram