Трыццаць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў прынялі ўдзел у літаратурным семінары «Бязмежжа» ў Беластоку

З 29 лістапада ў Беластоку праходзіў традыцыйны літаратурны семінар «Бязмежжа». У ім прынялі ўдзел каля 30 беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў як з беларускай меншасці, так і з беларускай дыяспары.

Пра вынікі семінара арганізатар Яўген Вапа расказаў радыё «Рацыя». «Найважнейшая для мяне выснова: не важна, дзе жывуць пісьменнікі, звычайныя людзі, усе жывуць, калі за сценамі грукаецца вайна. Пачуццё небяспекі, вайны, пагрозы — не толькі тое, што адбываецца ва Украіне, для Беларусі, для ўсяго свету. Яно адчуваецца ва ўсіх творах, выказваннях, выступах, якія гучалі цягам «Бязмежжа».

І менавіта тая вайна выклікае адну яшчэ рэч — выклікае патрэбу памяці. Бо толькі праз памяць мы мацнейшыя».

Традыцыйна падчас семінару гучалі ўрыўкі з новых твораў і новыя вершы, прэзентаваліся новыя кнігі, рабіліся агляды літаратурных падзей.

Напрыклад, у першы дзень семінара Алесь Аркуш зрабіў фотасправаздачу пра гісторыю семінара «Бязмежжа», Уладзімір Някляеў падзяліўся сваімі ўражаннямі пра новую кнігу Ганны Кандрацюк, якая павінна выйсці напрыканцы года, а Віктар Сямашка расказаў пра сваю працу над альбомам «Звышверш» на вершы Надзеі Артымовіч.

Прайшла праграмная вечарына паэткі Міры Лукшы.

Літаратурны семінар «Бязмежжа» арганізаваны Праграмнай радай тыднёвіка «Ніва», Міжнародным Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім саюзам у Польшчы пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы і Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.

Мерапрыемства ладзіцца на Беласточчыне з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Першае «Бязмежжа» прайшло ў Гайнаўцы ў Беларускім музеі.

У інтэрв’ю «Рацыі» Яўген Вапа распавёў пра першапачатковы канцэпт імпрэзы: «Бязмежжа» ў сваёй назве і ў сваёй гісторыі — яно бязмежнае. Бо такая была ідэя — нягледзячы на межы, зрабіць магчымым пранікненне і развіванне беларускай літаратуры. Сустрэча беларускіх літаратараў з Падляшша і Беларусі, а таксама магчымасці дайсці да таго, каб беларуская літаратура, тады, калі мы ўзнікалі, каб яна знайшлася ў пункце бачання польскага фокусу, польскай культуры. Ну і гэта здарылася. Так што тут «Бязмежжа» сапраўды захоўвае свае асноўныя прынцыпы верна».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!