У Беластоку працуе выстава Ташы Кацубы — фотафакт

Выстава Ташы Кацубы – «0 / KATSUBA» адкрылася ў беластоцкай Галерэі імя Сленьдзіньскіх. Яна даследуе, як форма набывае свабоду дзеянняў, і архіў становіцца сцэнай.

У экспазіцыі размешчаны шэсць аб’ектаў ад 1 да 5 і 0 з назвамі – «Добры паліцыянт», «Надзея», «Ваяр кахання», «Кандыдат у веру», «Смерць» і «Спроба пазбавіцца сораму».

Гэта своеасаблівы архіў «скуры»: кожны вобраз змешчаны паміж дзвюма шклянымі плоскасцямі.

Галерэя функцыянуе як буцік і як подыум: маніторы ў вітрынах уводзяць у рытм брэнду KATSUBA, чорныя заслоны задаюць інтымны рэжым, пры ўваходзе – кушэтка, прарастаючая валасамі, як знак працяглай псіхалагічнай працы з траўмай. «Тут мастацтва і мода сыходзяцца ў адной граматыцы, дзе лічбы, колеры і тэкстыль утвараюць сістэму сэнсаў, а дзейнасць формы вяртае суб’екту кантроль над позіркам», — паведамляе анатацыя.

Маршрут выбудаваны паводле логікі пераадоленняў і колераў.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Ціна Забароўская

«Добры амапавец» – ружовы рэгістр, у якім плюш і мяккасць разраджаюць сімвалічную моц патрыярхальнага дзяржаўнага гвалту і пераносяць яе ў плашчыню іроніі і ўразлівасці.

«Надзея» – белы шлюбна-рытуальны строй: густая вышыўка і інкрустацыі афармляюць вопыт жаночай салідарнасці як годнасць і супольную сілу.

«Ваяр любові» – чырвоная фігура прысутнасці, дзе стрэлы і арбалет працуюць як тактыльная метафара клопату і стойкасці сярод ваеннай оптыкі.

«Кандыдат у веру» – шэрая ўніформа з ахоўнымі элементамі і чамаданам ператварае адзіноту ў дзённік самазборкі.

«Смерць» – чорная картаграфія вузлоў-петляў і «дзённік слёз» на палароідах, падшытых на падкладцы ўнутры пінжака, матэрыялізуе тэрапеўтычны цыкл.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Ціна Забароўская

«Спроба пазбавіцца ад сораму» – цялесная мазаіка пад шклом задае камертон усёй экспазіцыі: артыкуляцыя замяняе сорам, сведчанне фармуе мову.

Куратар выставы — Сяргей Шабохін.

Выстава «0/KATSUBA» ў Беластоку будзе экспанавацца да 28 снежня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!