У Беластоку працуе выстава «Я нарадзілася тут / Tu się urodziłam» — пра любоў да малой радзімы

Падчас мерапрыемства кірмашу і форуму мастацтваў  «Art Białystok» Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку прэзентаваў выставу «Я нарадзілася тут / Tu się urodziłam».

Кацярына Сянкевіч «Зорка Белавежы». 2025. Фота: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku

У выставе прымаюць удзел мастачкі, што паходзяць з Беласточчыны, — Малгажата Дзмітрук, Аляксандра Чарняўская, Кацярына Сянкевіч і пераможцы конкурсу «Я нарадзіўся тут / Tu się urodziłem» — дзеці дашкольнага ўзросту, вучні пачатковых і сярэдніх школ, а таксама асобы з абмежаванымі магчымасцямі.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku

Прафесійныя мастачкі не губляюць сувязі са сваёй малой радзімай. Яе колеры, духоўная і матэрыяльнай культура праз адметныя вобразы, асаблівыя матэрыялы і пазнавальныя дэталі так ці іначай увасабляюцца ў іх творчасці.

Праект Кацярыны Сянкевіч. Фота: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku

«Наша выстава спрабуе адкрыць наш свет для іншых і для нас саміх. Ці будзе гэта свет нашай калектыўнасці або індывідуальнасці кожнага з нас — без гэтага мы не выжывем у цяперашнім свеце. Без гэтага адкрыцця мы не выжывем як беларуская меншасць у Польшчы. Нягледзячы на пастаянныя і хуткія перамены вакол, мы хочам, каб нашы падарожжы, пошукі ў пазнанні свету мелі свой больш блізкі пачатак.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku

Гэтыя нашы падарожжы пачынаюцца вельмі рана. Самыя вялікія і найбольш паказальныя — першыя, першасныя. У сямейным доме, вакол стала, пазней вакол дома, і далей. У школу, на раку, у лес, у кіно, у бібліятэку… так мы пачынаем пазнаваць свет вакол нас… Пазнанне свету звязана з пазнаннем іншых месцаў і людзей, якія жывуць там. Гэта не турызм. Гэта быў звычайны шлях да… сябе», — піша куратар выставы Дарыюш Жукоўскі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!