У Беластоку адкрыецца выстава да 70-годдзя тыднёвіка «Ніва»: паўстагоддзя беларускага жыцця ў кадрах

30 студзеня ў Падляшскім музеі ў Беластоку распачне працу выстава «НІВА | ФОТАЗДЫМКІ». Экспазіцыя прысвечана 70-годдзю выхаду першага нумара легендарнага беларускага тыднёвіка і прэзентуе выбраныя кадры з архіва рэдакцыі за 1956–2000 гады.

Выстава, якая праходзіць пад ганаровым патранатам Польскага агенцтва друку (PAP), — гэта вынік сумеснай працы Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Падляшскага музея і Праграмнай рады «Нівы». Куратар Павел Грэсь запрашае гледачоў у «фатаграфічнае падарожжа праз дзесяцігоддзі»: ад суровых краявідаў Падляшша да дынамічных рэпартажаў з фабрык і партрэтаў людзей, якія фармавалі ідэнтычнасць рэгіёна.

Гэтыя здымкі, якія раней «жылі» толькі тыдзень — да выхаду наступнага нумара — сёння ператварыліся ў маштабную гісторыю. На выставе можна будзе пабачыць усё: ад атмасферы часоў ПНР з яе суботнікамі і будоўлямі да інтымных партрэтаў і рэдкіх кадраў, што фіксавалі рэлігійнае і традыцыйнае жыццё беларусаў у Польшчы.

«Гэта маленькія гісторыі, розныя твары і дзеянні, усе лакальныя, недзе з другой паловы XX стагоддзя. Тут ёсць і палітыка, і вялікая гісторыя. Можа, не вялікія, векапомныя падзеі з падручнікаў гісторыі, але шматгалосае рэха таго, што адбывалася ў Польшчы ў той час.

…Часам цяжка вызначыць час і месца здымка. А мы ж прывыклі чытаць і адразу ведаць. У гэтым зборы фатаграфій такія веды ў большасці выпадкаў падаюцца залішнімі. Гэта асабліва відаць у жанравых сцэнах і партрэтах», —  распавядае пра архіў «Нівы» Іаана Кіноўская.

Час і месца падзеі: 30 студзеня, 18:00, Падляшскі музей у Беластоку (Ратуша, Рынак Касцюшкі, 10).

Выстава будзе працаваць да 26 красавіка 2026 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!