Скрын відэа
1 сакавіка а 18.00 у Беларускім хабе «Новая Зямля» ў Беластоку (ul. św. Rocha 5/32) адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай прафесаркай Даротай Міхалюк. Даследчыца будзе таксама падпісваць сваю кнігу «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».
Напрыканцы мінулага года Міністэрства інфармацыі дадало гэтую кнігу ў спіс друкаваных выданняў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Паводле тлумачэння ведамства, змест гэтай кнігі «не адпавядае палажэнням дырэктывы Лукашэнкі аб дзяржаўнай ідэалогіі і можа шкодзіць інтарэсам краіны».
Манаграфія Дароты Міхалюк выйшла па-польску ў выдавецтве Торуньскага ўніверсітэта ў 2010 годзе, а ў перакладзе на беларускую мову — у 2015-м. Фонд Kamunikat.org у мінулым годзе перавыдаў беларускамоўную версію гэтай кнігі ў Беластоку.
У інтэрв’ю фонду Kamunikat.org. Дарота Міхалюк патлумачыла, што яе здзівіла рашэнне беларускіх уладаў: навуковая праца была выдадзеная шмат гадоў таму.
Яна грунтуецца на вельмі шырокіх архіўных пошуках, праведзеных таксама ў беларускіх архівах. Падчас збору матэрыялаў даследчыца не сутыкнулася з ніякімі перашкодамі — архівы былі адкрытыя і даступныя для замежных навукоўцаў без абмежаванняў.
Працуючы над кнігай, аўтарка імкнулася захаваць максімальную аб’ектыўнасць, асвятліць праблему з розных бакоў.
«Беларускія гісторыкі ўжо цікавіліся гэтай праблематыкай. Аднак ніхто з іх не адважыўся на ўсебаковае даследаванне. У Польшчы, калі і цікавіліся гісторыяй Беларусі таго перыяду, то пераважна ў кантэксце польска-беларускіх адносін. Мяне ж зацікавіла спроба будавання дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны і прычыны няўдачы гэтага незалежніцкага праекта. Я падыходзіла да тэмы бесстаронне, імкнучыся растлумачыць прычыны, наступствы і механізмы розных працэсаў і дзеянняў. Манаграфія адразу набыла шмат чытачоў, а рэцэнзіі з’явіліся ў навуковых часопісах у Польшчы, Літве, Беларусі, Расіі неўзабаве пасля выдання па-польску», — сказала аўтарка ў інтэрв’ю.
Таксама яна пракаментавала забарону з пункту гледжання польскага навукоўца: «Я рада, што ў Польшчы мы можам працаваць ва ўмовах свабоды даследаванняў, бо для навукоўца няма нічога горшага, чым уплыў на яго высновы або неабходнасць падладжвацца пад палітычную ідэалогію. Патронам універсітэта ў Торуні, дзе я маю гонар працаваць, з’яўляецца Мікалай Капернік. Нагадаю, што яго навуковая праца «Аб абарачэннях нябесных сфер» таксама трапіла ў Індэкс забароненых кніг, але вядома, чым скончылася гэтае цэнзураванне навукі. Можна спрабаваць хаваць пэўныя даследчыя тэмы, абмяжоўваць доступ да крыніц, але гэта не мае вялікага сэнсу, бо мінулае нельга забараніць, а навуку — пакараць».
Дарота Міхалюк — даследчыца гісторыі Беларусі, Усходняй Еўропы і нацыянальных рухаў. Яна працуе на факультэце гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні і з’яўляецца аўтаркай дзясяткаў артыкулаў, манаграфій і навуковых праектаў. 600-старонкавая манаграфія «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» была адначасова доктарскай дысертацыяй Дароты Міхалюк. Дарэчы, яе род паходзіць з Падляшша, але лінія дзеда з боку маці — з Пружаншчыны, дзяды воляй лёсу ў 1940-я апынуліся па заходні бок новай мяжы.
Замовіць беларускамоўнае выданне можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram