У Беластоку адбудзецца прэзентацыя альбома «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 года». Фотаматэрыялы кнігі былі ўратаваныя ў час сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны

Першага сакавіка ў Падляшскім музеі народнай культуры ў Беластоку адбудзецца прэзентацыя альбома «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году». У выданне ўвайшло каля 300 фотаматэрыялаў, сабраных падчас этнаграфічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам акадэміка Вацлава Ластоўскага на Мазыршчыну і Случчыну.

Нагадаем, што ў альбоме, якое падрыхтавала да друку Czabor Publishing і Skaryna Press, прадстаўлены выявы з арыгінальнага альбома экспедыцыі, які захоўваецца ў Бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Гэта ўнікальны экспанат, які быў уратаваны ў часы Другой сусветнай вайны, калі Беларускі дзяржаўны музей разрабавалі і ягоныя экспанаты былі вывезеныя за мяжу. А калі ўзгадаць, што кіраўнік экспедыцыі, які з’яўляўся прэм’ер-міністрам урада БНР, аўтарам першага падручніка па гісторыі Беларусі, пісьменнік Вацлаў Ластоўскі быў рэпрэсаваны ў 1938 годзе, і адпаведна яго спадчына была знішчана савецкай уладай, то сімвалічная каштоўнасць экспаната — і адпаведна альбома з выявамі з калекцыі — узрастае ў разы.

Трагічны лёс напаткаў і ўдзельнікаў гэтай экспедыцыі: карнікі з НКВД расправіліся з імі.

Уратаваны альбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 года» цяпер даступны шырокай аўдыторыі — летась ён з’явіўся на паліцах лічбавых крамаў. Заўтра, 1 сакавіка, на прэзентацыі выдання ў Падляшскім музеі народнай культуры пра яго стварэнне распавядуць: мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская, аўтарка навуковага артыкула ў выданні, а таксама стваральнік беларускага выдавецтва ў Лондане «Скарына» Ігар Іваноў.

Падчас імпрэзы наведвальнікі атрымаюць магчымасць і ўбачыць рэканструкцыі строяў рэгіёна экспедыцыі. Майстрыха Кацярына Ваданосава прадставіць рэканструкцыю калінкавіцкага строю.

Час і месца прэзентацыі: 1 сакавіка, 13.00; Падляшскі музей народнай культуры (ul. Leśna 7, 16-010 Wasilków). Уваход — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!