У беластоцкім хабе «Новая зямля» сёння пакажуць фільм Валерыя Панамарова «На чорных лядах» 1995 года, — заўважыў тэлеграм-канал «Священный Белавуд».
Гэта мастацкі фільм паводле апавяданняў Васіля Быкава «На Чорных лядах» і «Перад канцом», зняты ў 1995 годзе рэжысёрам Валерыем Панамаровым на кінастудыі «Беларусьфільм».
Аўтары сцэнарыя — Васіль Быкаў і Валерый Панамароў.
«Канец Слуцкага паўстання 1920 года. Некалькі беларускіх паўстанцаў ідуць лясамі, спрабуючы сысці ад бальшавікоў, але неўзабаве разумеюць, што цалкам акружаны. Яны даведаюцца, што чырвоныя забіваюць палонных, а іх целы возяць па вёсках для апазнання. Сваякоў затым таксама расстрэльваюць ці рэпрэсуюць. Каб гэтага не дапусціць, паўстанцы прымаюць рашэнне ўчыніць у глухім месцы групавое самагубства. Самаму малодшаму з іх даручана пахаваць целы, ён застаецца ў жывых», — паведамляецца ў анатацыі.
У 1995 годзе, за дзень да прэмʼеры стужкі, якая павінна была адбыцца ў мінскім кінатэатры «Масква» і пра якую паведамілі СМІ, з кінастудыі «Беларусьфільм» выкралі адзіную яе копію. Пасля сарванай прэмʼеры стужка знайшлася, але шырокая публіка яе гэтак і не ўбачыла, адбыліся толькі тры паказы для вузкай аўдыторыі. На касетах і лічбавых носьбітах трапіла ў Еўропу, ЗША і Аўстралію.
«Гэты фільм не проста змяняў, але, можна сказаць, ламаў нашы агульнапрызнаныя ўяўленні пра грамадзянскую вайну, пра 20-я гады, пра станаўленне незалежнай Беларусі», — пісаў паэт Генадзь Бураўкін.
Паказ фільма адбываецца ў межах Дзён беларускага кіно. Раз на тыдзень у хабе глядзяць мастацкія і дакументальныя стужкі па-беларуску і пра Беларусь, абмяркоўваюць іх і разважаюць над падзеямі.
Уваход вольны.
Дата: 3 верасня (нядзеля).
Час: 18.30.
Месца: ul. Kard. Stefana Wyszyńskiego, 6A, Białystok.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram