Незвычайны курс лекцый «Таямніцы кінахорараў: тэрыторыі, формулы, вобразы» ладзіцца ў незалежнай інстытуцыі мыслення «Беларускі калегіюм». Беларускі культуролаг і кінакрытык Андрэй Расінскі ў чатырох анлайн-выступах распавядае пра сусветныя і беларускія хорары.
«Фільмы жахаў маюць свае таямніцы: таямніцы паходжання, таямніцы тэрыторый — і таямніцы ўласных формул, якім падпарадкоўваюцца страшныя вобразы. Што гэта за формулы, як склаліся тэрыторыі вусцішы — і якое месца на гэтае мапе займае Беларусь? Аўтарскі курс з адсылкамі да малавядомых кінашэдэўраў», — даецца апісанне цыкла на сайце «Беларускага калегіюма».
Ужо адбыліся дзве лекцыі з серыі, але засталіся два не менш цікавыя выступы.
18 студзеня адбудзецца лекцыя пад назвай «Вясковыя змовы, дзеці-забойцы, секс і бензапіла. Тэрыторыя грамадства: выбраныя шыфры ў кіно Паўночнай Амерыкі. Сучасны фольк-хорар».
А 25 студзеня чакаецца выступ, у якім будзе нададзена ўвага, у тым ліку, і беларускаму кіно жахаў — «Тэрыторыя гісторыі: “Дзікае паляванне” Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Чырвоная готыка».
Андрэй Расінскі — беларускі культуразнаўца і кінакрытык, выпускнік Маскоўскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў, сябра FIPRESCI, вывучае кіно жахаў на працягу больш чым дзесяці гадоў. Гэта не першыя лекцыі кінакрытыка па агучанай тэме, але адмыслова для «Беларускага калегіюма» аўтар склаў новую ўнікальную праграму.
«Беларускі калегіюм» — знаная незалежная пляцоўка інтэлектуальнай работы, якая вызначае сябе як універсітэт 5.0 — універсітэт беларускай будучыні. Гэта адначасова публічная пляцоўка, праектная лабараторыя і месца навучання. На платформе акадэмічныя семінары вядуць вядомыя беларускія інтэлектуалы — Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Вінцук Вячорка, Ганна Севярынец, Валянцін Акудовіч; у практыцы ўніверсітэта таксама — і асобныя курсы, якія чытаюць запрошаныя лектары розных гуманітарных спецыяльнасцяў.
Час лекцый «Таямніцы кінахорараў: тэрыторыі, формулы, вобразы» — 18:30–20:00.
Запісацца на курс можна па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram