У беларускіх касцёлах пройдзе фестываль арганнай і камернай музыкі

З 8 чэрвеня па 13 кастрычніка ў касцёлах у Пінску, Мядзведзічах, Ружанах, Іванава і Навагрудку пройдзе фестываль акадэмічнай арганнай і камернай музыкі «Ars Magna Organi» («Вялікае мастацтва аргана»), які складаецца з 56 бясплатных канцэртаў.

Канцэрты высокай акадэмічнай музыкі будуць выконвацца на чатырох гістарычных органах (Пінску, Мядзведзічах, Ружанах і Навагрудку) і адным электрааргане (у Іванава).

Фестываль распачнецца 8 чэрвеня ў Пінску, які з’яўляецца галоўным яго цэнтрам. У мясцовым катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі размешчаны другі па велічыні гістарычны арган 1836–1936 года пабудовы. Тут адбудуцца 23 сольныя арганныя канцэрты і 6 канцэртаў камерных аркестраў і ансамбляў.

Сем сольных арганных канцэртаў пройдуць з 30 чэрвеня па 15 верасня ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна. Яны будуць выкананы на рамантычным аргане 1912 года віленскага майстра Пятра Вайцяховіча.

З 8 чэрвеня па 21 верасня пройдуць сем бясплатных канцэртаў акадэмічнай камернай і ансамблевай музыкі ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку на гістарычным аргане канца XIX стагоддзя, а таксама на клавесінах і спінэце. Арган і клавесіны можна будзе пачуць у розных спалучэннях са скрыпкай, віяланчэллю, флейтай, кларнэтам і вакалам.

І тры ансамблевыя флейтава-арганныя канцэрты пройдуць у ліпені і жніўні ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве (Янаве Палескім) на электрааргане.

Уваход на канцэрты фестывалю — вольны.

За праграмай можна сачыць у інстаграм-акаўнце ці ў Фэйсбуку.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.