Фото: pixabay.com
80,9% кніжнага рынку ў Беларусі за 2024 год прыпадае на рускамоўныя на выданні.
Дадзенымі статыстыкі сёння падзялілася Кніжная палата Беларусі. Такую лічбу ў параўнанні з колькасцю беларускамоўных кніг дзяржустанова патлумачыла «забеспячэннем экспартных магчымасцяў выдавецкага бізнесу».
Доля выпуску беларускамоўных кніг, паводле дадзеных Палаты, па назвах за мінулы год складае 12,5%. На іншых мовах — 6,6%.
Тыраж беларускамоўных кніг за 2024 год — 3,1 мільёнаў экзэмпляраў. Рускамоўных жа — 13 мільёнаў экзэмпляраў, што ў чатыры разы болей.
«Падобныя моўныя тэндэнцыі ў беларускім кнігавыданні захоўваюцца на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, – тлумачыць сітуацыю Кніжная палата. — Штогод на рускай мове выпускаецца ў сярэднім 80% кніг, на беларускай – каля 13%. Разглядаючы гэтую асаблівасць праз прызму кнігавыдання, нельга не ўлічваць такі фактар, як арыентацыя кнігі на тую ці іншую моўную тэрыторыю распаўсюджання кнігі, на нацыянальнага, інтэрнацыянальнага або замежнага спажыўца. Добра арганізаваны выдавецкі бізнес павінен быць арыентаваны на забеспячэнне экспартных магчымасцяў».
Пры гэтым дзяржаўная інстытуцыя адзначыла, што ў дзіцячым кнігавыданні сітуацыя з беларускамоўнымі выданнямі лепшая, чым у літаратуры для дарослых.
«У жанры фальклору (казкі) для дзяцей практычна палова кніг выпускаецца на беларускай мове, у прозе – каля 26%. На наш погляд, такім чынам у грамадстве выяўляецца ўсведамленне неабходнасці і важнасці захавання тытульнай мовы беларусаў як асновы фарміравання нацыі. Засвойваючы родную мову, дзеці спазнаюць думкі, пачуцці, гісторыю сваіх продкаў, убіраюць духоўнае жыццё народа», — адзначае Кніжная палата.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram