«У беларусаў з энергетыкай усё ў парадку»: Руся — пра Varušniak, SPIEVY z-pad mosta і чырвоны — колер любошчаў і сексу

Сёння ў варшаўскім klub REJS распачынаецца Varušniak — вялікае свята музыкі, флірту, агню і кахання. Сёлета падзея, якая абяцае марафон музыкі і танцаў на працягу 24 гадзін, святкуе свой першы год і звяртаецца да аднаго з самых улюбёных святаў беларусаў — Kupalle. Урок купальскіх спеваў ад SPIEVY, летні дэнс з Пікнік LTCŃ, сольны выступ Насты Рыдлеўскай, прэзентацыя альбома Chornabrova з элементамі Штучнага Інтэлекту, выступы KOOB, Ягор Забелаў, SHUMA — гэта толькі частка насычанай праграмы імпрэзы, што прапануе музыку і актыўнасці на любы густ.

Як складаецца лайн-ап фестывалю? Ці разварушыў беларусаў Варушняк? Да чаго даспяваліся SPIEVY z-pad mosta — жаночы хор, у якім беларускі спяваюць народныя песні? Як лечыць песня? Якога пераўвасаблення чакаць ад праекта SHUMA, які сёлета святкуе сваё 10-годдзе? Пра гэта і іншае Reform.news пагутарыў з музыкай, вакальнай тэрапеўткай, папулярызатаркай беларускіх традыцыйных спеваў, культурнай дзяячкай Русяй (Марынай Шукюравай).

Фота: Таццяна Капітонава.

«Каб трымацца адэкватнасці, трэба штосьці рабіць»

Руся, сёлета Varušniak ужо адзначае год. Незаўважна ініцыятыва, якая пачалася вось зусім нядаўна, робіць сваю чацвёртую эдыцыю, і падаецца, не мае намеру спыняцца. Нагадай, калі ласка, як усё пачалося? Хто вырашыў варушыць?

— Усё пачалося з таго, што ў эміграцыі апынуліся я, Лёша Буцько з SHUMA, арганізатар івэнтаў Ян Папкоў. Сабраліся і падумалі, што каб трымацца адэкватнасці, трэба штосьці рабіць. Бо туга па доме крые, да бабулі-дзядулі не паедзеш, што будзем з домам — невядома… Што можа быць выратаваннем у такой сітуацыі — гэта, канешне, сумесная творчасць. Мы вырашылі аб’яднаць нашы высілкі — і зрабілі Varušniak.

У вас адразу быў фокус на беларускай культуры?

— Так, але для нас было важна папулярызаваць беларускую культуру сучаснымі сродкамі. Паказаць, што яна — глыбокая, аўтэнтычная, карнявая, але і прыгожая, стыльная, памежная культура з польскай. Праз што можна было гэта зрабіць? Праз электронную музыку. Бо яна самы просты спосаб музычна праяўляцца для творчай асобы. І гэта тая мова, якая зразумелая ўсім. Маўляў, мы кажам польскай, міжнароднай аўдыторыі — вось наш культурны код, у нас такія святы, такія спевы. І мы выкарыстоўваем самае новае — медыя, стылі, электронную музыку. Давайце знаёміцца.

Varušniak у мінулым годзе. Фота: сацсеткі фестывалю.
Varušniak у мінулым годзе. Фота: сацсеткі фестывалю.

І яшчэ адно — зараз у Беларусі мы назіраем культурны генацыд: закрываюцца культурныя ўстановы, ініцыятывы, які займаюцца фальклорам, даследаваннямі, вывучэннем беларускай культуры. Так, засталіся асобныя адмыслоўцы, але адкрыта дэманстраваць свой кантакт з ідэнтычнасцю небяспечна. І калі дома гэта рабіць нельга, то ў замежжы культурныя актыўнасці — абсалютна бяспечныя, гэта частка нашай прафесіі, жыцця, каштоўнасцей. Для нас тут у эміграцыі даволі проста займацца менавіта асэнсаваннем свайго культурнага коду. Быць яго практыкамі — вышываць, вучыць беларускую мову, спяваць. І рабіць Varušniak.

«На фестывалі асноўная каштоўнасць — гэта кам’юніці»

Сёлета на фестывалі будуць выступаць больш за 30 музыкаў. Гэта прыстойная колькасць, улічваючы тое, што падзея робіцца ў замежжы. Цікава даведацца: як фарміруецца лайн-ап фэсту? Што адбываецца з беларускай музычнай сцэнай на прыкладзе Varušniakу?

— Звычайна гэта робіцца так: мы сядаем чацвёра і пачынаем разважаць, каго б хацелі бачыць на фэсце, і хто рэальна здольны прыехаць. Бо некаторыя артысты жывуць у Беларусі і асцерагаюцца ездзіць за мяжу. Перад іншымі музыкамі, да прыкладу, праблема бяспекі не стаіць, але яны эмацыйна стомленыя ўсім тым, што адбываецца, і не хочуць выступаць. Хтосьці — заняты. Таму я магу сказаць, што на беларускай музычнай сцэне ёсць і ўзнікае шмат цікавага, але маецца розніца паміж плынямі ў эміграцыі і дома. Шчыра кажучы, лайн-ап фарміруецца складана. Але мы радыя і ўдзячныя ўсім музыкам, які знаходзяць час і сілы паварушыць.

VARUŠNIAK ŠČODRYK на пачатку 2024 года. Фота: сацсеткі фестывалю.
VARUŠNIAK ŠČODRYK на пачатку 2024 года. Фота: сацсеткі фестывалю.

— «Варушняк» — прыбытковая ініцыятыва?

— Для шмат каго з боку падаецца, што «Варушняк» — гэта багатая, прыбытковая тусоўка. Гэта не так. Мы зрабілі першы фестываль з дапамогай фондаў, і ў нас адбылася непрыемная сітуацыя, што мы да гэтай пары знаходзімся ў пазыках. Не па нашай віне. Таму другі, трэці, і зараз ужо чацвёрты фэст мы робім сваімі сіламі. І фарміруем лайн-ап, сыходзячы з магчымасцяў. Збольшага ў нас выступаюць артысты, якія не прыводзяць вялікую аўдыторыю. І для нас як для арганізатараў гэта, можа, і непрыбыткова, але як беларусаў, для артыстаў — вельмі каштоўна.

Таму, я бы сказала, што на фестывалі асноўная каштоўнасць — гэта кам’юніці. На івэнце, скажу шчыра, не зарабляюць ні музыкі, ні арганізатары. Але гэта супольнасць людзей, для якіх быць разам, ведаць сваю культуру і сучасна прэзентаваць яе свету — каштоўнасць. Таму ў нас ёсць розныя дамоўленасці з музыкамі: калі мы выходзім у мінус, то гэта адны ўмовы, калі — у нуль, то іншыя, і калі ёсць прыбытак — то проста супер. І артысты пагаджаюцца, разумеючы сітуацыю.

VARUŠNIAK MAŚLIENICA — трэці фэст музыкі і танцаў. Фота: сацсеткі фестывалю.

«Медыцына нашых продкаў»

Руся, дзякуй за шчырасць. Хацелася б пагаварыць пра яшчэ адзін важны праект, у якім ты бярэш удзел апошні год. Гэта творчы праект — жаночы хор SPIEVY z-pad mosta, які таксама будзе выступаць на фестывалі. Аматарскі калектыў, у якім беларускі спяваюць народныя песні. Ці можна казаць, што хор — прыкмета новага этапу ў тваім жыцці? Вось ты адзначала, што сумесная творчая дзейнасць — гэта шлях захоўваць адэкватнасць у эміграцыі. Ці гэта працуе і ў дачыненні да SPIEVY z-pad mosta?

— Безумоўна. Гэты хор пачаўся як тэрапія, але зараз вырас да цалкам прафесійнага калектыву. Мы ўжо нават часам атрымоўваем невялікія ганарары за выступы.

А пачыналася ўсё так: да мяне колісь прыйшла мастачка Караліна Палякова і кажа: «Хочам з дзеўкамі спяваць. Можа, ты навучыш?». Хоць у мяне тады і быў дэпрэсняк, але я пагадзілася, бо прызнацца, ужо даўно марыла стварыць тэрапеўтычную групу са спевамі. Марыла ўжо шмат гадоў, але не хапала смеласці, бо мне б самой спачатку навучыцца спяваць. Але жыццё «пакрамсала» туды-сюды, і я ў свой час атрымала адукацыю музычнай і вакальнай тэрапеўткі. Мне стала больш зразумела, чаму менавіта такія мелодыі, галасы і гукі ў беларускіх традыцыйных спевах, у іншых культурах, як нашы продкі выкарыстоўвалі гучанне і спевы замест псіхатэрапіі, я ведаю цяпер гэта на стопрацэнтна навуковай аснове. Дык вось, калі яшчэ канчала тую вучобу, то думала: «Божухна, вось бы мне групу такую стварыць!». І, нарэшце, дачакалася.

Фота: Паша Клічко.

То-бок вы не толькі спяваеце, а і ствараеце адмысловую прастору падтрымкі адна адной?

— Так. І я вельмі ўдзячная дзяўчатам, што яны захапіліся спевамі, і што нам удалося стварыць прастору даверу паміж адна адной у хоры. Гэта не адразу ўзнікла, бо мы ўсе з сузалежнага мізагіннага рэгіёну, ад гэтых схем цяжка адмаўляцца, і бываюць розныя сітуацыі. Але я назіраю цягам года, наколькі чыстая і адкрытая ў дзяўчат становіцца камунікацыя. «Дзякуй, што можна пабыць з вамі шчырай», «Дзякуй, што вытрымалі маю рэакцыю» — такія словы ўжо часта можна пачуць напрыканцы рэпетыцыі. У хоры мы трэніруем не толькі ўменне спяваць, але рэагаваць у моманце, дзяліцца тым, што адчуваеш, каб не накопліваць крыўду, напругу.

Нагадаю, што напрыканцы мінулага года SPIEVY z-pad mosta давалі канцэрт у Касцёле Святога Аляксандра з зоркай сучаснай беларускай музыкі — кампазітаркай, арганісткай Вольгай Падгайскай. Там рыдалі ўсе: і спявачкі, і музыкі, і ксёндз. Усё было вельмі прыгожа. Гэтага ўдалося дасягнуць і праз спевы, і праз выбудову прасторы даверу ў хоры.

Як лечыць беларуская песня?

— Падзялюся нашым практыкаваннем. У нас ёсць такая частка, размінка, калі мы спяваем, гледзячы адна адной у вочы. Для некаторых людзей па прычыне траўматычных падзей, таго, што яны перажылі, цяжка трымаць вачыма наўпроставы кантакт. І вось пастаяць так тры хвіліны, паспяваць, не адводзячы вачэй, — гэта так глыбока. Сумеснае гучанне. Гэта вялікае лекаванне. Ад чалавека — да чалавека. Медыцына нашых продкаў.

Увогуле наш хор — гэта пра каштоўнасці. Ёсць такая ўкраінская спявачка Лёліка. Яна спявае песню, у якой распавядаецца, што, маўляў, сонца схавалася за хмары, і ўсім стала сумна навокал, а ў мяне ў сэрцы песня, якая ўсіх сагрэе. У гэтай песні ёсць такія словы (спявае): «Усе заспявайма, ды затанцуйма! Няхай усе пабачаць, якога мы роду, і што таго роду няма пераводу…». Проста плакаць хочацца на гэтых словах. Так вось наш хор — ён і пра беларускія спевы, і пра адчуванне бяспекі, беражлівае стаўленне адна да адной, пра тое, што тут у нас вялікая сям’я — столькі сясцёр! І што ў нашага роду няма пераводу.

Фота: Johnny Cosmic.

«Наша сувязь становіцца больш дарослай»

Вельмі прыгожа, Руся. Увогуле ты заўжды падкрэслівала, што ў беларускай традыцыйнай культуры ёсць шмат розных пластоў, але ў тым ліку, шмат сексуальнасці, магіі, прыцягальнасці. Цікава, за апошні час тваё стаўленне да беларускай народнай песні змянілася?

— Я і дагэтуль лічу, што беларуская культура вельмі сексуальная, таму што яна аўтэнтычная, адкрытая, шчырая. З тэкстаў беларускіх песень можна столькі даведацца. І пра сексуальныя позы, і што былі розныя складаныя адносіны паміж рознымі чальцамі сям’і, і пра цяжкасці мацярынства. Ёсць такі радок, напрыклад, у беларускай песні: «А ты люлечка, люлечка мая, каб ты ўжо перакулілася, каб маё дзіцятка роднае забілася». Праз стомленасць маці. То-бок, у беларускай культуры ёсць шмат чаго: і вясёлых, гуллівых, гарэзлівых рэчаў, і глыбокіх, сакральных.

2020 год паўплываў на тваё стаўленне да беларускай песні? Эміграцыя паўплывала?

— Гэта натуральным чынам адбываецца. Хочацца «націснуць» на эміграцыю, што гэта агалілася, стала больш важным, але яно было аголенае і важнае для мяне шмат гадоў. Я гадавалася ў вёсцы, дзе ўсё было прапітана традыцыяй — праз вогнішча скакалі, вянкі плялі, з казой хадзілі, песні спявалі. У мяне былі цудоўныя настаўнікі, якія паказалі мне, як можна без музычнай адукацыі, проста адчуваючы спеў, глыбока паважаючы сваю культуру, працаваць з песняй — гэта Кірыл Насаеў, Ірэна Катвіцкая… Сувязь з беларускай культурай заўсёды была.

Фота: Hanna Šot.

Адзінае, зараз, з цягам часу, мае стаўленне да спеваў стала больш беражлівае. Скажам, калі мы будзем спяваць хорам на публічнай імпрэзе, і побач будзе п’яны мужык скакаць, то я спыню спеў. Я тройчы падумаю, ці варта месца таго, каб тут гучалі нашы песні. Такое стаўленне з’явілася з узростам, калі я сама стала маці, і ведаю, як фарміруецца культура на прыкладзе маленькай асобы. Не хочацца некаторыя рэчы ўсім паказваць. Я пачынаю разумець, як стагоддзямі фарміравалася беларуская культура, колькі тут мудрасці, болю і любові. З кожным годам тут для мяне адкрываюцца глыбіня і блізкасць.

Таму я бы сказала, кажучы мовай псіхатэрапіі, што наша сувязь з песняй становіцца больш дарослай. Я — дарослая, і культура — дарослая, нашмат старэйшая за мяне.

Фота:Tina Zaborowska.

«Расце нешта новае»

Сёлета, заўважыла, спаўняецца ўжо 10 гадоў праекту Shuma. Гэта прыстойны шлях. На твой погляд, у беларусаў за гэтыя 10 гадоў змянілася стаўленне да сваёй культуры?

— Гэта відавочна. Стаўленне змянілася, бо ў культурным поле з’явілася шмат прамоўтараў беларускай культуры — «Троіца», Shuma, Sativa, шмат-шмат гуртоў, якія займаюцца аўтэнтычнымі спевамі і кроскультурнымі праектамі, розныя плыні, жанры. Стала шмат актараў, якія пачалі паказваць, што гэта не сорамна, не «дзярэўня», а наша культура, традыцыя. Вось, паглядзіце, гэта прыкольна, цікава, сексі. І гэта падвысіла культурна-эстэтычную цікаўнасць да пытання. А ўжо 2020 год агаліў балючы нерв, што мы не рускія. Чаму я, жывучы ў Беларусі, не магу насіць тату з арнаментам? Размаўляць на беларускай? Адкрыць ініцыятыву, якая будзе вывучаць спевы, мову? Чаму гэта немагчыма рабіць ў сябе дома? Гэты момант абурэння падняў вялікую хвалю. 2020 год — гэта была бітва за нашу ідэнтычнасць.

Сёння быць далучаным да беларускасці — для мяне гэта выбар дарослага, адукаванага чалавека, якія разумее, у чым сэнс і навошта ён гэты выбар робіць. Не хачу сказаць, што ўсе астатнія людзі некультурныя, проста наша культура і цікаўнасць да мовы захаваліся не дзякуючы, а насуперак рэжыму.

Выступленне Shuma на VARUŠNIAK ŠČODRYK. Фота: сацсеткі фэсту.

Што для цябе важна на дадзеным этапе як для лідаркі праекта Shuma? Апошнім часам у вас не было медыйных, скажам так, выхадаў.

— Так, на дадзеным этапе Shuma знаходзіцца ў «спячым рэжыме», шмат маёй, у прыватнасці, энергіі ідзе на «Варушняк», на «Спевы з-пад моста». Але гэта не значыць, што ў нас няма навінаў. Мы пачалі працу з беларускім прадусарам, які піша для нас па замове электронную музыку. На жаль, імя яго я не магу назваць па прычыне бяспекі — такі зараз час. Мы фарміруем рэпертуар, выбіраем песні.

Адзначу, што сыходзім крыху ў іншы стыль — больш вузкі, больш агрэсіўны. Ты казала ў адным з пытанняў, што беларуская традыцыя — сексуальная, магічная, прыцягальная, так вось, я бы заўважыла, што ў нашай новай праграме цяпер два паслання — гэта пачуццё ўлады і асалоды ад сябе і ад жыцця. Са мной працуе ўкраінская мастачка, якая робіць мне look — так на «Варушняку. Шчодрыку» яна пераўвасобіла мяне ў такую амазонку ў гарсэце з касой — шмат улады, шмат асалоды, шмат сексуальнасці! (смяецца). Часта чую, што пра беларусаў кажуць, маўляў, нейкія вы ні тое ні сёе, некія млявыя, так вось, паспытаўшы на беларусах новае музычнае аблічча Shuma, магу сказаць, што з энергетыкай у нас усё ў парадку. Беларусы не млявыя, проста беражлівыя да жыцця (усміхаецца). Энергіі ў беларусаў хапае.

Фота: сацсеткі Русі.

Так што расце нешта новае ў Shuma, будзе трансфармацыя, і я цікавасцю чакаю нашага новага перараджэння. Увогуле я хачу крыху «перапакаваць» праект, змяніць акцэнты і перазапусціцца з фокусам на еўрапейскі рынак і ЗША. Каб ужо маючы досвед, каманду, устойлівасць — і асабістую, і артыстычную — з больш дарослымі поглядамі і на жыццё, і на шоу-бізнес заехаць туды і быць там амбасадаркай беларускай культуры.

«Чырвоны — колер любошчаў»

Руся, напрыканцы распавядзі, калі ласка, пра ваша пасланне на «Варушняку. Купалле». Такі эратычны ролік прамавуе падзею.

— З задавальненнем. У купальскага свята шмат сэнсаў — на сімвалічных, розных пластах. І сёлета мы выбралі адзін такой пласт — гэта сексуальнасць, фертыльнасць, гуллівасць, флірт, скакаць праз агонь, варажыць на любімага, пускаць вянкі, абдымацца, разам шукаць папараць-кветку.

Чырвоная кветка — сімвал нашай афішы, чырвоны — гэта колер жарсці, любошчаў, сексу. І, у прыватнасці, наш хор «Спевы з-пад моста» сёння парушыць свой чорны дрэс-код і будзе выступаць у крыкліва-чырвоным. Мы падрыхтавалі і гарачы хіт — адну з версій песні «Ой, рана на Івана». Песня вельмі прыгожая, на два галасы, спяваецца з нахлестам, вельмі складаная для выканання. Таксама прарэкламую выступленне нашага хору з музыкай Ягорам Забелавым — ён такі ж шалёны, як і нашы спевы па энергетыцы. І энергетыкі Ягора хопіць на ўсіх дзевак.

Карацей, прадставім вам на фэсце некалькі цікавых спеваў. Хочам павесіць арэлі, каб аўдыторыя гушкалася — матылі ў жываце, усё такое. Уявіце, дзяўчыны ў чырвоным стаяць кругам, арэлі гушкаюць, ты адпачываеш, і спевы на 20-30 галасоў — прыгажосць! І ад нас шмат жаночай энергіі — і дзявочай, і жаночай, і мацярынскай, і сястрынскай! У каго якія адкрытыя раны душы — можаце ад нас браць і лекавацца.

Паглядзець лайн-ап фестывалю Varušniak можна тут. Музычны марафон будзе доўжыцца да 30 чэрвеня 12.00.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!