Што дазволена Юпіцеру не дазволена быку? У мінскай афішы культурных падзей актыўна рэкламуецца спектакль незалежнага расійскага агенцтва ART partner «Гэта ўсё яна» з Вікторыяй Талстаганавай у галоўнай ролі. Пастаноўка расійскага рэжысёра Данілы Чашчына мусіць быць паказана 27 траўня ў канцэртнай зале «Мінск». Але цікаўны факт: толькі ў мінулым годзе аднайменны спектакль па п’есе беларуска-расійскага драматурга Андрэя Іванова быў зняты з рэпертуару Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Што адбылося?
«Гэта ўсё яна» — п’еса Андрэя Іванова, якая была пастаўлена на сцэне Тэатра беларускай драматургіі ў 2016 годзе. Спектакль, які расправядае пра праблему паразумення пакаленняў — маці, каб зразумець свайго сына, з якім у яе не атрымоўваецца наладзіць кантакт у рэальным жыцці, пачынае стасавацца з ім у віртуальнасці, з поспехам ішоў на сцэне Тэатра беларускай драматургіі без малага сем гадоў. Узровень пастаноўкі ў акцёрскім плане трымала выбітная беларуская актрыса Людміла Сідаркевіч, пару ёй складаў малады акцёр Дзмітрый Давідовіч. Спектакль ездзіў на гастролі ў Марока, Грузію, Францыю, Сербію, удзельнічаў у міжнародных тэатральных форумах — у прыватнасці, быў паказаны на прэстыжным Міжнародным тэатральным фестывалі ў Авіньёне у 2017 годзе і атрымаў там прыз у намінацыі “Па-за межамі”, пряняў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Славія 2018» у Бялградзе. Пра яго пісалі крытыкі, ён карыстаўся ўвагай гледачоў, пакуль… Так, пакуль не наступіў 2020 год і тое, што за ім крочыла.
Што здарылася? Справа ў тым, што ў 2016 годзе п’есу Андрэя Іванова паставіла рэжысёрка з Польшчы — Моніка Дабраўлянска, якая супрацоўнічала з беларускімі артыстамі і тэатрамі на працягу многіх гадоў. Але менавіта ў 2023 годзе спадарыня Моніка канчаткова стала непажаданай аўтаркай для беларускай сцэны. Летась градус цэнзуры ў дзяржаўных тэатрах дасягнуў той адзнакі, што пра спектаклі, пастаўленыя польскімі рэжысёрамі — не магло ісці і гаворкі. Як і пра спектаклі, пастаўленыя «не тымі» рэжысёрамі, і творы, напісаныя раптам «не тымі аўтарамі». Увосень 2023 года з рэпертуару, у прыватнасці, РТБД канчаткова зніклі «Сірожа» ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева па п’есе Юліі Чарняўскай і «Кар’ера доктара Рауса» ў рэжысуры таго ж Аляксандра Гарцуева па п’есе Віктара Марціновіча.
Зараз на прыкладзе гастролей расійскага агенцтва ART partner можна бачыць такі расклад: «Гэта ўсё яна» едзе ў Беларусь у якасці дасягнення расійскага тэатра, дакладней расійскай антрэпрызы, а пра існаванне беларускай пастаноўкі, якая ўвайшла ў топ-10 беларускага тэатра другой паловы 2010-х, сёння на тым жа сайце РТБД нельга знайсці і згадкі. Беларускі тэатр упэўнена вяртаецца ў пачатак 2000-х, калі гарадскую афішу складалі антрэпрызы, прывезеныя пераважна ад усходняга суседа з намерам уразіць «правінцыйную» беларускую публіку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram