У «Аноры» Шона Бэйкера — пяць статуэтак. Юрый Барысаў і Дэмі Мур — без узнагародаў. У Лос-Анджэлесе раздалі «Оскараў»

Трыумфатарам 97-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар», якая прайшла сёння ў кінатэатры Dolby ў Лос-Анджэлесе, стала карціна амерыканскага рэжысёра Шона Бэйкера «Анора». Яна выйграла ў пяці намінацыях, у тым ліку як найлепшы фільм. Інтрыга ў дачыненні да акторскіх намінацый вырашылася наступны чынам: Дэмі Мур не атрымала доўгачаканую статуэтку — найлепшай актрысай прызналі Майкі Медысан за ролі Аноры. Без узнагароды застаўся і расійскі актор Юра Барысаў, якога вылучалі ў катэгорыі «Найлепшы актор другога плана».

Шон Бэйкер асабіста атрымаў прызнанне ў чатырох намінацыях — як найлепшы рэжысёр, прадзюсар, мантажор і аўтар арыгінальнага сцэнара. Ён выконваў усе гэтыя ролі ў «Аноры».

Працу Майкі Медысан, якая сыграла ў «Аноры» моцную і ўразлівую танцаўшчыцу стрыптыз-клуба, кінаакадэмікі палічылі больш пераканаўчай за ігру Дэмі Мур («Субстанцыя), Сінтыі Эрыва («Злая: казка пра ведзьму Захаду»), Карлы Сафіі Гаскон («Эмілія Перэс»), Фернанду Торэс («Я ўсё яшчэ тут»). Канкурэнцыя была моцнай, але Майкі перамагла. Адзначым, што маладой амерыканскай артыстцы, якая нарадзілася ў Лос-Анджэлесе, і на тры чвэрці з’яўляецца габрэйкай-ашкеназі, на чвэрць — брытанкай, 25 гадоў.

Майкі Медысан.

Свой другі «Оскар» у кар’еры займеў Эдрыян Броўдзі — за ролю архітэкатара Ласло Тота ў карціне «Бруталіст» Брэйдзі Корбера.

Эмігранцкая драма пра венгерскага архітэктара габрэйскага паходжання, які перажыў Халакост, была адзначана таксама ў катэгорыях «Найлепшая музыка да фільма» — Дэніэл Блумбэрг і «Найлепшая аператарская праца» — Лу Кроўлі.

Эдрыян Броўдзі атрымаў свой другі «Оскар» у кар’еры.

Пераможцай у катэгорыі «Найлепшая актрыса другога плану» стала Зоі Салдана — за ролю Рыты Мары Кастра ў мюзікле «Эмілія Перэс» яны атрымала ўжо мноства ўзнагарод.

Нагадаем, што карціна Жака Адыяра, галоўны якой — наркадылер, які вырашае «выйсці з ігры» і дзеля гэтага змяняе свой пол, была намінавана ў трынаццаці катэгорыях і лічылася галоўным фаварытам прэміі. Па выніку мюзікл быў адзначаны толькі ў дзвюх: за акторскую працу Зоі Салдана і за найлепшую песню да фільма. Аўтарамі запамінальнай кампазіцыі El Mal з’яўляюцца Клюман Дзюколь, Каміль і Жак Адыяр. «Оскар» ім на цырымоніі ўручаў Мік Джагер.

Расійскага актора Юру Барысава ў катэгорыі «Найлепшы актор другога плана» абышоў амерыканец Кіран Калкін — кінаакадэмія ацаніла яго ігру ў фільме «Сапраўдны боль».

Кіран Калкін абышоў Юру Барысава, атрымаўшы статуэтку ад кінаакадэміі як найлепшы актор другога плана.

Найлепшым фільмам на замежнай мове стала бразільская драма «Я ўсё яшчэ тут» Вальтэра Салеса, у якой распавядаецца пра рэпрэсіі падчас ваеннай дыктатуры ў краіне.

Трыумфальным стаў 97-мы «Оскар» і для латвійскіх аніматараў. Стужка Гінтса Зілбалодзіса «Плынь» пра падарожжа ката і кампаніі на караблі падчас патопу перамагла ў катэгорыі «Найлепшы анімацыйны фільм».

Каманда анімацыйнай стужкі «Плынь» — фільм прынёс Латвіі першы «Оскар».

«Канклаў» Эдварда Бергера атрымаў перамогу ў катэгорыі «Найлепшы адаптаваны сцэнар» — над ім працаваў Пітэр Строхан.

Найлепшай дакументальнай карцінай стала «Няма іншай зямлі», над стварэннем якой працавалі палесцінскія і ізраільскія кінематаграфісты: Базэль Адра, Рэйчэл Сор, Хамдан Балал і Юваль Абрахам. Падчас цырымоніі аўтары стужкі заклікалі да спынення вайны паміж Ізраілем і Палесцінай.

Глядзець поўны спіс пераможцаў 97-й прэміі «Оскар» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!