У адкрыцці Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Беластоку прыме ўдзел беларускі Concordia Choir

Культура
Уручэнне ўзнагарод Concordia Choir на феставалі царкоўнай музыкі ў Беластоку ў 2022 годзе. Фота: festiwal-hajnowka.pl

43-ці Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2024» пачынаецца ў Беластоку 29 траўня ў канцэртнай залі Падляшскай оперы і філармоніі.

Сёлетні фестываль прысвечаны памяці шматгадовага старшыні журы фестывалю прафесара Рамуальда Твардоўскага. У межах фестывалю ў Беластоку выступяць хары з Польшчы, Украіны, Літвы, Малдовы, Венгрыі і Арменіі.

Беларусь прадставіць Concordia Choir з Варшавы.

«Радыё Рацыя» пагутарыла з дырэктарам фестывалю Мікалаем Бушко, які распавёў, што царкоўныя хары з Беларусі — прафесійныя і самадзейныя — раней часта прымалі ўдзел у імпрэзе, аднак апошнім часам гэта становіцца вельмі складаным: «Мы ўсе разумеем, і хары разумеюць, што не мелі б шанцаў на выезд з Беларусі. Таксама як няма афіцыйных заявак з Расеі з вядомых прычын. Мы шкадуем таму, што калі б было інакш, то мы б з прыемнасцю прадставілі нашай публіцы выдатныя, прафесійныя хары нашых лаўрэатаў з Беларусі ці Расеі. Да гэтага часу мы прынялі амаль усе прафесійныя хары і амаль усе найлепшыя аматарскія, хоць ствараюцца і новыя. Гэта датычыць і Расеі. Я мяркую, што мы прымалі эліту беларускіх і расейскіх хароў і самадзейных калектываў».

43-ці фестываль распачнецца канцэртам, у якім прымае ўдзел Concordia Choir.

Reform.news пацікавіўся ў мастацкага кіраўніка і дырыжора Concordia Choir Галіны Казіміроўскай пра асаблівасці сёлетняй імпрэзы.

«Concordia Choir прадстаўляе Беларусь ужо трэці раз на гэтым фестывалі. У 2022 годзе мы былі запрошаны, каб узяць удзел у конкурскай праграме, і занялі першае месца. Таму ў наступным 2023 годзе мы як пераможцы арганізавалі сольны канцэрт «Магутны Божа», на якім выконвалі духоўныя творы беларускіх аўтараў.

Сёлета ўдзельнічаем трэці запар, але не ў конкурсе, а ў адкрыцці фестывалю, у канцэрце «Трохгалоссе за мір», ідэя якога — яднанне народаў супраць вайны.

З хароў трох краін — украінскага хору «Софія», польскага «Mus Arietes» i беларускага «Concordia» — зрабілі адзіны, зводны. Праграма складзена ў асноўным з твораў украінскіх кампазітараў.

Мы пачынаем з «Великай Єктеніі», музыкі Лесі Дзічко, але ўсе адказы ў гэтай малітве мы праспяваем на трох мовах, каб паказаць тое, што нас яднае.

Сярод гэтай праграмы ёсць твор польскага кампазітара Рамуальда Твардоўскага, шматгадовага старшыні журы фестывалю, шчыльна звязанага з беларускай і ўкраінскай харавой культурай. Ён памёр зусім нядаўна, таму фестываль прысвечаны яго памяці. Ён некалі ўдзельнічаў у стварэнні праграмы для нашага сольнага канцэрта.

Таксама мы ўсе разам заспяваем твор беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, якога мы ведаем па музыцы да «Пагоні». Мы выканаем унікальны твор, адзін са знойдзеных у архіве лонданскай беларускай бібліятэкі, у арыгінале ён напісаны на царкоўнаславянскай мове, але мы праспяваем яго ў перакладзе Аляксандра Надсана. Твор названы «Дар міру», ён даволі вялікі, яго працягласць — восем хвілін.

Асобны акцэнт будзе зроблены на памяці герояў, на тых людзях, якія зараз паміраюць падчас вайны. Мы будзем спяваць украінскі твор «Вічная пам’ять», які прысвячаем ахвярам вайны».

Цікава, што ў фестывалі прагучыць і царкоўная музыка Вялікага Княства Літоўскага, якую выканае мужчынскі камерны ансамбль царкоўных спеваў з Познані «Partes» пад кіраўніцтвам Міхала Лашэвіча, хормайстра і кампазітара з Беластока.

Фестываль пройдзе з 29 траўня па 2 чэрвеня ў канцэртнай залі Падляшскай оперы і філармоніі па адрасе: Беласток, ul. Podleśna, 2.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: