У Галерэі Максіміліяна Гуца (Galerie Maximilian Hutz) у аўстрыйскім горадзе Хард адкрылася выстава Аліны Куніцынай пад назвай «TANZMA».
Аліна Куніцына нарадзілася ў Мінску, жыве і працуе ў Аўстрыі. Закончыла мастацкі ліцэй у Мінску, вывучала жывапіс і графіку ва Універсітэце дызайну ў Лінцы і новыя медыя ў Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Вене.
Тэмы складкі і ракавіны займаюць цэнтральнае месца ў творчасці Аліны Куніцынай. Праз гэтыя вобразы мастачка вырашае пытанне цела, яго прысутнасці і адсутнасці, а таксама апявае гульню ўтойвання і адкрыцця, абяцанняў, спакусы і расчаравання.
На выставе аўтарка паказала працы тушшу, вялікафарматныя алейныя карціны і скульптуры. Калі ў сваіх працах тушшу і алеем мастачка стварае ілюзію рэальнасці ўвасобленых прадметаў, то тыя ж самыя прадметы (звычайна гэта загадкавыя формы з тканін), увасобленыя ў выглядзе скульптур, перадаюць зусім іншую рэальнасць.
Для гэтай сюррэалістычна-псіхадэлічнай гульні мастачка старанна адбірае канкрэтныя аб’екты са свайго асяроддзя, прыдатныя для ўвасаблення ўяўнага і нематэрыяльнага. Вызначальнай тэмай у філасофска-марфалагічнай сістэме, якую яна строга выбудоўвае, з’яўляецца абалонка, за якой хаваецца сфера нябачнага і нематэрыяльнага.
Выстава Аліны Куніцынай будзе працаваць да 26 кастрычніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram