Новая плытка Onin беларуска-польскага праекта Fantastic Swimmers з’явілася ў сеціве ўжо 1 студзеня.
Fantastic Swimmers на чале з паэтам і музыкай Віктарам Сямашкам — калектыў, які дазваляе сабе эксперымент і авангард, вольны джаз і акадэмічную музыку. Новы альбом — атмасферны і «аб’ёмны» па гуку, які, у тым ліку, дазваляе сабе і прысутнасць электронікі, можна назваць альбомам «пераходу». З 2022-га ў 2023 год, з фортэ ў піяна, з аднаго эмацыйнага стану ў іншы, з паверхні — у глыбіню. Onin — гэта альбом колкіх гукаў і вакальных уколаў, прыгожых пераклічак духавых і «гучання» паўз, альбом неспакою, «шэпту і крыкаў» і адначасова альбом-выдых.
Віктар Сямашка выкарыстоўвае фартэпіяна не толькі як клавішны, але і як струнны, нават ударны інструмент — і таму словы «поліфанія», «шматгучнасць» узнікаюць самі сабой. Onin — гэта заплыў па настрою часам і ў вусцішныя воды (у прыватнасці, апошняя кампазіцыя In), але гэта, створаная музыкамі гурта вусціш, — без перабольшання сапраўдны peace of art. «Ты больш, чым твой боль» — для тых, хто мае падтрымку ў словах, на плытцы ёсць і кампазіцыя з тэкстам-падказкай.
Незабыўны вакал у альбоме належыць Вераніцы Лось (Vieranika Łoś). Кларнет, бас-кларнет — Пётар Мэлэх (Piotr Mełech). Труба, труба Пікала — Альгерд Далкальскі (Olgierd Dolkalski). Фартэпіяна — Віктар Сямашка.
Альбом быў запісаны на Quality Studio у Варшаве. Гук, звядзенне, майстарынг — Радаслаў Беднарок.
«Фантастычныя плыўцы» на самым пачатку года паказваюць фантастычны ўзровень, пераўзысці які будзе няпроста.
Слухаць новы твор музыкаў можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram