«Тут зробяць новыя пешаходныя сувязі»: у Пінску вырубілі пяцідзесяцігадовыя блакітныя яліны ля францысканскага касцёла

У Пінску мясцовыя ўлады вырубілі прыгожыя блакітныя яліны ў цэнтры горада — па вуліцы Леніна ля францысканскага касцёла. Дрэвам было каля пяцідзесяці гадоў.

Згубіў не толькі горад і пінчане — у ялінах 17 гадоў жыла сям’я соваў. «Зараз сава знаходзіцца ў стрэсе, сядзіць проста на бардзюры», — распавялі пра сітуацыю Onliner.by мясцовыя жыхары. Людзі баяцца, што сава загіне.

«Тут зробяць новыя пешаходныя сувязі»: у Пінску вырубілі пяцідзесяцігадовыя блакітныя яліны ля францысканскага касцёла«Тут зробяць новыя пешаходныя сувязі»: у Пінску вырубілі пяцідзесяцігадовыя блакітныя яліны ля францысканскага касцёла
Фота: onliner.by.

Пайсці на такія жорсткія меры мясцовыя ўлады вырашыліся ў сувязі з аднаўленнем манумента, які ў народзе называюць «штыкі» — дрэвы атачалі помнік у гонар вызвалення Пінска. Правесці капітальны рамант абеліска і навакольнай тэрыторыі вырашылі да 80-годдзя Перамогі.

З улікам таго, што трэба было замяняць дарожкі, якія на сённяшні дзень пашкоджаны каранямі высокарослых дрэў, як ні шкада, але прыйшлося выдаліць раней пасаджаныя яліны. Яліны былі пасаджаныя дзесьці ў 1976 годзе, – распавёў пра сітуацыю ТРК «Пинск» начальнік ЖРЭУ Генадзь Дубойскі. – Усе дарожкі, пад’ёмы, прыступкі – усё гэта будзе выканана ў плітцы. Плітка абрана як працяг пешаходкі, каб гэта зайграла адным ансамблем.

 

«Дрэвы намагаліся захаваць, але з улікам камунікацый і дарожак, якія праходзяць, гэта не ўяўлялася магчымым. Моцная каранёвая сістэма разбурала пешаходныя сувязі. Але гараджанам не варта перажываць: работнікі ўчастка зялёнага будаўніцтва высадзяць новыя саджанцы, — дапоўніў карціну карэспандэнт. — Гэта не ўсе кардынальныя змены. Іншае аблічча набудзе і фантан. Плануецца, што Дзень Перамогі пінчукі змогуць сустрэць ля абноўленага абеліска».

Так абеліск выглядаў раней. Скрыншот з тэлерэпартажа
Так тэрыторыя вакол абеліску выглядае цяпер. Скрыншот з тэлерэпартажа

Як пракаментаваў логіку разважанняў карэспандэнта тэлеграм-канал «Спадчына», гэта не паддаецца крытыцы.

«Перакладзіце дарожкі так, каб яны не шкодзілі дрэвам. Дрэвы з усіх сіл стараліся выжыць пад слаямі зімовай солі і гарадскіх выхлапаў, адрасцілі вялікае карэнішча. А іх спілавалі, бо «каранёвая сістэма разбурала пешаходныя сувязі», — давяла каманда тэлеграм-канала, які піша пра гісторыка-культурную спадчыну.

Аказалася, што не з’яўляецца законнай у гэтым выпадку і вырубка дрэваў, у якіх знаходзяцца гнёзды птушак. Паводзіны савы, якая сядзела на бардзюры на адкрытай мясцовасці, не намагаючыся схавацца ад людзей, з’яўляюцца нетыповымі — гэта сведчыць пра тое, што птушка дэзарыентавана, знаходзіцца ў моцным стрэсе, ці можа нават паранена. Сваім меркаваннем на гэты конт падзялілася з Onliner.by загадчыца лабараторыі арніталогіі навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Ірына Самусенка.

Ёсць два варыянты развіцця падзей. Птушка магла выкарыстоўваць цяпер ссечаныя дрэвы ў якасці хованкі. Вушастыя совы часта трымаюцца круглы год паблізу сваіх гнездавых участкаў, яны вельмі любяць густыя елкі, у якіх можна добра схавацца. Аднак, улічваючы даты і паведамленні ад мясцовых жыхароў, якія назіралі тут птушак неаднаразова, наяўнасць гнязда цалкам верагодна. Гэта значыць дрэва магло быць ссечана разам з гняздом. А гэта катэгарычна забаронена.

Згодна з артыкулам 16 Закона аб жывёльным свеце, «пры ажыццяўленні карыстання аб’ектамі жывёльнага свету забараняецца збор яек птушак, разбурэнне жылля дзікіх жывёл (гнёздаў, нор, хатак і іншага жылля)». Ёсць у законе і некалькі выключэнняў, аднак да дадзенага выпадку яны не адносяцца.

Па заканадаўстве выдаляць дрэвы з гнёздамі птушак можна ў перыяд з 16 жніўня па 15 лютага. Астатняе лічыцца незаконным. Такія дзеянні маюць наступствы: надыходзіць адказнасць па КаАП. Якая? Штраф. Ён розны для юрыдычных і фізічных асоб, — тлумачыць Ірына Самусенка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!