Ва ўрочышчы Барок каля Гарадка, што ў Падляшскім ваяводстве, 14 і 15 ліпеня праходзіў Фестываль абуджаных «Тутака». Трэці год запар на пляцоўцы, дзе шмат гадоў збіраліся прыхільнікі «Басовішча», ладзіўся новы фэст, адметнасцю якога з’яўляецца не толькі музычны складнік, але разнастайныя культурныя актыўнасці, дыскусіі.
Акрамя канцэртаў у праграме «Тутакі» былі бізнес-канферэнцыі, прэзентацыі, майстар-класы, выступленні пісьменнікаў, культуролагаў, бізнесоўцаў, кінематаграфістаў. Вялікі блок мерaпрыемстваў прадугледжваўся для дзяцей. Працаваў кірмаш, дзе можа было набыць беларускія сувеніры і мерч ад вядомых майстроў.
У натоўпе можна было сустрэць шмат культурных дзеячaў, медыйшчыкаў, палітыкаў. Фестываль наведалi Святлана Ціханоўская, Павел Латушка.
Агулам на падзею прыехала некалькі тысяч чалавек.
«Атмасфера была вельмі разняволеная, — распавёў Reform.by пра свае ўражэнні ад «Тутакі» кінакрытык Тарас Тарналіцкі. — Людзі шмат жартавалі, стасаваліся, — не толькі беларусы, але і палякі. Госці прыехалі з Беластока, Варшавы, іншых гарадоў, каб пажыць два дні ў намётах на свежым паветры, сустрэцца з тымі, хто мае з табой адны каштоўнасці і ідэалы, адчуць, што тут Беларусь, якая на радзіме зараз немагчыма. Добры фэст. Я быў на «Варушняку» і «Гучна фэсце», але «Тутака» мне падаўся самым вялікім з беларускіх фестываляў і самым утульным».
Для Reform.by Тарас Тарналіцкі зрабіў фотарэпартаж з культурніцка-музычнага форуму, якім мы і дзелімся.
Фестываль Абуджаных «Тутака» адбыўся пад Ганаровым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Анджэя Дуды.