Трыццаць музыкаў на трох сцэнах: каманда Varušniak ладзіць музычны фэст Kupallie ў Варшаве

«Такога Купалля яшчэ дакладна не было: на музычным фэсце зможа пабавіцца і дзіцёнак, і начны госць тэхна сцэны. Агулам болей за трыццаць музыкаў зайграюць на Купаллі на трох пляцоўках», — так анансуе каманда Varušniak сваю першую імпрэзу — святкаванне старадаўняга беларускага абраду Купалле.

«Ноч чараўніцтва, магіі, пошукаў папараць кветкі, цырымоніі агню і вады. І, вядома ж, асноўная частка купальскіх абрадаў праводзіцца ноччу», — запрашаюць на фэст музыкі.

На Kupallie гасцей чакае:

  • 18 гадзін музыкі нон-стоп;
  • дзіцячая зона;
  • цікавосткі ад беларускіх ініцыятываў;
  • рынак i фудкорт;
  • месца для ёгі;
  • спевы і танцы ля вогнішча;
  • начны рэйв.

На фэсце будуць іграць: Šuma, Пятро Клюеў, Papa Bo Selektah — агулам болей за тры дзясяткі музыкаў і дыджэяў. Музыка будзе на любы густ на трох сцэнах ад праектаў: derschein_platform, Belarus Outside Sound System, KarmaWarszawa i Shoom.records.

Ладзіць купальскі марафон ініцыятыва Varušniak — кам’юніці культурных дзеячаў беларускай дыяспары ў Варшаве: прамоўтары, артысты, мастакі, дызайнеры, піяр. Varušniak заклікае творчую грамаду эмігрантаў аб’ядноўвацца ў адзін вялікі беларускі варушняк, каб ісці насустрач адно адному.

«Разам мы здольныя разьвіваць сваю культуру i сваю этнічную ідэнтычнасьць. Паасобку здзейсьніць гэта цяжка», — гаворыцца на старонцы «Варушняка» ў Instagram.

Уваход на Купалле будзе ад 20 злотых. Сродкі з квіткоў пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным беларускім дзеячам культуры.

Звяртаем увагу, што падзея адбудзецца 1 ліпеня. Месца: Rejs Club (Piotra Bardowskiego, 2A).

Сачыць за навінамі можна на старонцы «Варушняка».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.