«Троху гісторый з харошым канцом»: Leibonik выдаў поп-рок-рэп-баладу пра каханне

«169-145» — такую назву мае новы трэк беларускага музыкі Сяргея Башлыкевіча (Leibonik), які спявак прэзентаваў сёння на ўсіх музычных платформах. Аўтар «Эмігранцкай песні», слыннага альбома «Там» напісаў пяшчотную поп-рок-рэп-баладу з драйвовым гітарным пройгрышам і кранальным шматслоўным тэкстам — і гэта сутыкненне ў кампазіцыі працуе на ўсе сто.

У творчасці Leibonikа ёсць характэрны эфект, калі расказаная ў трэках «забаўная» гісторыя раптам пачынае адгукацца, і, як кажуць, «вярэдзіць душу». Вось, здаецца, было смешна і забаўна, а потым ловіш сябе на тым, што ў пэўных момантах гэтай «умоўнай гутаркі» ледзь стрымліваеш слёзы. У lyrics творцы шмат дэталяў, наваротаў, падрабязнасцей, «шарахаватасці» жывой размовы, адсылак да беларускай культпрасторы, пасхалак ды рознага іншага, але галоўны інгрыдыент — вядома, шчырасць, якая і падкупае. І яшчэ адзін момант — за «расповедам» у песнях Сяргея Башлыкевіча займальна сачыць — як той казаў, «што там далей здарыцца». Але, вядома, тут можна вар’іраваць з колькасцю тэкста ў залежнасці ад творчых мэтаў. У новай кампазіцыі тэкст — гэта ўжо нават асобны герой, які вядзе ў нечаканам напрамку і дае рады да самага канца.

Адзначым, што і музычны складнік у выканаўцы не на другім месцы — доказам таму акурат і стаў альбом «Там». Эксперымент працягваецца і ў новай кампазіцыі, у якой злучаюцца: рытмічная перкусія, «ласкавая» частка, дзе гучыць выключна сінтазатар і вакал, і выхад на прыпеў — той самый драйвовы гітарны пройгрыш. Гэта ўжо тая вольная сумесь поп-року, «софт»-рэпу і індзі, якая інтрыгуе і чапляе. Адным словам, мы маем справу з дакладна еўрапейскай музыкай і пры гэтым на беларускай мове.

«Ну й дык як песня? Паспелі нешта з яе запомніць? Пра што пішам далей? Больш тэксту? Менш тэксту? Што па гітары? І галоўнае — што ж гэта за жанр?», —  прэзентуючы твор, звяртаецца да слухачоў Сяргей Башлыкевіч.

Як кажуць, прапануем самім скласці «169»і «145», і не выключаем, што ў вас атрымаецца свая гісторыя — з восеньскім вайбам, трамваямі-слімакамі, Мінскам, Насцяй з Ліды і гітарным прыпевам.

Аўтар вокладкі для сінгла — @leanovich. Фота: сацсеткі.

Слухаць новую кампазіцыю можна тут і тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!