Фота: В.С.
Беларуская журналістка, тэлевядоўца і культурная дзеячка Каця Пытлева паведаміла ў сваіх сацыяльных сетках цяжкую навіну — пасля трох гадоў рэмісіі яна зноў сутыкнулася з ракам. Абследаванне паказала наяўнасць метастазаў у пазваночніку.
Па словах Каці, гэтыя паўтара месяца чакання вынікаў пасля першых падазрэнняў былі «пеклам», аднак цяпер, калі сітуацыя праяснілася, прыходзіць пэўная палёгка.
Журналістка палічыла важным падзяліцца тэхнічнымі дэталямі для тых, хто знаходзіцца ў рэмісіі. Пасля з’яўлення неўласцівых сімптомаў яна папрасіла прызначыць аналіз крыві на анкамаркеры (канкрэтна CA 15-3), які аказаўся павышаным. Гэта стала штуршком для далейшай КТ і пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ), якія і паказалі метастазы ў пазваночніку і костцы.
«Пішу ўсё гэта, каб самой усвядоміць рэальнасць таго, што адбываецца. Цяпер чакаю званка ад лекара, каб зразумець, што з усім гэтым рабіць. Неяк так. Дапамога пакуль не патрэбная, адчуваю сябе як звычайна, ніякіх сур’ёзных сімптомаў пакуль няма. Толькі трэба неяк зноў навучыцца дыхаць», — напісала яна.
Нагадаем, Каця Пытлева ўжо вяла адкрытую барацьбу з анкалогіяй. Летам 2022 года яна паведаміла пра свой першы дыягназ — рак малочнай залозы. На працягу некалькіх гадоў яна праходзіла цяжкое лячэнне ў эміграцыі і стала адным з галасоў, якія адкрыта парушылі табу вакол гэтай тэмы. Разам з іншымі беларускамі яна рабіла адкрытыя праекты і дакументальныя фільмы пра вопыт жанчын у рэмісіі («Каця і Каця. Рак, рэмісія і жаночыя»), дапамагаючы сотням іншых спраўляцца з шокам і трывогай. Пасля таго яна тры гады паспяхова знаходзілася ў рэмісіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram