Малюнак Валерыя Ляшкевіча. Фота: сацсеткі
У гомельскай Карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі адкрылася выстава мясцовай славутасці – Валерыя Ляшкевіча. Доўгія гады гэты бяздомны мастак начаваў на чыгуначным вакзале, спаў на лаўках і адначасова маляваў свае творы на вуліцах горада.
У Гомель ён пераехаў ў 1996 годзе, вярнуўшыся з Санкт-Пецярбурга (дзе некалькі разоў спрабаваў паступаць у Акадэмію мастацтваў, а калі не атрымалася, уладкаваўся туды дворнікам і жыў там у службовым памяшканні). У роднай вёсцы Чкалава пад Гомелем яго ніхто не чакаў: бацькі памерлі, а ў доме жыў яго брат з сям’ёй. Тады мастак проста пасяліўся на вуліцы і маляваў свае незвычайныя карціны, у якіх перапляталіся сюжэты твораў Сервантэса, яго ўласная біяграфія і глабальныя праблемы сучаснасці.
Паступова ён стаў сімвалам горада, якога ведаў ледзь не кожны гамяльчук.
Яго заўважылі і ацанілі і за межамі Гомеля. У 2014 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася яго персанальная выстава, а тэлеканал АНТ зняў пра яго Дакументальны фільм «Скрыжаванне», які заваяваў мноства міжнародных узнагарод. У ім паказана, як талент ідзе насуперак звыклым нормам.
Валерыю спрабавалі дапамагчы з жыллём улады і неабыякавыя людзі. Нацыянальны мастацкі музей выкупіў некалькі яго работ. Але ён усё роўна вяртаўся на вуліцу.
Цяпер 76-гадовы Валерый Ляшкевіч жыве на здымнай кватэры, яму дапамагаюць маладая гомельская мастачка Анастасія Талстая з мужам і прыхільнікі яго творчасці. У Валерыя нават з’явілася старонка ў Instagram, дзе можна сачыць за яго жыццём і творчасцю, — піша выданне «Белка».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram