Сёння ў рубрыцы «Выбранае чытанне» гісторык і крытык Дзяніс Марціновіч бярэ на разбор раман Вікторыі Кляўко «Вырай» — адзін з самых гучных твораў, які сёння актыўна чытаюць у Беларусі. Чаму менавіта гэтая кніга выстрэліла на афіцыйным кніжным рынку, ці варта шукаць у ёй плагіят на Еву Вежнавец і чаму за тэрапеўтычнай меладрамай хаваецца супярэчлівы ідэалагічны каркас — чытайце ў разборы.
***
Адмоўная рэклама — таксама рухавік прагрэсу. Скажу шчыра: мая цікавасць да рамана Вікторыі Кляўко «Вырай» з’явілася ў першую чаргу з-за абвінавачвання яго аўтаркі ў плагіяце. Маўляў, апошняя скапіравала сюжэт у Евы Вежнавец, перастварыўшы на ўласны манер яе знакамітую кніжку «Па што ідзеш, воўча?». Што было насамрэч і якім атрымаўся гэты раман — вырашыў разабрацца.
Натуральна, абвінавачванне ў плаціяце было не адзінай прычынай узяцца за раман. Як тэатральнага крытыка мяне цікавіў гэты матэрыял, бо менавіта на падставе «Вырая» трупа дзяржаўнага Купалаўскага тэатра зрабіла чытку — да нядаўняга часу гэта быў ці не адзіны твор айчыннай літаратуры, увасоблены на яго сцэне. Удакладнім толькі, што гаворка пра рускамоўны твор, перакладзены на беларускую супрацоўніцай гэтага тэатра Аляксандрай Гарбуновай.
Але і ў гэтым была свая цікавасць. Бо ў «Мастацкую літаратуру», галоўнае дзяржаўнае выдавецтва, пераважная большасць сучасных пісьменнікаў цяпер трапіць не могуць, стаўка — каб чаго не выйшла — цяпер робіцца на правераную класіку. А «Вырай» — пераможца конкурсу LitUP (2024), арганізаванага Міністэрствам інфармацыі — выйшаў ужо другім накладам у стыльным афармленні мастака Сяргея Піліповіча. Чым не сведчанне яго запатрабаванасці ў чытачоў, якім недаступная большасць айчыннай літаратуры, выдадзенай за мяжой.
Не варта скідваць з рахункаў і свецкі складнік. Кляўко вядомая і як гаспадыня літаратурнага клуба «МанаЛІТ36», што месціцца ў былым пісьменніцкім доме насупраць Купалаўскага (кватэру аўтарка набыла ў дачкі Янкі Брыля). Такім чынам, яе гісторыя — прыклад паспяховай рускамоўнай пісьменніцы, выпускніцы курсаў пісьменніцкага майстэрства пры маскоўскім Літінстытуце, якая змагла знайсці сябе ў сучасных рэаліях. Знаёмства з «Выраем» — лепшы шанец зразумець, як тое стала магчымым.
Адразу канстатуем: ніякага капіравання сюжэту няма. Журналістаў, на жаль, увяло ў зман падабенства ў завязцы абодвух твораў. Сапраўды, і там, і там галоўныя гераіні, жанчыны сярэдніх гадоў, вяртаюцца дадому пасля працы за мяжой. Алкагалічка Рына з «Па што ідзеш, воўча?» даглядала там мясцовых старых. Марыя з «Выраю» выкладала рускую мову ў берлінскім універсітэце Гумбальдта. Але глабальна на гэтым падабенствы і сканчваюцца.
Для Вежнавец вяртанне на радзіму стала нагодай для рэфлексіі над мінулым і сучаснасцю. Бо гісторыя Рыны была толькі адной з сюжэтных лініяў (другая — гісторыя шаптухі Дарошкі, яе бабулі). На старонках «Па што ідзеш, воўча?» паўставаў народны погляд на айчынную гісторыю як час бясконцых пакутаў і гвалту, самыя істотныя падзеі ХХ стагоддзя праектаваліся на лёсы беларусаў. Гэта моцная і глыбокая кніга, стала, можна сказаць, жывой класікай — нездарма за мяжой выходзіць то адзін, то другі яе пераклад.
Для Кляўко вяртанне галоўнай гераіні — нагода выключна для асабістых рэфлексій. Гістарычныя ці сучасныя праблемы у «Выраі» ніяк не закранаюцца. Грамадская пазіцыя кагосьці з герояў праяўляецца толькі аднойчы. «Тата быў камуністам і ганарыўся гэтым, таму ў іх сям’і ўсё і заўсёды было для партыі і дзеля партыі. Нават набыццё лішняй сукенкі для падрослай дачкі трэба было абгрунтаваць, каб атрымаць дазвол у старшыні сямейнай партыі ў асобе ідэйнага бацькі», — піша літаратарка (цікава, што Васілю Быкаву такую характарыстыку яго Сотнікава ўпісваў рэдактар, каб аповесць прайшла цэнзуру). Каб пазбегнуць непазбежных пытанняў пра сучаснасць, дзеянне рамана пераносіцца ў 2017 год, што дазваляе гераіні без цяжкасцяў вандраваць на самалётах «Белавія» па цяжкадаступнай цяпер еўрапейскай прасторы.
Дзеянне «Выраю» адбываецца ў двух часавых пластах. У 1980-я, калі маладая Марыя — школьніца з Расонскага раёна, што на Віцебшчыне — пачынае сустракацца са сваім аднакласнікам Янам. А праз 27 гадоў, у 2010-я, калі галоўная гераіня прыязджае на радзіму з-за хваробы мамы — і вымушаная вырашаць праблемы і адказваць на пытанні, якія адкладала і заганяла ўнутр сябе цягам дзесяцігоддзяў.
«Вырай» — першая кніга Кляўко з усімі плюсамі і мінусамі, уласцівымі большасці дэбютантаў. Яна чытэльная. Шчырая там, дзе справа тычыцца пачуццяў. Шмат у чым сентыментальная і меладраматычная.
Прасцей параўнаць яе не з бестселерам Вежнавец, а з «Площадью согласия» Наталлі Батраковай — надзвычай папулярнай у нулявыя рускамоўнай пісьменніцай. У рамане апошняй якраз распавядалася гісторыя студэнцкага кахання, страчанага па дурасці герояў, інтрыг зайздроснікаў і фатальнага збегу абставінаў — праз дзесяцігоддзі яно атрымлівае новы шанец.
Кляўко – як і яе “папярэдніца” – не толькі робіць відавочную стаўку на пачуццёвасць і эмоцыі ў пераказе сваіх гісторый, але і імкнецца расцягнуць асалоду і зрабіць шлях герояў адзін да аднаго максімальна даўгім і няпростым. Здавалася вось-вось, як яны кінуцца адно аднаму ў абдымкі (у “Выраі” гэта адбудзецца нават не ў пераносным, а ў прамым сэнсе, прычым не адзін, а ажно некалькі разоў), як Кляўко вырашае, што рана, і разводзіць іх да новай непазбежнай сустрэчы. Часам натуральна, часцей — з элементам штучнасці. Такія эпізоды літаральна просяцца пад рэдактарскія скарачэнні.
Узнікаюць пытанні і з магчымым уз’яднаннем герояў. Адна з прычын, чаму ў маладосці разышліся Марыя і Ян — рознае бачанне будучыні. Яна бачыла яе ў вялікім горадзе, куды марыла трапіць, ён — у вёсцы. З гадамі іх пазіцыі не змяніліся.
Яна — гуманітарый, якой цікавая навука і выкладанне. На радзіме — прынамсі да сярэдзіны кнігі — яна сябе не бачыла.
«Азірнулася па баках — становішча гняло яшчэ больш. Пабітыя дарогі пасля тыдня праліўных дажджоў уяўлялі з сябе адну вялікую каламутную лужыну. Хаты пакрывіліся, дзе-нідзе прагнілі і абваліліся дахі, відаць, што частка хат закінутая і забытая сваімі гаспадарамі праз непатрэбнасць. І не дзіўна, бо якому нармальнаму чалавеку можа спатрэбіцца такое шчасце?», — разважае Марыя па прыездзе з Германіі.
Ён — матэрыяліст, якому даспадобы праца сваімі рукамі.
Іх разыходжанні не зніклі, наадварот, хутчэй паглыбіліся, яны пражылі ладную частку жыцця кожны ў сваёй сістэме каардынат. Фармальна гэта не перашкода каханню. Хутчэй, каменны мур, калі разважаць катэгорыямі сумеснага жыцця, дзе кожны не ўяўляе сябе ў прасторыі іншага.
І вось тут я бачу галоўную супярэчнасць «Вырая»: каб разбурыць гэты мур і давесці кнігу да лагічнага — з аўтарскага пункту гледжання — фіналу — Вікторыя Кляўко пачынае з азартам граць у адныя вароты.
«А там што… Толькі грошы зарабляй, а потым марнуй іх на лекі і псіхолагаў. Там праз аднаго калекі! Хто фізічна, хто маральна. І ўсе кудысьці спяшаюцца, спяшаюцца жыць, хутчэй, вышэй, мацней. Спаборнічаюць бясконца адно з адным. Як быццам шчасце ў гэтых самых мільёнах ці званнях… А тут усё па-іншаму. Вось яно жыццё, бяры і жыві», — кажа Ян пра вясковае жыццё. Марыя маўчыць, пачынаючы ў глыбіні душы пакрысе згаджацца з ім. Хоць мясцовы доктар на старонках рамана справядліва наракае на суцэльны алкагалізм сярод вяскоўцаў. Таму, дзе больш таго калецтва, яшчэ можна падыскутаваць.
У выніку псіхалагічна абгрунтаваныя жыццёвыя пазіцыі герояў пачынаюць знікаць. Дакладней, з дзвюх пазіцый застаецца толькі адна — тая, якую аўтарка вуснамі свайго героя лічыць правільнай.
У інтэрв’ю пісьменніца (сёння, дарэчы, Вікторыя таксама пазіцыянуе сябе і як літаратуразнаўца) прызнавалася, што асобныя падзеі маюць амаль дакументальны характар. Напрыклад, сцэны, калі яе бабуля трапіла ў рэанімацыю – яна занатоўвала ўражанні пасля іх адразу. І гэта адчуваецца, бо тыя сцэны — адны з лепшых у рамане. У іх — як ні пафасна гэта прагучыць — адчуваецца праўда жыцця, перажытая пісьменніцай.
«У палаце было душна, вокны былі шчыльна зачыненыя, а ручкі ў аконных рамах абачліва выкручаныя, чыгунныя батарэі смажылі, паскараючы працэсы закісання, узмацняючы ўсе гніласныя пахі, быццам хворыя пачалі раскладацца, не дачакаўшыся фізічнай смерці. Хлорка і медыкаменты не перабівалі гэтага ванітоўнага кіслага паху. Кабета на суседнім ложку зноў і зноў закатвала вочы, агаляючы бялкі, і адрывіста стагнала, учапіўшыся яшчэ рабочай рукой за металічную агароджу ложка», — піша аўтарка.
Гэткая ж рэалістычнасць бачыцца ў момантах, калі дзеянне адбываецца ў сялянскай хаце — калісьці сваёй, цяпер чужой, з якой гераіня імкнецца знайсці агульную мову. Сама атмасфера дома перададзена тонка і паэтычна.
Але там, дзе аўтарка пачынае будаваць канструкцыю, з’яўляюцца нестыкоўкі. У «Выраі» вельмі яскрава супрацьпастаўляецца «добрая» вёска і «кепскі» горад. У рамане наогул няма ніводнага станоўчага «гарадскога» персанажа. Аляксей, брат Марыі, які эміграваў за акіян у Лос-Анжэлес і пазіцыянаваў сябе паспяховым бізнэсмэнам, у выніку аказваецца алкаголікам і чэрствай асобай. Ён не жадае прыязджаць да сваёй старэнькай маці ды яшчэ і па-хамску перабівае хор жанчын на развітанні з маці. Між іншым, жаданне вандраваць і жыць па-багатаму, якім ён заразіў сястру, з’явілася ў яго пасля таго, як ён пачаў слухаць «Голас Амерыкі». Ірына, жонка Аляксея — паказана класічнай сцервай. Гарадскія аднакурсніцы галоўнай гераіні па сталічнаму філфаку БДУ — залатая моладзь. Юрген — нямецкі партнёр Марыі — самазакаханы і эгаістычны. Нават у сэксе ён думае пра сябе, а не задавальненне жанчыны. Сябры Юргена размаўляюць толькі пра фінансы і г. д.
«І няпраўду кажуць, што працы няма, што сяло загінаецца… Магчымасцяў процьма, галоўнае працаваць, а не сядзець, склаўшы рукі, чакаючы, што нехта прыйдзе і зробіць усё за цябе, арганізуе тут табе рай на зямлі. Э, не, тут ты сам сабе гэты рай ствараеш, потам і крывёй, калі хочаш. Сваімі рукамі кожны дзень куеш сабе шчасце. Ну і людзі… Сапраўдныя, разумееш? Тут усё напраўду. Калі любяць, то ад душы і не за мільёны, калі ненавідзяць, дык адразу ў пысу б’юць. Тут не будуць перад табой выдыгаць, крывадушнічаць, каб атрымаць выгаду ад цябе, тут не трэба стаяць на дыбачках, строіць з сябе нешта. Так, простыя людзі, так, можа дзесьці малапісьменныя, але затое праўды ў іх больш, чым ва ўсіх гэтых банкіраў і бізнесоўцаў. Ведаў я такіх там, працаваў з імі. Не спрачаюся, не ўсе такія, заўсёды ёсць выключэнні, але мой досвед такі. А тут калі радасць, то ўсёй вёскай цешацца, калі гора, то ўся вёска дапамагае, хто чым можа. Там жа ўсім на ўсіх усё адно. Памрэш адзін у сваім гэтым шматпавярховіку, у гэтым чалавечым мурашніку, і ніхто нават не спытаецца пра цябе, калі ты выгады не прыносіш і на працу не трэба…», — прамаўляе Ян свой антыкапіталістычны і антыгарадскі маніфест.
Для балансу ў раман даводзіцца дадаць аж дзвюх адмоўных вясковых гераінь. Адна, Каця Сямёнава, аднакласніца Марыі і Яна, уведзена дзеля ролі класічнага школьнага ворага. Другая — маці апошняй, настаўніца рускай мовы і літаратуры, рукамі якой і ажыццяўляецца помста (Марыі свядома заніжаюць адзнакі, бо Ян звяртае ўвагу не на яе дачку). Але фактычна гэтая гісторыя ўводзіцца для большага мелодраматызму. Пасля выбачэнняў Каця знікне ў першай палове рамана і больш не з’явіцца — не самае лепшае кампазіцыйнае рашэнне.
Агулам жа, вёска ў аўтаркі паўстае выраем, птушыным раем, апраўдвае назву кнігі. А вось замежжа — чысцецом. Сімвалічна, што галоўная гераіня прыязджае з няўтольнай і чужой Германіі – менавіта так трактуе яе пісьменніца – халоднай эгаісткай, якая гадамі не размаўляе з лепшай сяброўкай, не спачувае сваякам, што страцілі блізкіх, і дэманструе скепсіс ад выбару тавараў у раённым універсаме. Але радзіма дазваляе ёй расслабіцца, скінуць шоры і зноў стаць жывым чалавекам.
Стварэнне чорна-белага свету — права аўтаркі, але гэта, на жаль, не выглядае пераканаўчым. Натуральна, камусьці можа і не спадабацца Берлін з яго Пергамонскім музеем і Берлінале. Гэта выключна справа густу (хоць мне чамусьці здаецца, што інтэлектуалка Марыя б тое ацаніла). Але Вікторыя Кляўко — наўмысна ці не — ніяк не згадвае істотныя акалічнасці. Вось галоўная гераіня паступае ў ВНУ і пераязджае ў Мінск, у выніку пэўных падзей (не буду спойлерыць) разыходзіцца з хлопцам… і як тая гераіня фільма «Масква слязам не верыць», прачынаецца паспяховай выкладчыцай у нямецкай сталіцы. Але ж відавочна былі людзі, якія дапамагалі і спрыялі ёй як у Мінску, так і ў Берліне. Але пра ўсё гэта ні слова, бо ў адваротным выпадку рушыцца сканструяваная аўтаркай канцэпцыя, а замежжа падаецца ўжо не такім халодным і чэрствым. Бо праблема не ў ім, а ў жыццёвым крызісе гераіні, а месца жыхарства проста трапляе пад гарачую руку.
Менавіта таму фінал рамана, як у асабістым, так і ў творчым плане (Марыя раптоўна пачынае пісаць прозу, за якую не бралася з маладосці), на жаль, не пераконвае. Але гэта акалічнасць шмат у чым тлумачыць яго поспех. Чыноўнікам прыйдзе даспадобы любоў да малой радзімы і ўспрыманне заходнікаў як халодных людзей. Калі ж заплюшчыць вочы на акалічнасці, пра якія ішла гаворка, чытачоў не пакіне абыякавай кранальная гісторыя кахання. Агулам жа ўсім нам у цяперашніх умовах не хапае тэрапіі. «Вырай» дорыць тое напоўніцу.
Праект «Выбранае чытанне» — прастора аналітычнага і рэфлексіўнага пісьма пра сучасную беларускую літаратуру. Сёння беларускія кнігі нараджаюцца па розныя бакі межаў — праз цэнзуру, пераслед і вымушанае выгнанне. У гэтай рубрыцы мы імкнемся злучыць разрозненыя голасы і падтрымаць жывую літаратурную дыскусію, якой бы ні была цемра вакол.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram