«Так Заяц баязлівец ці не?»: Таццяна Дзівакова — пра новы спектакль, рэчы, якія цягнуць назад, і беларускі тэатр у эміграцыі

Таццяна Дзівакова — беларуская мастачка, сцэнографка, акцёрка, якая працуе з новымі ідэямі тэатра. Пасля пераезду з Беларусі ў Польшчу Таццяна распачала адмысловы тэрапеўтычны праект для беларусаў, у межах якога людзі маглі падзяліцца сваімі страхамі і турботамі. Практыка тэрапеўтычных сустрэч вывела тэатральную мастачку да стварэння інтэрактыўнага спектакля. «рЭвалюцыя Зайца» — такую назву мае пастаноўка, якую ўвасобіў на сцэне рэжысёр і муж Таццяны — Юрый Дзівакоў.

«Увогуле мы прыдумалі гэты праект яшчэ шмат гадоў таму, — прызнаецца наша візаві, — але ўвесь час наша сям’я была занятая пераездамі. Змянілі 15 кватэр, і гэты Заяц пераследаваў нас усё жыццё. Аднойчы я зразумела, як можна зрабіць так, каб гэта гісторыя выйшла на больш грунтоўны ўзровень. Не так, як у казцы. Я сама за гэты час вырасла, шмат чаго зразумела, і пастаноўка, нарэшце, нарадзілася. Па шчырасці, гэты Заяц — я сама», — кажа мастачка.

Так беларусы ўсё ж коцікі ці зайцы? Якое самае вялікае расчараванне сёння яны нясуць у сябе? Ці вынайшаў беларускі тэатр новую мастацкую мову, каб асэнсаваць тыя падзеі, што адбываюцца з намі? Што ўразіла мастачку ў шведскім тэатры? Ці ёсць будучыня ў беларускага тэатра ў эміграцыі? Напярэдадні новых паказаў «рЭвалюцыі Зайца» ў Беластоку і Варшаве Reform.by распытаў беларускую мастачку пра тое, як прыжываецца ў польскім асяродку беларускі тэатр.

Фота з асабістага архіву Таццяны Дзіваковай.

«Ці ёсць у Зайца выбар?»

Таццяна, ведаю, што твой спектакль мае ў даробку тэрапеўтычныя практыкі, якія ты вяла ў Польшчы з беларусамі. То-бок тыя заняткі сталі глебай, падмуркам, на якім паўстала твая пастаноўка. Распавядзі пра гэта, калі ласка.

— Так, усё верна, пачыналася ўсё з такой адмысловай тэрапеўтычнай групы, на якой мы з дарослымі і дзецьмі абмяркоўвалі розныя тэмы.

Правесці такія заняткі мне прапанавала некалі мая сяброўка. Маўляў, у беларусаў ёсць такі запыт — як размаўляць з дзецьмі пра эміграцыю. І гэта пытанне адразу запусціла ў маёй свядомасці шмат вобразаў. Я ўзнавіла казку «Ліс і Заяц», і на гэтай глебе пачала маляваць карцінкі, ілюстрацыі, плакаты. І так размова з супольнасцю набыла мастацкае вымярэнне.

А што было потым?

— А потым я патрапіла ў тэатральную рэзідэнцыю ў Варшаве. І да мяне далучыўся рэжысёр і акцёрка. З імі ідэя развілася да інтэрактыўнага спектаклю, нават прасторы, у якой глядач таксама вырабляе свайго героя. Я люблю, калі праз рукі, праз розныя сенсітыўныя сродкі людзі спрабуюць разабрацца ў тэме — разабрацца ў сабе. Спектакль нарадзіўся ў выніку доўгага шляху. Але тым больш мне важная яго цяперашняя форма — адмысловай прасторы, у якой я прапаную гледачам стаць часткай пастаноўкі, дзеяння, і ў выніку дыялогу, які адбываецца, адказаць на тыя пытанні, што іх хвалююць.

Ілюстрыцыі з архіву Таццяны Дзіваковай.

Што адбываецца падчас дзеі? Можаш распавесці, калі гэта не будзе спойлерам?

— Магу. Я сустракаю гледачоў і праводжу іх па своеасаблівай экспазіцыі выставы. Падвожу іх да таго, што мы зараз пабачым, і нарэшце да нашага героя — Зайца, які ажывае. Потым я аддаю гледачоў акцёрцы, якая распавядае гісторыю нашага героя. Пасля дзеі я зноў забіраю групу ў майстэрню, дзе мы разам ствараем ужо свайго персанажа.

Падкрэслю, што спектакль ствараўся камандай. Разам са мной акрамя акцёркі і рэжысёра працавалі: Вольга Падгайская  — кампазітар, Віталь Эпаў — аўдыямастарынг, Паўліна Камарова — фота і відэа.

Хто такі гэты Заяц?

— Народная казка «Ліс і Заяц», што служыць падмуркам для пастаноўкі, гэта толькі «шкілет», на які мы далей «нарошчваем» уласныя эмоцыі і досвед.

А пачынаецца гісторыя з таго, што ў Зайца адабралі дом — сюжэт, мяркую, блізкі цяпер многім беларусам. Але гэта гісторыя — усё ж атрымалася ўніверсальнай. Яе можа зразумець кожны. Я паказвала пастаноўку польскаму гледачу, і ўзнікала гэта цікавасць і адначасова напружанне, калі дзеці пачыналі пытацца ў бацькоў: што такое эміграцыя? І бацькі, падбіраючы словы, стараліся патлумачыць: хто такі эмігрант, чаму людзі бываюць вымушаны пакінуць свой дом, краіну.

У цэлым, для мяне гэты спектакль пра «сукупнасць усяго», што адбылося з намі за апошнія тры гады. У пастаноўцы ёсць адказ і на абвінавачанне ў тым, што «беларусы — трусы». Мяне асабіста гэта моцна зачапіла. Але як некалі казаў Стрындберг, — сустрэнемся ў маім наступным тэксце, я вам адкажу на ўсё прэтэнзіі. Так вось і я прапаную сустрэцца на спектаклі, — вы там усё ўбачыце і пачуеце. Там ёсць усе «нашы» пытанні: так баязлівец Заяц ці не? Альбо герой? І хто такі герой, увогуле? Герой нараджаецца, ці ім становяцца? І ці ёсць у чалавека (Зайца) выбар быць героем, альбо яго няма?

«Змены — непазбежныя»

Заяц, які раптам згубіў дом. Таня, калі мы перанясем гэту метафару на цябе, як ты, твая сям’я прайшлі шлях эміграцыі? Увогуле, пачынаць можна не толькі з яго, а з пражывання ўсіх траўматычных падзей за апошнія тры гады.

— Што сказаць, цяжка. Калі мы пераехалі ў Польшчу, то першы час жылі ў сяброў. І як я казала раней, маёй працай былі тэрапеўтычныя заняткі для беларусаў. Шчыра кажучы, падтрымліваць людзей мне ўдавалася з апошніх сіл.

Потым, калі мы знайшлі тут сваё месца, дзе будзем жыць, усё больш-менш «устаканілася», я… «развалілася». Месяц не магла працаваць — проста было вельмі дрэнна. Скажу прама — выбрацца з гэтай дэпрэсіўнай ямы мне дапамаглі псіхолагі.

І гэта вельмі важна, каб побач быў чалавек у рэсурсе, які табе дапаможа.

А потым мне спатрэбіўся яшчэ год, каб выйсці з панічнага стану. Пры гэтым ты можаш працаваць, штосьці рабіць, але «размарозка» адбываецца вельмі павольна. Шмат новай інфармацыі, новыя камунікацыі на розных мовах. Плюс дзіцёнак, якому трэба пайсці ў дзіцячы садок, і табе трэба камунікаваць з сістэмай, якую ты не ведаеш. Трэба рабіць шмат чаго новага, чаго ты ніколі не рабіў. Але ўстаеш і робіш, бо ў цябе няма выбару. Як той Заяц з майго спектаклю — ідзеш і дамагаешся.

Фрагмент спектаклю «рЭвалюцыя Зайца». Фота з архіву Таццяны Дзіваковай.

Якое, на твой погляд, галоўнае расчараванне, якое зараз у сабе нясуць беларусы?

— Мне падаецца, што ў нас у свядомасці застаўся такі момант, што маўляў, мы iшлі-iшлі і не дайшлі. Не завяршылі тое, што пачалі. І людзі часта ставяць сабе гэта ў віну, абясцэньваючы тое, што ўдалося зрабіць.

Па-другое, нам вельмі складана пазбавіцца ад такой ідэі, надзеі — не ведаю якое тут падабраць слова — што нас хтосьці выратуе. Што нехта прыйдзе і ўсё разруліць. Лічу, што гэта пагубныя рэчы — яны толькі цягнуць нас назад.

Вядома, у мяне няма «адзінага правільнага рашэння», як кожнаму дзейнічаць. І я, у прыватнасці, прапаноўваю гледачам на сваёй пастаноўцы разам шукаць варыянты выйсця. Але наш Заяц цягам свайго досведу вучыцца таму, як нягледзячы на ўсе беды, паверыць у сябе і дасягнуць сваёй мэты. Мне падаецца, што нам варта рабіць так, як робіць наш герой — варта падтрымліваць сябе сваімі ж дзеяннямі.

Асабіста я прыйшла да разумення, што мы не ў нейкай канчатковай кропцы, а ў сярэдзіне шляху. А значыць змены — непазбежныя, іх баяцца — нармальна, але галоўнае рухацца далей і спрабаваць маленькімі крокамі ісці да сваёй мэты.

Таццяна Дзівакова. 2017 год. Фота: Dark Matter.

«Гэта «бачнасць» — прынцыповая»

Таццяна, ты кажаш пра вельмі важныя рэчы. Але як часам вытрымаць? Беларусы ў эміграцыі і беларусы ў Беларусі — усе перажываюць вялікі стрэс. Усе намагаюцца, як той Заяц, знайсці, наблізіць новы дом. І меркаванняў як гэта зрабіць — мноства.

— Мне падаецца, што ўсе мы моцна пасталелі за гэты перыяд. Ведаеш, беларусаў шмат гадоў, дзесяцігоддзямі, мо нават і стагоддзямі, вучылі таму, каб заставацца ў баку. Не лезці ў палітыку, «у важныя справы», «у гэты бруд» і г. д. А зараз беларускае грамадства — актыўная яго частка — пачала браць адказнасць на сябе. Мы спрабуем быць самастойнымі, прымаць рашэнні, не слухаючы нейкага «дзядзьку», адважваемся на тое, што ніколі не рабілі. Я часам у думках згадваю Святлану Ціханоўскую. Ці яна выбірала свой шлях? Але вось так здарылася, што ёй прыйшлося пайсці па ім. І яна ўзяла на сябе адказнасць, і, што называецца, цягне. І робіць. І не спыняецца. І часам мне становіцца вельмі смешна ад таго, калі ёй «прылятае» за нейкі кубак. Людзі, вы чаго? Вось чаму яшчэ варта вучыцца беларусам — так гэта дамаўляцца. Хтосьці штосьці стварае, вынаходзіць, спрабуе — і можна на яго наваліцца і «дзяўбці», а можна пракамунікаваць і разам пашукаць лепшае рашэнне. Вось гэта для беларусаў цяпер галоўны выклік — камунікацыя.

У сваім спектаклі я таксама раблю стаўку на дыялог, кантакт — і ў сённяшні абставінах мне падаецца гэта мегаважным.

То-бок ты спрабуеш знайсці формы ў тэатры, якія б дазвалялі асэнсаваць нашу рэчаіснасць, так?

— Ты зараз закранаеш вельмі важную для мяне тэму. Што сёння ёсць для нас тэатр, так? Кожны, вядома, выбірае і вынаходзіць тую форму тэатральнага мастацтва, якая яму бліжэй. Але ты маеш рацыю — я хачу адысці ад тых фарматаў, якія панавалі і пануюць у нашым традыцыйным, скажам так, рэпертуарным тэатры. Калі ты прыходзіш у памяшканне, глядзіш спектакль на сцэне працяглы час, а потым сыходзіш. На гэтым усё! Мне падаецца, што наша грамадства сёння змянілася, і яно стала больш адкрытае да іншых формаў узаемадзеяння.

Фота са спектаклю «рЭвалюцыя Зайца». Архіў Таццяны Дзіваковай.

Што ты маеш на ўвазе?

— На маю думку, мы зараз падыходзім да тых формаў, якія ў 1970-я, скажам, пачала выкарыстоўваць Швецыя. Тагачасны шведскі тэатр усвядоміў, што ім патрэбны іншы кантакт з гледачом. У пастаноўках новай формы яны адмовіліся ад чацвёртай сцяны, акцёры па-іншаму пачалі ўзаемадзейнічаць з гледачом, па-іншаму стаў падавацца тэкст. Дарэчы, шмат гэтага ёсць і ў польскім тэатры.

Ведаеш, у нашым — скажам так — беларускім (традыцыйным) тэатры мы настолькі прызвычаіліся размаўляць з грамадствам «паміж радкоў», што зрабіць празрыстае выказванне — аказваецца вялікім выпрабаваннем. То-бок, калі пачынаеш казаць са сцэны шчыра і ад свайго імя, — то адчуваеш сябе нібыта без вопраткі, адчуваеш уразлівым і крохкім. І неабходна мець вельмі моцны псіхалагічны стан, каб вытрымаць самыя розныя рэакцыі, які могуць прыйсці ў адказ. Ты мусіш ведаць, што адказаць, як працаваць з публікай. Тут ужо не схаваешся за персанажам, вобразам.

Наколькі гатовы беларускі глядач, на твой погляд, уключыцца ў такія праекты?

— Я бачу, што ён мае ў гэтым патрэбу. Але разумею таксама, што гэта няпроста.

Ведаеш, я магу цудоўна ўявіць сябе на месцы публікі. Маўляў, адчапіцеся вы, я хачу спакойна пасядзець у зале тры гадзіны і сысці, я хачу адпачнуць. Ніхто не адмаўляе і такіх варыянтаў — тэатры павінны быць розныя. Але новы фармат уключанасці ў агульную размову дае большы плён. Так, ты становішся бачным у такой форме тэатра, але гэта «бачнасць» — прынцыповая і кажа пра вельмі важныя рэчы. Ты не проста ананімны глядач з апошняга шэрагу, твае меркаванне, успрыманне мае вагу. Слухаць адно аднаго, адказваць, умець задаваць пытанні, адчуваць, што з табой зараз адбываецца, дзе ты, ці ты ўзнаўляеш чыесьці думкі, альбо кажаш сваё персанальнае меркаванне… У такой камунікацыі запускаюцца вельмі важныя працэсы. Падобны тэатр сёння для нас усіх — і стваральнікаў, і гледачоў — вельмі важны досвед. Можа быць, гэта акурат тое месца, дзе мы можам прагаварыць усё, што прайшлі за гэты час.

Птушка, створаная сваімі рукамі маленькім гледачом пасля прагляду спектакля «рЭвалюцыя Зайца». Фота з архіву Таццяны Дзіваковай.

«Тэатр можа фарміраваць асобы»

Таццяна, ці быў у цябе досвед працы ў замежных тэатрах?

— Проста цяпер я акурат задзейнічана ў шведска-беларускім праекце. І гэта для мяне — вялікая навука, шчыра кажучы. У іх зусім іншая сістэма працы, і часам у мяне валасы дыбам устаюць ад таго, як гэта робіцца, — у іх існуе вельмі жорсткі графік. Але я дазваляю сябе пабыць у гэтай сістэме і паспрабаваць штосьці іншае.

Ды ўсё ж мае разуменне тэатра пачало мяняцца раней — гэта да адказу на твае пытанне. Мне вельмі дапамагла стажыроўка ў Швецыі пэўны час таму. Падчас яе я пераканалася ў тым, што тэатр можа дзейнічаць як паўнавартасная інстытуцыя — ён можа фарміраваць асобы. І гэта розніца моцна кінулася ў вочы пасля нашых тэатраў, які, на жаль, сёння знаходзяцца ў жорсткіх ідэалагічных і камерцыйных рамках. (Нагадаю, што ў беларускіх тэатрах, нягледзячы на ідэалагічны складнік, ніхто не адмяняў планы па напаўняльнасці залы).

Але лепш раскажу гісторыю са шведскага тэатра.

Давай.

— Гэта быў паказ пластычнага спектаклю ў Швецыі, на які прыйшлі дзеці прыкладна чатырох гадоў. Да малых выйшаў супрацоўнік тэатра і распавёў ім пра тое, што яны зараз убачаць. Маўляў, гэта будзе танец, што там ёсць вось такі сюжэт, у дзеі будзе адбывацца тое і тое. Дзеці паслухалі і пачалі глядзець. І што ты думаеш? Усе 35 хвілін, што доўжылася пастаноўка, малыя сачылі за дзеяннем, што называецца, не адводзячы вачэй. Паўтару, што гэта быў пластычны спектакль, там не было словаў, мова танца была даволі вобразная, зусім не ілюстрацыйная. Але дзеці ўсё «счытвалі» — яны смяяліся ў патрэбных момантах, рэагавалі там, дзе трэба рэагаваць. Яны зразумелі ўсю вобразную канву. А потым, пасля спектаклю, гэтых чатырохгодак папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі. І дзеці казалі, што ім спадабалася, а што — не.

Такога, шчыра кажучы, я не бачыла нідзе.

Фота з архіву Таццяны Дзіваковай.

То-бок я адчула ў гэтым падыходзе жаданне вырасціць свядомага гледача. Не проста дзяцей загналі ў залу, як у нас бывае, і яны там пааралі, бо святло выключылі. Да гледача — нават такога маленькага — тут ёсць падыход, павага. Потым і на іншых пастаноўках у Швецыі я заўважала, што публіку могуць рыхтаваць да таго, што яны ўбачаць, — і гэта ніяк не замінае потым гледачу пражыць усё дзеянне, і адчуць тое, што адчуваюць героі. І пры такім стаўленні людзям цікава ісці ў тэатр. Асаблівы гэта тычыцца малых. І я мяркую, што ў будучым гэта маленькая асоба, якая вырасла на такім тэатры, будзе больш адкрытая і эмпатычная для многіх рэчаў. Мне падаецца, што яна і жыццё будзе па-іншаму адчуваць.

Тое, пра што ты казала раней — камунікацыя, як важнае звяно ўсяго працэсу.

— Так. Але я разумею, што мы пакуль толькі выйшлі на гэта перакрыжаванне — калі бачым, што можна пайсці туды, а можна — сюды. Можна развівацца вось так, а можна — ісці ходжанай дарогай.

Але мне падаецца, што шмат хто з беларускіх рэжысёраў, акцёраў адчуваюць гэты момант зменаў. І калі мы пачнем гэту размову з публікай, нягледзячы на першыя складанасці, глядач нас падтрымае. Нельга забараніць чамусьці змяняцца.

Юрый Дзівакоў і Таццяна Дзівакова. Фота: Dark Matter.

«Калі мы будзем закрытыя, то проста зварымся ва ўласным соку»

Таццяна, а як сёння выглядае беларускі тэатр у польскай эміграцыі?

— Па-рознаму. За сябе скажу — калі я б не трапіла ў рэзідэнцыю ў Тэатр «Паўшэхны» ў Варшаве, то было б зусім цяжка. Пераезд, ты наноў сябе збіраеш, і не ведаеш з чаго пачынаць, куды ісці.

Але я пазнаёмілася з беларускай куратаркай і арт-менеджаркай Воляй Мжэльскай, яна ў Варшаве вельмі дапамагае беларускім культурным дзеячам і дзяячкам, завязаліся пэўныя сувязі…

А потым адбываецца тое, пра што я табе расказала раней — ты ўстаеш і пачынаеш спрабаваць. Спачатку я дасылала «емейлы» ў розныя фонды, інстытуцыі, — глуха. Потым пачала грукацца ў польскія дамы культуры. І ведаеш, мне пайшлі насустрач. Палякі ў гэтым плане вельмі адкрытыя — іх сетка ўстаноў культуры акурат створана для таго, каб садзейнічаць развіццю мясцовай супольнасці, каб людзі маглі бачыць самыя розныя спектаклі, выступленні, былі ўключаны ў творчасць. На сёння мы ўжо выступілі з «рЭвалюцыяй Зайца» ў Сопаце, Уроцлаве, наперадзе — выступленне ў Беластоку, знайшлі пляцоўку і ў Варшаве.

Доўгі час, сапраўды, ты знаходзішся ў прафесійнай збянтэжанасці — да каго ісці, куды падаваць свой праект, як дзейнічаць правільна, каб цябе зразумелі. І многія беларусы да гэтай пары не ведаюць, як можна пачаць супрацоўніцтва з польскай сцэнай.

Воўк са спектакля Таццяны і Юрыя Дзіваковых. Асабісты архіў Таццяны Дзіваковай.

Але я раю на зацыклівацца на беларускім атачэнні і сувязях, а спрабаваць зноў-такі выбудаваць камунікацыю з польскай культурнай супольнасцю.

Я чула шмат ад беларускіх тэатральных дзеячаў, што вялікая патрэба менавіта ў пляцоўках, дзе наваствораны тэатр, праект ці сталая каманда тэатра маглі б прызямліцца і працаваць на пастаяннай аснове.

— Гэта праўда. Калі ў беларускага тэатра ў эміграцыі ўжо пачалі з’яўляцца новыя спектаклі, праекты, часта адбываецца так, што «прызямліцца» з наваствораным творам няма куды. Праекты іграюцца адзін-два разы — і павісаюць у паветры.

У цэлым беларускаму тэатру ў эміграцыі сёння прыходзіцца шмат чаму вучыцца. У гэтым плане і мне самой давялося стаць і менеджарам, і дырэктарам у адной асобе. Пісаць фондам, ісці на перамовы ў дамы культуры, ствараць аб’явы, займацца сацсеткамі, купляць рэквізіт… Вучышся ўвесь час і разумееш, што па-іншаму нічога не будзе. Хіба ў нас ёсць выбар? Ці можам мы спыніцца?

Беларускі тэатр у эміграцыі, на маю думку, толькі становіцца на ногі — так адкажу на тваё пытанне. Людзі толькі перавялі дыханне і спрабуюць зарыентавацца.

Ды ўсё ж важна, каб мы зараз не замыкаліся толькі на сябе. Я сустракала цудоўных настаўнікаў у польскіх школах, якія кажуць: «Нам трэба навучацца размаўляць з беларускімі дзеткамі. А ім — трэба навучыцца размаўляць з намі». То-бок палякі зацікаўлены ў тым, каб знайсці з намі агульную мову. Але калі мы будзем сядзець толькі ў сваіх таварыствах, сваёй шкарлупіне — развіцця не адбудзецца.

Так, будуць і непрыемныя гісторыі, але ёсць абсалютна нармальныя, адэкватныя людзі, якія хочуць рабіць штосьці разам. Міграцыя, мне падаецца, гэта ў пэўным сэнсе люстэрка: вучыцца можаш не толькі ты — вучыцца могуць і ў цябе. Часам людзі застойваюцца, а твая культура — нібыта новае ўліванне, новая кроў. Нават шведы, здаецца, у якіх усё ёсць, — ім страшна цікава, што адбываецца ў Беларусі. Яны кажуць: мы хочам вас зразумець. Раскажыце пра вашу культуру.

Фота з архіву Таццяны Дзіваковай.

Шчыра кажучы, пасля ўсіх падзей, мне падаецца, што мы не можам дзейнічаць як раней. Прастора змяніліся — і я асабіста адчуваю, што нягледзячы на цяжкасці, проста не маю права сядзець склаўшы рукі.

Калі мы будзем закрытыя, то проста зварымся ва ўласным соку.

***
Бліжэйшыя паказы спектакля «рЭвалюцыя Зайца» Таццяны Дзіваковай і Юрый Дзівакова адбудуцца 6 і 7 траўня ў Беластоку. Сачыць за падзеяй можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.