Дык што з кніжным рынкам? Андрэй Янушкевіч падзяліўся дадзенымі па долі продажаў выдавецтваў праз каналы «Кнігаўкі»

Пасля выхаду інтэрв’ю дырэктаркі выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціны Андрэевай Reform.news у сеціве працягваецца абмеркаванне тэмы развіцця беларускага кніжнага рынку. Андрэй Янушкевіч сёння падзяліўся дадзенымі пра ўдзельныя долі продажаў выдавецтваў на ўсіх каналах «Кнігаўкі» за 2025 год.

Адзначым адразу, што «Кнігаўка» — гэта пляцоўка, дзе можна знайсці кнігі розных выдавецтваў, але ж заснавальнікам яе з’яўляецца выдавецтва «Янушкевіч».

Так, абароты продажаў па грашах, паводле спадара Андрэя, выглядаюць наступным чынам:

  • Выдавецтва «Янушкевіч» — 59%
  • Выдавецтва Gutenberg Publisher — 11%
  • Выдавецтва «Пфляўмбаўм» — 6%
  • «Кнігаўка» (маецца на ўвазе імпрынт, што значыць «брэнд ці падраздзяленне ўнутры больш буйнога выдавецтва») — 4,5%
  • Выдавецтва «Логвінаў» — 3,5%
  • Выдавецтва «Вясна» — 2,5%
  • Выдавецтва «Мяне няма» — 1,2%
  • астатнія менш за працэнт.

Абароты па колькасці прададзеных экзэмпляраў беларускіх кніг:

  • Выдавецтва «Янушкевіч» — 60%
  • Выдавецтва Gutenberg Publisher — 11%
  • «Кнігаўка» — 7,5%
  • Выдавецтва «Пфляўмбаўм» — 6%
  • Выдавецтва «Логвінаў» — 3,5%
  • Выдавецтва «Вясна» — 2,2%
  • Выдавецтва «Мяне няма» — 1,2%
  • астатнія менш за працэнт.

Нагадаем, што дыскусія разгарэлася вакол стратэгій развіцця беларускай кніжнай справы. Кіраўніца выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева распавяла ў інтэрв’ю, што яе кампанія ў ходзе сваёй працы прыйшла да канцэпцыі выдавецтва як інкубатара кніжных праектаў. Яна хоча правесці даследаванне на тэму эканомікі працэсу кнігавыдання і зрабіць адпаведную аналітычную публікацыю.

Андрэй Янушкевіч не пагадзіўся з прапановай Валянціны Андрэевай. Ён лічыць, што дадзеных дастаткова, каб ужо цяпер зрабіць высновы наконт сферы.

«Каб усё ў беларускай выдавецкай сферы развівалася эфектыўна і з поспехам, трэба вырашаць усяго толькі дзве асновапалягаючыя, фундаментальныя задачы», — давёў выдавец. Першая — гэта пастаянны выпуск новых кніг, другая — распрацоўка аўдыторыі, рэклама і інфармацыйная работа.

Сёння ў якасці прыкладу рэальных дадзеных спадар Андрэй падзяліўся лічбамі ўдзельнай долі продажаў выдавецтваў на каналах «Кнігаўкі» — адной з найвядомейшых пляцовак беларускай кнігі — і афлайн, і анлайн.

Ці з’яўляюцца, на ваш погляд, прыведзеныя лічбы адлюстраваннем агульнай карціны ў выдавецкай справе?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!