Сыход у містыку ці набліжэнне да рэальнага? Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У новых кнігах аўтары гуляюцца на памежжы фікшн і нон-фікшн, калі літаратары кажуць пра патрэбу містыцызму, варта ім верыць. У чэрвені асабліва парадаваў культавы альбом пра легендарную этнаграфічную экспедыцыю 1928 года. Рукапісы не гараць, а фотаздымкі тым больш…

Мастацкая літаратура

Анхела Эспіноса Руіс «Астралябія божых таямніц»

У новай кнізе беларускамоўнай паэткі з Іспаніі Анхэлы Эспіносы Руіс сабраная лірыка пра старыя замкі Еўропы, пра неідэальную сіметрыю кахання, пра невычарпальныя пытанні неба і іншыя вершы.

«Я заўжды пісала пра любоў, — гаворыць аўтарка. — Да 2020 года, пра нейкае юнацкае, інтэнсіўнае каханне. Пасля 2020, і яшчэ болей ад 2022 – пра любоў-надзею, пра мары аб лепшай будучыні для блізкіх. Гэтай кнігай я хацела адысці ад наіўнасці першай любові, ад болю другой – імкнуцца да ўніверсальнай любові, да канцоў сусвету і да ўнутранага зерня ўласнага чалавецтва – да Астралябіі Божых Таямніц».

У 2019 годзе Анхеле Эспіноса Руіс была прысуджана Літаратурная прэмія імя Міхася Стральцова «за пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця».

Выдавецтва: «Kamunikat».

Набыць можна тут.

Юля Цімафеева «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада»

У кнігу Юлі Цімафеевай, надрукаванай на беларускай і польскай мовах, увайшлі вершы са зборніка «Воўчыя ягады», а таксама новыя вершы, якія не выходзілі нават па-беларуску.

«Гэтая кніга ўяўляе сабой паэтычны аўтапартрэт аўтара, які жыве ў выгнанні, падарожнічаючы па розных гарадах Еўропы. Гераіня вядзе гутаркі з жывымі і мёртвымі, са сваякамі і незнаёмцамі, з раслінамі і жывёламі, з вуліцамі і гарадамі. Перш за ўсё, з самой сабой — дзяўчынкай з палескай вёскі, якой вядомы яд і слодыч ваўчыных ягад і якой давялося нарадзіцца ў часы пераменаў», — піша пра кнігу Альгерд Бахарэвіч.

Пераклад на польскую мову зрабіў паэт Богдан Задура.

Выдавецтва: «Warsztaty Kultury».

Набыць тут.

Зміцер Дзядзенка «Гульні Цырцэі»

Рэтракрымінал Змітра Дзядзенкі пераносіць нас у Оршу пачатку 1920-х. Горад ужо некалькі гадоў жыве «пад прыцэлам»: немцы, паўстанне левых эсэраў, дзейнасць ЧК, атрады зялёных і дэзерціраў…

Кніга распавядае пра жыццё жыхароў горада часоў вялікіх перамен, аднак вачыма дзяцей, якія прыдумваюць сваю дзіцячую краіну, у якую пераносяць усё тое, што бачаць навокал: крымінал, рэвалюцыі, расстрэлы…

Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў Оршы, даследуе і раскрывае гэты горад праз навуковыя і мастацкія тэксты.

Выдавецтва: «Kamunikat».

Набыць можна тут.

Васіль Быкаў «Бліндаж». «Афганец»

У кнігу класіка беларускай літаратуры ўвайшлі дзве знакавыя, але малавядомыя пакуль аповесці «Бліндаж» і «Афганец».

Гэтым выданнем Фонд Kamunikat.org. далучаецца да святкавання 100-годдзя Васіля Быкава.

Выдавецтва: «Kamunikat».

Набыць можна тут.

Сяргей Календа «Стрыжэ і піша»

«Стрыжэ і піша» — гэта некалькі дзясяткаў камічных, а часам сумных і нават жахлівых гісторый з працоўнага досведу цырульніка.

Сяргей Календа расказвае, што кніга з’явілася дзякуючы яго працы, «якая раней была падпрацоўкай, а потым пасля «бду-фмо» і ты на вуліцы (тут без падрабязнасцяў, хто ведае, той зразумее), я паглыбіўся ў неверагодны сусвет знаёмстваў, гутарак і працы з кліентамі, бо гэта велізарны досвед, гэта адначасова і неспадзяванка, і псіхалогія, твой стрэс і медытацыя… Кніга з’явілася дзякуючы таму, што я пачаў стрыгчы з 15 год і быў уражлівым, і шмат што запамінаў і потым, калі здараліся тыя самыя гісторыі, распавядаў сваім сябрам-кліентам.

А потым пачалося: «Калі ўжо кніга будзе?». І я пачаў запісваць гісторыі ў сацсетках.

Мінула амаль 10 год. Гісторый спачатку назбіралася 150, пасля падрыхтоўкі для кнігі — 130, пасля прачытання сяброў — 110, пасля таго, як я адправіў выдаўцу, па выніку, у кнізе 80 тэкстаў!

Усе гісторыі праўда, і няпраўда адначасова, бо гэта, прабачце, спачатку мастацтва».

Выдавецтва «Gutenberg».

Набыць можна тут.

Аляксей Андрэеў «Каменныя казкі»

«Шмат гадоў я збіраў свае і чужыя словы, свае і чужыя выявы, каб яны заставаліся на паперы кніг і часопісаў. Я верыў, што гэта перажыве нас і растлумачыць іншым, навошта мы жылі. Потым я стаміўся ад слоў, мне захацелася цішыні, і я пачаў рэзаць камяні. Але вельмі хутка камяні «загаварылі» — так з’явіліся гісторыі іх казачных жыццяў», — расказвае пра кнігу Аляксей Андрэеў.

Кніга-альбом выйшла з паралельнымі беларуска-ангельскімі тэкстамі.

Выдавецтве «Regula».

Каго зацікавіла кніга, аўтар просіць звяртацца праз прыватныя паведамленні ў сацсетках.

«Адкуль праўда і крыўда». Беларускія народныя легенды і былічкі

У выданне ўключаны легенды і былічкі як асаблівая форма назапашання, захавання і перадачы традыцыйных ведаў аб прыродзе, соцыуме, грамадстве, чалавеку. Укладальніцы зрабілі акцэнт на запісах апошніх дзесяцігоддзяў, што выяўляе жыццяздольнасць і глыбіню памяці культуры вуснага тыпу нават у нашу тэхнакратычную эпоху. Частка з матэрыялаў друкуецца ўпершыню.

Тэксты ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва — выцінанкамі, якія зрабіла беларуская майстрыха выцінанкі Галіна Жураўлёва.

Кніга суправаджаецца аўдыя- або відэазапісамі асобных тэкстаў, зробленымі ўкладальнікамі ў розных раёнах Беларусі, якія размешчаны на YouTube-канале. Таксама дзеля пашырэння чытацкай аўдыторыі сюжэты ў кнізе пераказаныя па-ангельску і па-руску.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

Пераклады

Поль Элюар «Каханне паэзія»

Зборнік Поля Элюара, прысвечаны іканічнай Галá, у якім афектыўная размаітасць, фармальная вынаходлівасць і ўнікальная шчырасць аўтарскай інтанацыі, зліваючыся ў адзіную плынь, ствараюць ці не найцікавейшы дакумент сюррэалісцкай чуллівасці.

Выданне дапаўняюць каментар перакладчы:цы — накід апісання творчага метаду Элюара — і віртуозна-трапяткія абстракцыі Кацярыны Чуняк.

«Апошнія пераклады Поля Элюара выходзілі ў 1980 г. (аўтарства Эдзі Агняцвет) і з тых часоў не перавыдаваліся, таму нам важна такім чынам працягнуць традыцыю і адкрыць Элюара для беларускага чытача наноў», — расказалі заснавальнікі выдавецкай ініцыятывы «Nadja», што сталі выдаўцамі кнігі.

Перакладчыца — Вера Бакстэр.

Выдавецтва «Логвінаў».

Набыць можна тут.

«Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка»

«Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка» ─ адна з самых вядомых і самых «казачных» ісландскіх сагаў пра старадаўнія часы. Чытач пазнаёміцца з гісторыяй пра чароўны меч Цюрвінг, Анганцюра і ягоных братоў-берсеркаў, а таксама — пра бясстрашную ваярку Хэрвёр і конунга Хэйдрэка. Выданне ўтрымлівае неабходныя каментары да тэксту.

Проза чаргуецца з паэзіяй, эдычныя алюзіі і казачныя сюжэты пераплятаюцца з апісаннямі рэальных гістарычных падзей і з загадкамі. Гэта адзін з тых твораў, якімі натхняўся Толкін пры стварэнні свайго сусвету Пярсцёнка.

Пераклад са старажытнаісландскай Яўгена Папакуля.

Выдавецтва «Тэхналогія».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

«Экспэдыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага: захаваная спадчына». Фотаальбом

У фотаальбоме прадстаўлена ўнікальная калекцыя фотаматэрыялаў, сабраных этнаграфічнай экспэдыцыяй пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага на Случчыне і Мазыршчыне. Гэта выявы з арыгінальнага альбома экспэдыцыі 1928 года, які захоўваецца ў Бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Экспедыцыя адбылася яшчэ да калектывізацыі і зафіксавала тагачасны характар самабытнай беларускай культуры. Таму матэрыялы экспэдыцыі маюць навуковую і практычную каштоўнасьць для даследнікаў: этнографаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў навукі, музейных супрацоўнікаў.

Складаны і трагічны лёс напаткаў як матэрыялы экспэдыцыі, так і ейных удзельнікаў падчас сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны.

Выдавецтва «Skaryna Press».

Набыць можна тут.

У Беларусі тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!