Фота: Аліса Ганчар
Sw@da і Niczos – дуэт з Падляшша, які спалучае традыцыйныя народныя песні з сучаснай танцавальнай электронікай. Самі музыкі называюць свой стыль «Podlasie bounce».
Гурт — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на прадстаўленне Польшчы на «Еўрабачанні-2025». Іх трэк «Lusterka» трапіў у топ Viral Polska і Viral Ukraine на Spotify, а за два тыдні сабраў амаль 600 тысяч праглядаў на YouTube. Ніка «Niczos» Юрчук піша тэксты на падляшскай мове, блізкай да беларускай і ўкраінскай, а Віктар «Sw@da» Шчыгел стварае біт і аранжыруе кампазіцыі.
Хуткі рост папулярнасці дуэта прыйшоўся не ўсім даспадобы. У сетцы з’явіліся каментары, што гурт нібыта «праект Крамля і Украіны». Аднак самі музыкі адзначаюць, што атрымліваюць значна больш падтрымкі з усёй Польшчы.
Reform.news сустрэўся са Sw@da і Niczos напярэдадні нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», каб паразмаўляць пра «падляшскі баунс», хэйт і межы паміж намі.
Чытаць інтэрв’ю па-польску можна тут.
— Што для вас значыць Падляшша? Што гэта за край: бліжэй да Польшчы ці да Беларусі, можа нават да Украіны?
Ніка:
— Для мяне гэта край, дзе я вырасла і дзе з самага дзяцінства пераплятаюцца розныя культуры. Я вучылася ў школе з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, але таксама была ва ўкраінскіх ансамблях, а яшчэ ў калектывах, якія спяваюць «па-свойму», то-бок на падляшскім дыялекце. Для мяне гэта нешта звычайнае, бо я вельмі прывыкла да гэтай разнастайнасці. Гэта месца, якое мяне натхняе, і людзі тут вельмі сяброўскія. Мне здаецца, што дзякуючы гэтаму змешванню тут узнікаюць цікавыя мастацкія з’явы, і можна пастаянна з іх чэрпаць натхненне.
Віктар:
— Тут катэгорыі вельмі размытыя. Цяпер шмат дыскусій на гэтую тэму. Я дакладна паляк з Падляшша, але для мяне вельмі цікава, што тут шмат чаго пераплятаецца і што наша музыка прымушае людзей задумвацца пра сваю ідэнтычнасць. Людзі цяпер задаюцца пытаннямі: што значыць быць тут, што значыць быць беларусам, што значыць быць палякам, што значыць быць падляшуком і гэтак далей, праўда? Магчыма, мы ў нейкім сэнсе спрыяем гэтай дыскусіі. Катэгорыі на Падляшшы не маюць дакладных межаў. Тут немагчыма мысліць катэгарычна.
— Што такое Podlasie bounce?
Ніка:
— Наша музыка крыху выходзіць за рамкі аднаго жанру, таму мы стварылі свой уласны Podlasie bounce. Асноўныя два кіты – гэта, па-першае, Падляшша, дзе ёсць усходнія спевы, падляшская мікрамова і асаблівая манера выканання.
Па-другое, гэта bounce – танцавальнасць і запазычанне элементаў з розных частак свету. Гэта спроба адаптаваць сусветныя ўплывы да мясцовага гучання.
Віктар:
— Так, ведаеш, спачатку мы жартавалі, калі назвалі наш стыль Podlasie bounce, але людзям гэта спадабалася, і яны крычалі гэтую назву на канцэртах. Калі мы пачыналі гэты праект, думалі, што паедзем у Бельск-Падляшскі, Семятычы, Гайнаўку, і там усе «па-свойму гавораць». А ў выніку праект пайшоў значна шырэй. Ён стаў экспартным.
— Якую музыку вы слухаеце ў паўсядзённым жыцці?
Віктар:
— Мы шмат слухаем падляшскіх песень. Ніка грае ў гурце, які займаецца традыцыйнай музыкай, больш скіраванай на Беларусь. Мы слухаем крыху традыцыйнай музыкі. Стараемся быць як мага больш адкрытымі, каб не абмяжоўвацца. Бяром натхненне з Бразіліі, Афрыкі. У нас ёсць кавалкі з Amapiano. Натхняемся Baile Funk, музыкай іншых краін Паўднёвай Амерыкі, Dembu, New Funk. Галоўнае, каб гэта было танцавальнае. Мы хочам, каб людзі танцавалі. Калі музыка нас чапляе, то мы яе выбіраем.
Ніка:
— Гэта спалучэнне настальгіі і танца. Сярод беларускіх выканаўцаў дакладна натхняла Iva Sativa. З іншых Аліна Паш, Alyona Alyona, M.I.A., Rozalia. Памятаю, што з «Еўрабачання» быў трэк Mahmouda, хоць ён туды і не прайшоў.
Віктар:
— Слухаю таксама міксы DJ Kipah. Ён, здаецца, з Мінска і ў Варшаве шмат грае бразільскую музыку. Papa Bo Selektah – ведаемся з ім і рэкамендую.
— Чаму вы вырашылі падаць заяўку на «Еўрабачанне»?
Ніка:
— Мы не думалі пра гэта як пра конкурс, проста выпускалі сінглы, а пасля — альбом. Пасля выхаду альбома людзі сталі пісаць у каментарах, што гэта добра падыходзіць для «Еўравізіі», і прапанавалі паспрабаваць. Аднойчы я зайшла на сайт, убачыла форму для заяўкі – яна аказалася вельмі простай, трэба было падаць толькі троххвілінны трэк.
Мы раім усім артыстам падавацца, бо сапраўды варта. Мы падалі заяўку, але нават не разлічвалі, што нас абяруць. Гэта ж не тыповая еўравізійная песня — яна не па-польску, не па-англійску. Мы не думалі, што гэта магчыма, але ўсё атрымалася! Таму дзякуем таксама журы.
— Як вы ацэньваеце сваіх канкурэнтаў? Ці слухалі іх музыку?
Віктар:
— Не, не слухалі, але мы лічым, што музыка — гэта не спорт. Мы вельмі задаволеныя тым, як усё атрымалася. Наша песня трапіла ў топ-50 вірусных трэкаў у Польшчы на Spotify, а ўчора ўвайшла ў топ-50 вірусных песень ва Украіне. Для нас галоўнае — папулярызацыя таго, што мы робім. Калі падавалі заяўку на «Еўравізію», мы нават не ўяўлялі, што гэта можа набыць такі размах. Таму мы ставімся да гэтага спакойна, жадаем поспеху ўсім і радуемся, што людзі займаюцца музыкай і робяць гэта выдатна.
Ніка:
>— Мы якраз заканчваем нумар для «Еўрабачання». Будуць танцы. Будзе царкоўны спеў і харыстка. Насамрэч мы хацелі запрасіць шмат людзей, каб зрабіць сапраўднае шоў, але нельга. З-за рэгламенту. Таму будзе 6 чалавек.
— Ці адчуваеце вы падтрымку вашага праекта, вашай музыкі?
Ніка:
— Тое, што мы атрымалі ад людзей, гэта для нас велізарны шок. Апошнім часам я нават сапраўды расчулілася. Людзі нам пішуць, падтрымліваюць, арганізуюць розныя акцыі супольнага галасавання. Кожны спрабуе дапамагчы як можа. У нас няма вялікай студыі або лэйблу за спінай. Усё, што мы робім, – гэта заслуга нашых сяброў, якія нам дапамагаюць. Так было і перад «Еўравізіяй», калі мы, напрыклад, здымалі кліпы. Пішам у Instagram: «Нам патрэбна вось гэта», – і заўсёды нехта адгукаецца. Адчуваем, што Падляшша мае ў сабе нешта асаблівае – нейкае пачуццё калектыўнасці. Калі мы нешта робім, дык разам. І цяпер спрабуем зрабіць так, каб Падляшша загучала шырэй.
— Але апрача падтрымкі некаторыя каментатары негатыўна выказваюцца аб вашай творчасці. Адкуль такі хейт?
— Мы, пэўна, павінны пацвердзіць усе гэтыя тэорыі! Бо там (у Twitter) мы – «праект Пуціна», каб знішчыць Польшчу і замяніць польскую мову. Але цікава, як яны змаглі дамовіцца – Пуцін з украінцамі, каб гэта арганізаваць разам! (смяецца). Цяпер гэта не так проста. Тэорый вельмі шмат. Але нас радуе, што людзі нас падтрымліваюць, што яны абвяргаюць гэтыя бздуры і тлумачаць, у чым сутнасць. Запрашаюць на Падляшша, заклікаюць прыехаць. Таму і мы запрашаем – прыязджайце і паглядзіце, як тут цудоўна! Бо гэта страх, але тут няма чаго баяцца.
— Чаму палякі баяцца «іншага»?
Віктар:
— Мне здаецца, што гэта вялікае абагульненне, бо большасць палякаў у паведамленнях рэагуе станоўча. Канешне, заўсёды знойдуцца нейкія адшчапенцы. Але, як на мяне, у галовах у людзей ёсць рэчы, якія не перапрацаваныя. Кожны крыху чаго-небудзь баіцца, так? А калі не хоча змагацца са сваім страхам, то ён яго такім чынам выказвае – усё становіцца пагрозай. Мы ў кліпе выкарысталі чырвона-чорныя колеры – і адразу нехта напісаў: «Што, будзеце тут паходы УПА ладзіць?» Ці «украінцы з Падляшша нападуць на Польшчу». Каб такое напісаць, трэба сапраўды баяцца, трэба мець у галаве нейкія страхі і неперапрацаваныя траўмы.
Ніка:
— Шмат людзей проста не ведала. І многія дагэтуль не ведаюць. Таму класна, што яны даведваюцца, але заўсёды знойдуцца тыя, у каго свае тэорыі.
Віктар:
— Палякі думалі, што на Падляшшы ўсе размаўляюць такой «зацягнутай» польскай мовай. Але я сам не ведаў, што дастаткова праехаць 15 км – і ўжо сустракаюцца вёскі, дзе людзі «гавораць па-свойму».
Ніка:
— Мне здаецца, што гэта проста рыса любога памежжа. Там заўсёды адбываецца змешванне культур.
Віктар:
— Напрыклад, на Сілезіі, на мяжы з Украінай ці на поўначы, у Сейнах. У Сейнах дзеці з мяшаных сем’яў размаўляюць і па-літоўску, і па-польску. Я жыву ў Беластоку і толькі цяпер, калі пачаў больш ездзіць па рэгіёне, даведаўся пра гэта ўсё.
— Ці гатова Польшча паглядзець у «Люстэрка»?
Віктар:
— Я спадзяюся, што так. Не буду хлусіць – увесь гэты шум вакол нашай песні нам дапамог. Калі нехта хэйціць і піша бздуру, алгарытм TikTok яшчэ больш нас прасоўвае. Гэта працуе на нашу карысць. А падтрымка, якую мы атрымліваем, – велізарная: 90% водгукаў станоўчыя. Людзі пішуць: «Будзем галасаваць за вас са Сілезіі, са Шчэціна» – уся Польшча, нават тыя, хто ніколі не быў на Падляшшы.
Ніка:
— Так, але мне здаецца, што людзі таксама шукаюць арыгінальнасці, чагосьці іншага. Мы бачым гэта па каментарах: «Нарэшце нешта новае!». Аналагічны прыклад – гурт Chróst, які таксама выкарыстоўвае традыцыю ў сваёй музыцы.
Цяжка сказаць, ці «гатовая» Польшча, але дакладна ёсць паварот да чагосьці свежага. Людзі пачынаюць думаць: «Давайце паспрабуем! У горшым выпадку не атрымаецца». За столькі гадоў не было ніякіх рызыкоўных крокаў, можа, пара? Але ці гэта сапраўды такая рызыка?
— Польшча ўжо некалькі гадоў не праходзіла ў фінал «Еўрабачання»…
Ніка:
— Мне здаецца, што сіла – у меншасцях. Мы прадстаўляем не толькі падляшскую меншасць – людзі пішуць да нас і з Лемкаўшчыны, і з Сілезіі. Калі гаворка ідзе пра глабальныя рэчы, высвятляецца, што лакальнае мае значэнне.
Віктар:
— Мацей Мазяньскі рабіў з намі інтэрв’ю і казаў, што першапачатковая ідэя «Еўрабачання» была ў тым, каб паказаць Еўропе, што ў нас ёсць свая музыка. Але з часам гэта змянілася.
Ніка:
— І цяпер адбываецца нешта падобнае. Людзі пачалі пісаць песні «пад «Еўравізію», быццам па замове. Для мяне гэта ўжо крыху падман.
— Ці не баіцеся паказваць сваю сувязь з Беларуссю?
Віктар:
— Я аднойчы напісаў на Facebook, што мару згуляць дзіджэй-сэт на Новы год у Беластоку і згуляць у Мінску – у дэмакратычнай Беларусі. Мы пазнаёміліся з суперлюдзьмі з Беларусі. Вельмі класныя. Projekt Etika робіць для нас убранне. Беларуска робіць для нас здымкі. Мы разумеем, як цяжка быць мастаком у сваёй краіне і не мець магчымасці рабіць мастацтва так, як хочаш. Бо каб ствараць, трэба мець вялікую ступень свабоды. Нават у дэмакратычных краінах мастакі мусяць змагацца, каб зруйнаваць пэўныя мысленчыя шаблоны. У недэмакратычных краінах – тым больш. Мастакі заўсёды на перадавой, калі гаворка ідзе пра свабоду. Звычайна гэта людзі, якія падтрымліваюць свабоду мыслення, і таму трэба ім дапамагаць.
Ніка:
— Так, і па-першае, гэта сапраўды класныя людзі. А па-другое, яны цудоўныя мастакі. Ім таксама важна паказваць сваю традыцыю, і яны ўмеюць крута яе спалучаць з сучаснасцю. Я жыла крыху ў інфармацыйнай бурбалцы, думала, што беларусы ведаюць пра Падляшша. Бо я раней часта бывала на Палессі. Мы ездзілі з гуртом у пэўныя месцы, таму я была перакананая, што пра нас ведаюць. Але калі мы выпусцілі «Chadżu Ja», высветлілася, што пра нас слаба ведаюць па той бок мяжы.
Віктар:
— Да нас прыязджала спявачка Лера Деле KOOB. Яна хадзіла калядаваць па вёсках і была шакаваная, што ўсё выглядае дакладна так, як у яе дома.
— Ці адчуваеце падтрымку ад беларусаў? Бо мы глядзім на вас як і на сваіх герояў.
Віктар:
— Так, адчуваем, гэта вельмі крута.
Ніка:
— Памятаю наш першы канцэрт у Варшаве – палова аўдыторыі былі палякі, палова беларусы. Гэта было неверагодна! І мы адчуваем гэтае адзінства, бо ведаем, што беларусы лепш разумеюць нашы тэксты, могуць у іх больш углыбіцца.
Віктар:
— Бо палякам трэба перакладаць і ўслухоўвацца. Мая бабуля таксама размаўляла «па-свойму», але была каталічкай. Гэтая мова не была звязаная толькі з рэлігіяй і толькі з беларусамі. Так гаварылі і палякі, і каталікі тут. Пасля Вялікага Княства Літоўскага засталася мяжа, і шмат сялян размаўляла так.
— Што вы думаеце пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы? Ці важныя ўвогуле межы?
Ніка:
— Мне здаецца, што межы на карце — гэта вельмі ўмоўная рэч. Калі я ездзіла на Палессе, то не бачыла вялікай розніцы з Падляшшам. Людзі вельмі падобныя, разумеюць адно аднаго, а лад жыцця і паводзіны ўвогуле амаль аднолькавыя. Мне здаецца, што гэтыя межы былі накладзеныя зверху, і раптам гэта дзве асобныя краіны, хоць тут вельмі шмат агульнага. Ментальна мы вельмі блізкія.
Віктар:
— Хто гэту мяжу маляваў? Сталін у 1945 годзе. Людзі і сем’і апынуліся па розныя бакі. А цяпер дадаецца яшчэ і праблема мігрантаў. У Польшчы гэта сур’ёзнае пытанне. Але я не ведаю, як яго можна вырашыць.
— Ці палякі адрозніваюць беларусаў і ўладу?
Віктар:
— Я думаю, што часта так. Асабліва пасля апошніх выбараў шмат людзей было вымушана эміграваць. Хтосьці паехаў у Беласток, здымаў там кватэры, бо гэта побач. Мне здаецца, што дапамогі было шмат. Але, канечне, тое, што Лукашэнка зрабіў з гэтымі ўцекачамі, не дапамагло. Гэта выклікала вялікую колькасць дыскусій і магло паўплываць на больш негатыўны вобраз Беларусі. Палякі таксама маюць падобны досвед з уладай, якая была навязаная ім недэмакратычна. Напрыклад, у 1968 годзе Польшча ўвайшла з танкамі ў Прагу. Але зразумела, што гэта былі не польскія рашэнні, а загады з Масквы.
— І апошняе пытанне — што б вы хацелі паглядзець у Базэлі?
Віктар:
— Хах, мы зараз так занятыя рэпетыцыямі, што нават не паспелі паглядзець, якія там ёсць славутасці. Але, безумоўна, паглядзім, што там цікавага.
Ніка:
— Спачатку трэба сабраць грошы! (Смяецца)
Віктар:
— Шукаем спонсараў. Бо людзі нам пішуць: «Вы ж ведаеце, што гэта каштуе… А за што вы туды паедзеце?». Ніякіх грошай за ўдзел няма. Але ж вядома, што сёння так званую «Instagram fame» можна ператварыць у грошы.
***
Фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» ў Польшчы адбудзецца 14 лютага. Яго трансляцыя будзе ісці на канале TVP2.
Чытаць інтэрв’ю па-польску можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram