Праект Марыны Напрушкінай. Фота: Manifesta 16 Ruhr / Іван Ерафееў
Кожныя два гады вандроўнае біенале Manifesta, якая стартавала ў 1996-м у Ратэрдаме, пераязджае ў новы еўрапейскі горад ці рэгіён. З 20 чэрвеня і да пачатку кастрычніка біенале праходзіць ў Рурскай вобласці Германіі, дзе ў цэнтры ўвагі — лёс прамысловага рэгіёну, моцна пацярпелага падчас Другой сусветнай вайны і пасляваеннай рэканструкцыі. Адной з вострых тэм мастацкіх даследаванняў стане праблема закрыцця тысяч цэркваў у Германіі.
Куратар Жазэп Боігас выкарыстоўвае апусцелыя храмы ў якасці культурных і грамадскіх пляцовак і пераасэнсоўвае гэтыя прасторы ва ўмовах зменлівай рэальнасці. Дванаццаць закінутых пасляваенных царкоўных будынкаў ператварыліся ў грамадскія прасторы.
Абраныя тандэмы куратараў працавалі над праектамі у розных гарадах. У Бохуме, дзе куратарская каманда складаецца з польскіх адмыслоўцаў Анды Ротэнберг і Кшыштафа Касцючука, удзельнічае Марына Напрушкіна, беларуская аўтарка, якая жыве ў Берліне.
Месцам рэалізацыі яе праекта стала Гефсіманская кірха, пабудаваная ў 1947-1950 гадах. Мастачка асэнсоўвае ролю працоўных мігрантаў, якія, сярод іншага, падтрымлівалі прамысловасць у рэгіёне, прылеглым да Рура.
Выкарыстоўваючы звон у якасці рэкламнага сімвала кампаніі Bochumer Verein, вядучага прамысловага вытворцы рэгіёну, Напрушкіна распрацавала калаж з сімвалаў з гісторыі горада і яго помнікаў.
А перад кірхай у Бохуме аўтарка паказвае інтэрактыўную скульптуру, якая паўтарае форму гістарычнага звона, які першапачаткова быў часткай разбуранай даваеннай царквы. Цяжкі сімвалічны аб’ект ператвораны ў мяккую канструкцыю — надзіманы замак з лозунгам «Мы ніколі не вернемся назад!».
Распыталі пра праект Марыны Напрушкінай даследчыцу Антаніну Сцебур, якая наведала біенале Manifesta 16.
«Удзел Марыны Напрушкінай у Manifesta 16 мае асаблівае значэнне і для самой мастачкі, і для беларускай культуры, і для біенале ў цэлым, — упэўненая Антаніна Сцебур.
Тэма Manifesta 16 — This Is Not a Church («Гэта не царква») — прысвечана супольнасцям у постмігранцкім грамадстве. Невыпадкова месцам правядзення стаў Рурскі рэгіён у Германіі – тэрыторыя, адзначаная руінамі індустрыяльнай эпохі, шахцёрскай гісторыяй, некалькімі хвалямі міграцыі, крызісамі інфраструктуры і наступствамі няўдалай міграцыйнай палітыкі.
Менавіта тут асабліва востра паўстае пытанне: як сёння могуць суіснаваць людзі з розным жыццёвым досведам, культурнымі традыцыямі, рэлігіямі і траўмамі? Як будаваць супольнасць ва ўмовах разнастайнасці і няроўнасці?
Мне падаецца, што Марына Напрушкіна сёння з’яўляецца адной з найбольш важных мастачак не толькі для беларускага кантэксту, але і ў міжнародным маштабе. На працягу многіх гадоў яна паслядоўна і шчыра працуе з мігранцкімі супольнасцямі, ствараючы мастацкія і сацыяльныя прасторы для дыялогу і салідарнасці. Таму яе ўдзел у Manifesta выглядае цалкам заканамерным.
Асабліва мяне ўражвае тое, як у працы Напрушкінай складаныя палітычныя тэмы раскрываюцца праз цялесны досвед. Адна з частак інсталяцыі Kein Läut («Ніякага звону») — гэта інтэрактыўны надзіманы батут у форме звона. Па форме нагадвае царкоўны звон у будынку, дзе прадстаўлена праца. Наведвальніцы і наведвальнікі могуць скакаць на ім і крычаць: «Мы не вернемся назад!»
Што адбываецца ў гэты момант? На першы погляд, гэта хуліганскі жэст, які адсылае да дзіцячых гульняў і радасці руху. Але адначасова ён літаральна падвешвае цела ў паветры. Гэтае адчуванне падвешанасці знаёмае многім мігрантам і ўцекачам, у тым ліку тысячам беларусак і беларусаў. Гэта стан, калі ты не ведаеш, ці працягнуць табе дазвол на жыхарства, ці зможаш застацца ў краіне, як скончацца чарговыя бюракратычныя працэдуры. Гэта досвед людзей, якія рэгулярна перажываюць абразу, бо чуюць, што ім трэба «вяртацца дадому», нават калі вяртанне ўжо немагчымае або небяспечнае.
Сёння, калі ў Еўропе зноў узмацняюцца антымігранцкія настроі і ксенафобія, праца Напрушкінай набывае асаблівую актуальнасць. Батут становіцца адначасова цялесным вопытам, крытыкай антымігранцкай палітыкі і формай пратэсту. Гэта свята непаслухмянасці, магчымасць гучна заявіць пра сваё існаванне і права займаць месца ў прасторы.
Мастацтва — гэта здольнасць злучаць розныя часткі грамадства, пашыраць межы палітычнага ўяўлення і ствараць тэрыторыі свабоды нават тады, калі здаецца, што для іх больш не засталося месца. Менавіта таму праца Марыны Напрушкінай на Manifesta 16 з’яўляецца адной з ключавых не толькі для беларускай мастацкай сцэны, але і для больш шырокай размовы пра міграцыю, салідарнасць і права быць разам у сучасным свеце».
16-я Еўрапейская качавая біенале сучаснага мастацтва Manifesta праходзіць у рурскім рэгіёне Германіі з 21 чэрвеня па 3 кастрычніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram