Беларусы стварылі петыцыю да праваўладальнікаў «Гары Потэра», каб выдавецтва «Янушкевіч» магло працягваць выдаваць кнігі па-беларуску.
Агенцыя «Blair partnership», якая валодае правамі на выданне кніг пра Гары Потэра, адмовіла выдавецтву «Янушкевіч» у дазволе на пераклад і выданне чацвёртай і наступных кніг пра Гары Потэра на беларускай мове.
На гэтае рашэнне, пішуць у петыцыі, паўплывала прызнанне датычнасці рэжыму Лукашэнкі да ваенных злачынстваў ва Украіне і статус Беларусі як суагрэсара.
«Яны не хочуць звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі. Усе нашы тлумачэнні, што мы зараз пад польскай юрысдыкцыяй, не далі выніку, мы зрабілі што маглі. Мы ацэньваем тое, што адбылося, як акт дыскрымінацыі нацыянальнай культуры. І гэта адбываецца ў Еўропе», — паведаміла выдавецтва «Янушкевіч» у сацсетках.
Выдавецтва «Янушкевіч» раней пераклала на беларускую мову тры першыя кнігі серыі: «Гары Потэр і філасофскі камень», «Гары Потэр і Таемная зала», «Гары Потэр і вязень Азкабана».
«За апошнія 3,5 гады каля 500 000 беларусаў пакінулі краіну з-за палітычнага перасьледу. Сярод іх шмат сем’яў з малымі дзецьмі, якія цяпер раскіданыя па ўсім сьвеце з абмежаваным доступам да беларускамоўных матэрыялаў. Магчымасьць чытаць Гары Потэра па-беларуску — гэта вялікая падтрымка для маленькіх фанатаў ня толькі ў выгнаньні, але й беларускамоўных дзяцей у самой Беларусі», — гэта толькі адзін з аргументаў неабходнасці выдання кніг пра Гары Потэра на беларускай мове.
Падпісаць петыцыю можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram