Стваральнікі праекта ЧынЧынЧанэл Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй прэзентавалі на нефармальным з’ездзе беларускіх кінематаграфістаў у Варшаве першую серыю з новага серыяла-анталогіі «Працэсы». У творы аўтары вядомага сатырычнага шоу ў цэнтр увагі змяшчаюць жыццё «звычайнага беларускага сілавіка» — шоуранеры даводзяць сітуацыю жорсткай беларускай рэальнасці да трагікамічнага гратэску.
«Ператрымка» — так называецца першы эпізод з серыялу, створанага пры падтрымцы «Белсату».
У выніку запоўненасці турмаў галоўны герой — амапавец — вымушаны ўзяць сабе дадому на «ператрымку» трох затрыманых ім пратэстоўцаў. Арыштанты ўносяць сумятню ў лад жыцця сям’і прадстаўніка правапарадку — іх вымушаны пасяліць у дзіцячы пакой, жонка ў абурэнні гатуе пратэстоўцам грэчку, герой у запале лупіць арыштантаў з-за разладу ў стасунках з супругай, але з часам сітуацыя наладжваецца і амапавец знаходзіць прымяненне дармавым сілам.
Дваццаціхвілінную навэлу глядзець страшна, але адначасова прагляд аказвае тэрапеўтычны эфект, бо гумар і градус абсурду дазваляюць пераадолець страх. Пры гэтым аўтары не спекулююць на тэме, пераўтвараючы яе ў «легкі шпацыр» — у фільме ёсць боль за тое, што адбываецца ў Беларусі. Гратэск тут становіцца хутчэй сродкам дыстанцыявання і асэнсавання сітуацыі — мабыць, «Ператрымка» — адзін з тых вартых увагі прыкладаў, як можна працаваць з тэмай, да якой творцы сёння не ведаюць, як падступіцца. Азтары змаглі ўтрымаць баланс паміж смешным і страшным. І пры гэтым падчас прагляду ловіш сябе на думцы, што выдуманая гісторыя з кожным месяцам усё бліжэй і бліжэй да рэальнай.
Рэжысёр і сцэнарыст серыяла Андрэй Кашперскі кажа, што ў «Працэсах» разам з аднадумцамі ён намагаўся ахапіць «цёмны бок сілы».
Так, галоўным героем другога эпізоду — фейкавай камедыі ў стылі Гайдая «Патрыятычнае практыкаванне» — стане Супрацоўнік КДБ. Абсурдысцка-містычная сатыра ў стылі Гогаля — эпізод «Прыснілася» — дазволіць убачыць сны Чыноўніка. У чацвёртым эпізодзе — сацыяльнай драме «Праграма перадач» — антаганістам выступіць Ябацька.
— У гэтым праекце я намагаўся стварыць асаблівы сусвет — дзіўны, чалавеканенавісніцкі, смешны, страшны. Да гэтай пары мне не даводзілася рабіць такое, — прызнаецца сцэнарыст «Працэсаў», акцёр Міхаіл Зуй.
— Для мяне гэта, мабыць, самы важны праект, падобны да праекта «Тут быў Ленін», які мы здымалі ва Львове, і які, на жаль, не ўдалося завяршыць з-за ўварвання Расіі ва Украіну, — распавёў Reform.by Андрэй Кашперскі.- У «Працэсах» глядач можа пазнаёміцца з чатырма рознымі пунктамі гледжання персанажаў з цёмнага боку — і ўбачыць, якія яны нікчэмныя і баязлівыя людзі. І таксама ва ўсіх навэлах беларусы могуць убачыць святло — для нас было важна адлюстраваць надзею, — дадае ён.
У галоўных ролях у эпізодзе «Ператрымка» здымаліся: Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева. Мантаж у фільме рабіў Ілля Бажко. Аператар — Данііл Гаеў. Кампазітар — Віталь Кулеўскі.
Плануецца, што серыял будзе дэманстравацца на тэлеканале «Белсат» пасля фестывальных паказаў — напрыканцы гэтага года.
Першы нефармальны з’езд беларускіх фільммейкераў ладзіцца ў Варшаве з 18 па 20 жніўня. З’езд праходзіць у фармаце Barcamp – своеасаблівай антыканферэнцыі, якая прадугледжвае ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначалі самастойна – на фестывалі адбываецца шмат дыскусій, мерапрыемстваў, паказаў стужак.