«Ствараем насуперак вар’яцкай рэальнасці»: куратаркі Таццяна Качубінская і Лена Прэнц – пра беластоцкую выставу і любоў да «Арсенала»

Выстава «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала» адкрылася ў галерэі «Арсенал» у Беластоку. Як вынікае з назвы, экспазіцыя прысвечана юбілею ўстановы, якая зяўляецца знакавым месцам на арт-мапе Польшчы.

Галерэя мае дзве калекцыі. Больш сучасная з іх — «Калекцыя II» — ствараецца з 1991 года і за гэты час стала адным з найбуйнейшых збораў польскага і ўсходнееўрапейскага мастацтва. На яе аснове і была зладжана выстава, якая ўключае ў сябе і прапановы ад гледачоў.

Для стварэння экспазіцыі запрасілі дзвюх куратарак — украінку і беларуску: арт-гісторыка Таццяну Качубінскую і мастацтвазнаўцу, дырэктарку берлінскай галерэі сучаснага мастацтва Prater Лену Прэнц.

Паразмаўлялі з куратаркамі пра беластоцкую галерэю, пра яе дырэктарку і выставу, што выйшла па-за сцены інстытуцыі.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала». Фота: Ян Шэўчык.

Дзвюх куратарак — украінку і беларуску, запрашаюць рабіць выставу вялікай калекцыі галерэі сучаснага мастацтва ў польскім горадзе? Чаму менавіта вас выбралі для такой задачы?

Лена Прэнц: У гэтым годзе беластоцкая галерэя «Арсенал» святкуе сваё 60-годдзе. Яе папярэдніца, Бюро мастацкіх выстаў, была адкрыта ў 1965 годзе, і часам тая інстытуцыя купляла працы мастакоў і мастачак наўпрост з выстаў — рэгулярна, але не сістэматычна. Сярод гэтых твораў ёсць выдатныя, але ёсць і не вельмі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х адначасова з палітычнымі зменамі пачалася і трансфармацыя інстытуцыі. Новая дырэктарка галерэі Моніка Шэўчык стаяла перад выбарам: або давесці да розуму гэтую калекцыю, дакупаючы працы з пэўных дэкад польскага мастацтва, якіх не хапае ў гэтым зборы, або зрабіць стаўку на сучаснае мастацтва. Моніка пайшла другім шляхам. Ужо да сярэдзіны 1990-х у «Арсенале» склаўся ўражальны касцяк будучай калекцыі сучаснага мастацтва — «Калекцыі II», як яе называюць у галерэі, якая атрымала высокую ацэнку спецыялістаў. У рэцэнзіях варшаўскія крытыкі адзначалі кураж музея на перыферыі, які адважыўся збіраць актуальнае мастацтва.

Моніка Шэўчык вельмі шмат займалася прэзентацыяй і развіццём сучаснага маладога польскага мастацтва. Таксама яна адна з нямногіх куратарак у Польшчы, якая заўсёды — па-за палітычнай канкурэнцыяй ці геапалітычным парадкам — звярталася да мастацтва на ўсходзе Еўропы і на памежжы. Таму беластоцкі «Арсенал» заўсёды запрашаў да сябе куратараў і мастакоў з Усходняй Еўропы. Успомнім хаця б велізарны праект «Падарожжа на Усход» 2011 года, у якім прымалі ўдзел мастакі, куратары і гісторыкі мастацтва ад Польшчы да Азербайджана.

Што тычыцца нашага куратарства, гэта распаўсюджаная практыка любога музея — запрашаць гасцявых куратараў і куратарак, у тым ліку і для працы з калекцыяй. Таму што яны прыўносяць іншы погляд і іншую перспектыву. І наадварот — для гасцявых куратараў і куратарак гэта вялікая прафесійная радасць папрацаваць з калекцыяй, бо табе даюць доступ да сэрца музея. А ў дачыненні да «Калекцыі II» «Арсенала» для мяне гэта яшчэ і погляд назад, перажыванне найноўшай гісторыі праз творы мастацтва. Увесь перыяд 1990-х, нулявых, 2010х — крушэнне палітычных сістэм і знікненне ўтопіі, неверагодная беднасць і новае багацце, крымінал, разгубленасць людзей, страхі, міграцыя, рэфлексія пра мінулаеусё гэта адлюстравана ў творах мастакоў. Працуючы з калекцыяй, ты апускаешся ў гісторыю палітычнай і сацыяльнай трансфармацыі і Польшчы, і ўсёй Усходняй Еўропы.

Таццяна Качубінская: Я тут пагаджуся з Ленай: запрашаць гасцявых куратараў — гэта даволі распаўсюджаная практыка. Яна дазваляе зірнуць на калекцыю пад іншым, часам нечаканым вуглом. І мне здаецца, што камандзе «Арсенала» было цікава ўбачыць старонні погляд на іх калекцыю.

Адначасова праца з калекцыяй — вялікая адказнасць. Да таго ж у нас стаяла задача зрабіць выставу да 60-годдзя. І толькі на адкрыцці мы ў поўнай меры ўсвядомілі маштаб гэтай падзеі — наколькі сур’ёзна да яго рыхтавалася каманда галерэі, наколькі гэта было важна для горада і наколькі кранальна паставіліся да гэтага яго жыхары. Дзень нараджэння «Арсенала» — гэта сапраўды свята і для музея, і для горада, і ў ім адчувалася шчырая ўцягнутасць усіх датычных.

Што тычыцца іншай часткі пытання — аб запрашэнні куратарак з Украіны і Беларусі — магчыма, у гэтым сапраўды ёсць нейкі палітычны жэст, жэст салідарнасці. Аднак мы — і Лена, і я —  і раней працавалі з «Арсеналам». Летась я была адной з куратарак выставы Івана Святлічнага, Лена таксама супрацоўнічала з галерэяй.

Але я б хацела падкрэсліць, што Моніка Шэўчык і раней актыўна працавала, і працягвае працаваць з украінскім кантэкстам і з украінскімі мастакамі. Гэта відаць і па выставах, якія яна рабіла, і па складзе калекцыі. Для нас, для ўкраінскай мастацкай сцэны, Моніка — вельмі важная постаць.

Лена Прэнц: Гэтак жа і для беларускай: Моніка бывала ў Мінску і паказвала калекцыю «Арсенала», яна на сувязі з беларускімі мастакамі і куратарамі, падтрымлівае беларускую мастацкую кам’юніці, працы нашых аўтараў ёсць у калекцыі.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала». Фота: Ян Шэўчык.

Як вы працавалі над выставай, улічваючы, што вы жывяце не ў Польшчы? Прыязджалі, пераглядалі працы ці ўсё адбывалася анлайн?

Таццяна Качубінская: У асноўным мы працавалі анлайн, рэгулярна сустракаючыся адна з адной і з каляжанкамі ў Беластоку — з Элізай Урвановіч-Раецкай і Эвай Хацяноўскай. Нам далі ўсе магчымыя матэрыялы. З Ленай мы сустракаліся ў розных гарадах афлайн. Як ужо гаварылася, мы абедзве працавалі ў «Арсенале» раней і знаёмыя з яго прасторай.

Думаючы пра 60-годдзе музея, мы найперш разважалі пра тое, што значыць галерэя ў жыцці горада, як яна ўпісана ў паўсядзённую практыку гараджан. Што гледачы думаюць пра яе? Што для іх значыць гэтае месца? Мы разважалі і пра самае паняцце юбілею. Што значыць адзначаць 60 гадоў? Можа быць, гэта падобна на дзень нараджэння блізкага чалавека? Тады мы сталі думаць пра тое, што аб’ядноўвае чалавека і творы мастацтва. Мы вылучылі для сябе тое, што аб’ядноўвае чалавечыя адносіны і ўзаемадзеянне ўнутры інстытуцыі: каштоўнасці, любоў, блізкасць, памяць.

Таму мы запусцілі опэн-кол для жыхароў Беластока, гледачоў «Арсенала»: мы запрасілі іх выбраць творы з калекцыі музея для выставы. Абапіраючыся на ўласнае разуменне прапанаваных намі прынцыпаў — каштоўнасці, любові, блізкасці, памяці, — удзельнікі і ўдзельніцы зрабілі свой выбар, суправадзіўшы яго апісаннем. Некаторыя апісанні былі вельмі асабістымі, кранальнымі, нават уразлівымі. І гэта паказвае, наколькі людзі звязаныя з гэтым месцам.

Гэты выбар стаў адпраўной кропкай для фарміравання экспазіцыі і асноўнага наратыву выставы. І, магчыма, менавіта таму цяпер так шмат людзей прыходзіць на выставу, бо адчуваюць сваю датычнасць. Мне здаецца, вельмі важна захоўваць гэтую зваротную сувязь з гледачом.

Напрыклад, відэа Юзэфа Рабакоўскага «За маім акном» — адзін з тых выпадкаў, калі куратарскі і глядацкі выбар супалі. Хтосьці з гледачоў у сваёй анкеце опэн-кол напісаў, што хацеў бы яшчэ раз пачуць голас мастака ў асаблівай атмасферы.

Лена Прэнц: І мы працавалі над стварэннем гэтай асаблівай атмасферы. Мяне натхнялі тэксты архітэктаркі Дзіны Бо Бардзі. У 1950-я яна пісала пра задачу музея ствараць атмасферу, якая б ментальна настройвала наведвальнікаў на разуменне твораў мастацтва. Пра ломку храналогій і стварэнне лёгкага шоку, які б выклікаў у наведвальнікаў рэакцыю цікаўнасці і радасць адкрыцця. Мне падабаецца, калі выставачная прастора адкрываецца, калі размываюцца межы мастацтва і не-мастацтва. У стварэнні атмасферы на выставе прымаў удзел беларускі творца Уладзімір Грамовіч. Акрамя колеравай канцэпцыі для кожнай залы ён стварыў маленькі малюнак-каментар, які перадае эмоцыю залы.

Таццяна Качубінская: Сама экспазіцыя выбудоўваецца тэматычна. Праз такія ключавыя тэмы, як каханне, каштоўнасці, памяць і блізкасць, мы задаём пытанні: «Што такое твор мастацтва? Якая роля мастака? Якім можа быць узаемадзеянне паміж гледачом і мастаком?». Адзін з блокаў прысвечаны інстытуцыянальнаму ўзаемадзеянню паміж мастаком, гледачом, гісторыяй і мовай мастацтва. Наступныя блокі раскрываюцца праз канкрэтныя тэмы — страхі, унутраныя канфлікты, міграцыю, выключэнне. Завяршаецца экспазіцыя разважаннем аб мастацтве як візіянерскім поглядзе, як прасторы, дзе магчыма думаць пра будучыню.

Важна адзначыць, што сама экспазіцыя выходзіць за межы традыцыйных выставачных залаў «Арсенала». Яна ахоплівае нечаканыя і прамежкавыя прасторы самога будынка — фае, лесвіцу, рэцэпцыю — а таксама выходзіць за межы музея. За межамі «Арсенала» мы экспануем 25 твораў — у розных грамадскіх прасторах: гандлёвых цэнтрах, гістарычным музеі, палацы Браніцкіх, на радыё, у карпусах мясцовага ўніверсітэта і іншых месцах. У сённяшняй сітуацыі, калі адчуваецца абсалютны недавер і нявер’е ў міжнародную дыпламатыю, калі здаецца, што свет літаральна распадаецца, мы разглядаем мастацтва як прастору камунікацыі і магчымасці для размовы. Таму мы пашыраем і фарміруем такія прасторы па ўсім горадзе пры дапамозе мастацтва, што адлюстроўвае слоган нашай выставы: «Арсенал для кожнага. Арсенал усюды».

Оскар Давіцкі «Месца ў сэрцы». Інсталяцыя, 2008. Фота: Ян Шэўчык

— У такім выпадку, як на выставе адлюстраваная наша сённяшняя рэальнасць — вайна, дыктатура, праз якія працы, праз якія погляды? У якой ступені гэтая калекцыя і ваша выстава засведчваюць нашы праблемы?

Таццяна Качубінская: Наша выстава створана на аснове «Калекцыі II» «Арсенала», як мы ўжо казалі ў самым пачатку. Мы будуем аповед на існуючых працах з калекцыі, але гэта не значыць, што мы пазбягаем нашага часу. З дапамогай гэтай выставы, распаўсюджваючы яе ў грамадскіх прасторах, мы разглядаем мастацтва як адну з рэдкіх магчымых формаў камунікацыі ў свеце, які разбураецца. Мы ствараем насуперак гэтай вар’яцкай рэальнасці ачагі ўзаемадзеяння праз мастацтва.

Фатаграфія Дзіяны Лелёнэк «Выхад людзей з галерэі» (2021) размешчана ў будынку гарадскога кіраўніцтва Беластока. Фота: Ян Шэўчык

Але безумоўна ў калекцыі ёсць некаторыя працы, якія з сённяшняга пункту гледжання чытаюцца зусім інакш, чым тады, калі яны былі зроблены. Напрыклад, у мэрыі горада мы экспануем фатаграфію Дзіяны Лелёнэк «Выхад людзей з галерэі» (2021), на якой паказаны постапакаліптычны ландшафт. Гэтая праца была звязана з сітуацыяй COVID-19 і прадчуваннем страшнай будучыні. Сёння яна ўспрымаецца ўжо не як прадчуванне, а як наша цяперашняя рэальнасць. Разбураныя дамы, катастрофа, знішчэнне ландшафту — гэта штодзённасць Украіны. І не толькі Украіны — гэта рэальнасць многіх краін, дзе сёння ідуць войны.

Лена Прэнц: Дарэчы працягнуць тут згадваннем відэа Аляксандра Камарова, якое будзе паказана 29 чэрвеня ў 12.00. Гэта выдатны мастацкі твор пра палітыку моўнай ідэнтычнасці. Праца называецца «Паліпадуацэнне» — выдуманае слова, якое толькі гучаннем нагадвае беларускае. Камароў здымаў гэты фільм з беларускімі эмігрантамі ў Батанічным садзе ў Амстэрдаме, дзе большасць раслін — расліны-мігранты. І больш за тое, гэта вымушаная міграцыя, таму што звязана з каланіяльнай палітыкай. У апошнія гады паралель паміж раслінамі і міграцыяй стала па-сапраўднаму трэндавай. Але ж Аляксандр зрабіў гэты праект 13 гадоў таму. Працуючы над выставай, мы не раз дзівіліся, як мастачкі і мастакі, прадстаўленыя ў калекцыі «Арсенала», прадбачылі падзеі і адчувалі «болевыя кропкі», якія праз некалькі гадоў з’явяцца ў грамадскім і мастацкім дыскурсах.

Малгажата Мірга-Тас. «Phuter o Jakha». Фота Ян Шэўчык

— Некаторыя працы будуць паказаныя ў прыватных кватэрах. Гэта значыць, што жыхары горада пагадзіліся размясціць працу і потым прымаць наведвальнікаў?

Лена Прэнц: Праграма ўсіх мерапрыемстваў ужо размешчаная на сайце «Арсенала». Той, хто паказвае ў сябе дома твор мастацтва з калекцыі, запрашае да сябе ў пэўны дзень на гарбату — наведвальнікаў, дырэктарку «Арсенала» і нас, куратарак.

— Гэта цікавы фармат. Чаму нейкія працы апынуліся ў прыватнай прасторы, а іншыя — у грамадскай?

Лена Прэнц: Не ўсе працы з галерэі можна паказваць за яе межамі. Каляжанкі з «Арсенала» вельмі шмат зрабілі для таго, каб ідэнтыфікаваць і месцы ў публічнай прасторы, і інстытуцыі, у якіх можна паказваць творы мастацтва з калекцыі ў рамках нашай выставы, і прыватных персон. «Арсенал» ведае сваю публіку, ён яе па сутнасці і выгадаваў. Таму ў індывідуальных размовах вырашалася, якія работы зменяць месца сваёй прэзентацыі, дзе яна будзе адбывацца і на які час.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала». Фота: Ян Шэўчык

— Вы працавалі з калекцыяй, у якой ёсць працы беларускіх мастакоў. Мы ўжо назвалі Камарова, ёсць яшчэ Лявон Тарасевіч, Ігар Кашкурэвіч, Марына Напрушкіна, група «Рэвізія» (Андрэй Дурэйка, Жанна Грак, Андрэй Логінаў, Максім Тымінько, Максім Вакульчык), Сяргей Шабохін… Я хацела вярнуцца да асобы Монікі Шэўчык, якая яшчэ да вайны ва Украіне і да нашых падзей 2020-га цікавілася ўкраінскім і беларускім мастацтвам. Арганізоўвала калектыўныя і індывідуальныя праекты, запрашала куратараў. Чаму ў яе такое стаўленне да Усходняй Еўропы?

Лена Прэнц: Мне здаецца трошкі дзіўным гэтае пытанне, таму што калі намі не цікавяцца, нас гэта раздражняе, але калі намі цікавіцца, мы ўспрымаем гэта як нешта падазронае.

Моніка Шэўчык — візіянерка. Яна ў досыць маладым узросце стала дырэктаркай галерэі «Арсенал». І як кіраўнічка інстытуцыі вельмі дакладна, з поглядам у будучыню, вызначыла яе фокус і кірунак. Геаграфічнае размяшчэнне Беластока на перыферыі Польшчы, на мяжы з Беларуссю і Украінай яна зрабіла перавагай. Пад бокам знаходзіцца неверагоднае мастацтва, якое не трапляе пад пражэктары міжнародных арт-інстытуцый, куратараў, калекцыянераў. І Моніка нястомна рабіла і робіць усё, каб гэта мастацтва стала бачным. Што ўключае ў сябе бесперапынны інтарэс, ангажаванасць, падтрымку сувязяў, клопат, любоў да мастацтва, але і гатоўнасць цягнуць усю дадатковую арганізацыю і бюракратыю.

Калі ўспомніць гады, калі ў Польшчы было больш сродкаў, чым цяпер, на прасоўванне сучаснага мастацтва і любая арт-інстытуцыя ў Польшчы магла падаць заяўку ў міністэрства, каб атрымаць гранты на праекты супрацоўніцтва з Усходняй Еўропай, то практычна ніхто гэтага не рабіў, таму што гэта азначала шмат бюракратыі, шмат цяганіны. Хто гэта рабіў? Часам адна толькі Моніка.

Аляксандра Чарняўска «Вяселле». Алей, 2008. Фота: Ян Шэўчык

— І Цэнтр сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі»…

Лена Прэнц: Цалкам магчыма, што «Замак Уяздоўскі» будзе працягваць гэтую палітыку з новай дырэктаркай Аннай Лазар, якая і раней паказвала шмат беларускіх і ўкраінскіх праектаў. Але вернемся да Монікі Шэўчык. Моніка заўсёды адчыняла дзверы для мастацтва, якому ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х было вельмі цяжка знайсці свой шлях на міжнародную сцэну. Напрыклад, я дзякуючы Моніцы пазнаёмілася з многімі мастакамі з Украіны, Арменіі, Грузіі, таму што яна збірала ўсіх у сябе, каб мы размаўлялі і знаёміліся.

Таццяна Качубінская: Мне здаецца, што карэктней было б спытаць саму Моніку пра яе стаўленне да мастацтва Усходняй Еўропы. У адной з нашых размоў яна згадвала, што, калі ўпершыню прыехала ў Кіеў, яе здзіўляла, чаму многія не гатовыя знаёміцца, адкрывацца і паказваць тое мастацтва, якое яшчэ не адбылося ці, скажам, не легітымізаванае міжнароднай экспертызай — у дадзеным выпадку я кажу пра ўкраінскае мастацтва. І Моніка паглядзела туды, куды звычайна не глядзелі. Напэўна, у гэтым і заключаецца яе візіянерства — глядзець туды, куды не прынята было глядзець, кіравацца сваёй інтуіцыяй, сваёй цікавасцю, а не навязанай звонку нормай.

Гэта, на мой погляд, кажа аб парытэтнасці яе погляду, аб адсутнасці дзялення на «цэнтр» і «перыферыю». Хоць, вядома, мы разумеем, што цэнтры існуюць, і мы так ці інакш на іх арыентуемся. Але для мяне вельмі важна, што Моніка пачала глядзець у «наш» бок яшчэ да, скажам, вайны, да 2014 года, калі паўстала медыйная позва: вось цяпер мы трошкі падтрымаем мастакоў Блізкага Усходу, потым у нас будзе квота на ўкраінцаў, і гэтак далей…

Для мяне сапраўды важна, што яе цікавасць да ўкраінскага мастацтва паўстала не з-за палітычнай кан’юнктуры, не таму што гэта стала актуальным, а знутры — з жадання не ісці па пракладзенаму шляху, а шукаць свой.

***

Выстава «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала» будзе працаваць у Беластоку да 7 верасня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!