Кадр з фільма "Я запаліла полымя!" Валерыі Лемяшэўскай
Дакументальны фільм Валерыі Лемяшэўскай «Я запаліла полымя!» атрымаў спецыяльную адзнаку на Міжнародным фестывалі Doclisboa.
Дэбютная поўнаметражная карціна беларускай аўтаркі, створаная ў капрадукцыі з кыргызскімі і азербайджанскімі прадзюсарамі, была паказана ў секцыі «Зялёныя гады».
Фільм нарадзіўся з сустрэчы беларускай кінематаграфісткі ў выгнанні і дзесяцігадовай дзяўчынкі з Баткенскай вобласці Кыргызстана.
«Камера стала мовай нашых зносін, — распавядала пра карціну Валерыя. — Для дзяўчынкі — магчымасцю па-новаму зірнуць на звыклы свет, асэнсаваць сябе, для мяне — спосабам пераадолець пачуццё страты і пошуку прыналежнасці далёка ад радзімы.
Гэтая сустрэча паступова ператварылася ў культурны абмен, дзе адрозненні пакаленняў і традыцый перасталі быць мяжой, а сталі крыніцай узаемнага ўзбагачэння. Фільм стаў прасторай, у якой асабістая гісторыя дзяўчынкі і мой досвед пераплятаюцца, адкрываючы магчымасць знайсці агульную мову праз мастацтва і супольнае пражыванне вобразаў».
Валерыя Лемяшэўская нарадзілася ў 1993 годзе ў Беларусі. Яе шлях у мастацтве пачаўся з вывучэння дызайну ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а потым працягнуўся ў Санкт-Пецярбургскай школе новага кіно, дзе яна займалася эксперыментальнай рэжысурай. Мастацкае бачанне Валерыі фармавалася пад уплывам яе досведу ў жывапісе, анімацыі і графіцы, а таксама шматлікіх падарожжаў і пагружэння ў розныя культурныя кантэксты. У даробку аўтаркі эксперыментальныя і дакументальныя кароткаметражныя працы: «Раздарожжа», «Нітка», «Безыменны», «Ціхі ход» ды іншыя.
Зараз Валерыя выкладае гісторыю кіно і тэорыю мантажу ў Compass College у Бішкеку.
Нагадаем, што гэта не першая ўзнагарода беларускаму аўтару на фестывалі ў Партугаліі — у 2022 годзе дакументальна-ігравая карціна Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Мінску» ўзяла Гран-пры DocLisboa.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram