Стэнд беларускіх выдавецтваў распачаў працу на кніжным кірмашы ў Беластоку

19 красавіка ў Беластоку распачаў працу 11-ты кніжны кірмаш і літаратурны фестываль «На памежжы». Форум не абышоўся без беларускай кнігі: на сумесным стэндзе беларускіх выдавецкіх ініцыятываў можна знайсці выданні: фонда Kamunikat, выдавецтва «Янушкевіч», Vesna Books, Gutenberg Publisher, «Пфляўмбаўм», Skaryna Press, «Мяне няма».

Можна сказаць, што ў межах выставы-продажу працуе філіял варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Менавіта кнігарня і фонд Kamunikat з’яўляюцца арганізатарамі беларускага стэнда, які сёлета знаходзіцца ў «Арт-зоне» на другім паверсе прасторы кірмашу (Stadion Miejski w Białymstoku, ul. Słoneczna 1).

Як абяцала выдавецтва «Янушкевіч», у Беластоку можна будзе набыць усе апошнія хіты ды навінкі беларускіх аўтараў і замежных пісьменікаў, выдадзеных у перакладзе на беларускую мову. У прыватнасці, Андрэй Янушкевіч звяртае ўвагу на новае перавыданне рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», якое прадстаўлена на стэндзе.

Беларускія кнігі на Беластоцкім кніжным кірмашы.Фота: Алесь Аркуш.

У праграме літаратурнага фестывалю гэтаксама чакаюцца выступы Валянціны Аксак і Уладзіміра Арлова. З беларускімі пісьменнікамі можна будзе сустрэцца 20 красавіка з 12 да 13 гадзіны ў «Арт-зоне» (Strefa Sztuki), якую ладзіць Падляшскі аўкцыённы дом. Гэтаксама ў гэты ж дзень з 11 па 12-ю гадзіну Алесь Аркуш будзе падпісваць сваю кнігу «Вечар — як сон, у якім шмат агнёў».

Працягнецца праца кніжнага фестывалю да 21 красавіка. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!